Беларусы сталі менш піць

Паводле апошняй справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сярод пітушчых краін Беларусь апусцілася з другога месца на дваццаць сёмае.
asport-info.ru

asport-info.ru

З 2010 па 2016 год, за якія прыводзіцца статыстыка, беларусы з самай пітушчай нацыі ў свеце апынуліся ў сярэдзіне рэйтынгу краін Еўропы. У нас на аднаго чалавека выпіваюць 11,2 літра. Больш за ўсё п'юць у Малдове — 15,2 літра.

Такім чынам, Беларусь не ўваходзіць нават у дваццатку пітушчых краін. Гэта апошнія дадзеныя, але яны актуальныя на 2016 год, таму што збіраліся за гэты перыяд.

У выніку Беларусь займае 27-е месца ў свеце па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва ва ўзросце ад 15 гадоў, і гэта 11,2 літра чыстага спірту. Першае месца з 15,2 літра заняла Малдова, другое — Літва (15 літраў), трэцяе — Чэхія (14,4 літра), чацвёртае — Германія (13,4), пятае Люксембург (13 літраў). У Польшчы выпіваюць 11,6 літра, у Расіі — 11,7 літра, ва Украіне — 8,6 літра.

Калі судзіць па дадзеных СААЗ, то Еўропа традыцыйна — самая пітушчая частка свету.

Яшчэ летась паведамлялася, што, па дадзеных СААЗ, у нас на той жа 2016 год 16,4 літра алкаголю на чалавека, і гэта другое месца ў свеце пасля Літвы. Аднак, той рэйтынг быў прагназаваным, і, як бачым, ён не апраўдаўся.

Дадзеныя нацыянальнай статыстыкі адрозніваліся ад дадзеных СААЗ. Паводле звестак Белстата, беларусы выпілі ў 2016 годзе 8,8 літра алкаголю на душу насельніцтва. У 2015 годзе — 9,3 літра. Як стала вядома, нацыянальная статыстыка ўлічвае паказчык продажаў алкаголю, разлічваючы яго на ўсе групы насельніцтва. СААЗ жа, улічваючы ацэнкі экспертаў, выводзіць паказчык спажывання алкаголю на людзей з 15 гадоў.

Цікава, што, паводле статыстыкі СААЗ, у 2011 годзе нашы грамадзяне выпілі 17,31 літра алкаголю на душу насельніцтва. У наступныя гады спажыванне алкаголю падала: 16,35 літра ў 2012 годзе, 14,66 — у 2013-м, 13,94 — у 2014-м.

Нагадаем, што раней у асобным дакладзе СААЗ, прысвечаным менавіта спажыванню алкаголю і здароўю, на кожнага жыхара нашай краіны старэйшага за 15 гадоў у 2010 годзе прыпадала па 17,5 літра алкаголю. На той момант мы былі самай пітушчай нацыяй у свеце.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць