Беларусы стварылі інтэрактыўную карту судоў, дзе бачная статыстыка штрафаў і сутак арышту

Беларусы стварылі інтэрактыўную карту судоў з імёнамі і «заслугамі» суддзяў, на якой бачная статыстыка штрафаў і сутак арышту, выдадзеных кожным асобным суддзёй.


Праект запусціла каманда ZUBR пры экспертнай падтрымцы праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Ён атрымаў назву «Грамадзянскі кантроль судовай сістэмы», перадае TUT.BY.

На сайце праекта можна ўбачыць спіс судоў па раёнах і рэгіёнах, спіс суддзяў, якія адносяцца да гэтых судоў, а таксама агульную колькасць штрафаў і сутак, выдадзеных у гэтым судзе. Таксама можна паглядзець інфармацыю пра кожнага асобнага суддзю, уключаючы тэрміны іх прызначэння, дадзеныя аб вынесеных рашэннях.

Паводле звестак ZUBR (сабраных на падставе запісаў праваабарончага цэнтра «Вясна»), агульная колькасць «сутак», прызначаных судамі ў 2020 годзе, складае 28527, а сума штрафаў перавысіла мільён беларускіх рублёў.

Таксама на галоўнай старонцы бачная статыстыка самых «адзначаных» суддзяў. Напрыклад, па дадзеных платформы, суддзя Максім Трусевіч выдаў штрафаў на 40725 рублёў і 1377 сутак адміністрацыйнага арышту.

Інфармацыю для сайта аўтары праекта бралі ў адкрытых крыніцах і заклікаюць карыстальнікаў ўнесці свой унёсак у праект, падзяліўшыся дадзенымі аб суддзях і судах. Таксама карыстальнікі магу дадаць дадзеныя аб сваіх рашэннях, калі іх няма на сайце — гэта можна зрабіць і ананімна.

Праект будзе развівацца і дапаўняцца новым функцыяналам, такім як рэйтынг судоў і суддзяў, база ведаў аб тым, як далучыцца да назірання за судовымі працэсамі. Зараз у базе сабрана больш за 1400 суддзяў, усе суды (больш за 100) і інфармацыя пра больш чым 6000 судовых рашэнняў па адміністрацыйных справах па матэрыялах пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна».

Як заяўляе Яна Ганчарова, праваабаронца з Human Constanta, гэты праект можа стаць першым крокам да больш адкрытых судоў і ўключэння грамадзян у кантроль: «У Беларусі судовая сістэма абсалютна закрытая. У нас не публікуюцца судовыя рашэнні, некаторыя суды праходзяць у закрытым рэжыме без якіх-небудзь на тое падстаў, нават трапіць у суд — часам не самы просты квэст. Толькі пасля жнівеньскіх падзей грамадства ў большасці сваёй пачало разумець, наколькі гэтая сістэма нефункцыянальная і працуе супраць грамадзян, а не на іх абарону. Наша прамежкавая мэта — падсвятліць гэтую праблему больш кропкава, паказаць тых, хто прымае загадзя несправядлівыя рашэнні, і ацаніць маштабы. Таксама мы б хацелі прыцягнуць да тэмы назірання за судамі больш людзей, растлумачыць ім, што такое грамадзянскі кантроль і чаму важна хадзіць у суды і назіраць за працэсамі. Гэта таксама будзе рэалізавана на гэтай платформе».

Па словах Паўла Патапава, кіраўніка праекта, ідэя праекта ўзнікла яшчэ ў жніўні, бо «пасля завяршэння прэзідэнцкай кампаніі прыйшло разуменне, што іншая дзейнасць беларускай дзяржавы таксама закрытая і непразрыстая і можна пашырыць поле нашай актыўнасці, не абмяжоўваючыся толькі выбарамі».

«Дадзеныя збіраліся камандай “Зубра”. Усю інфармацыю бралі з адкрытых крыніц: сайты выканкамаў, сайты судоў, сайт Вярхоўнага суда. Таксама нам дапамагалі валанцёры з Human Constanta. Яны прайшліся па ўсіх указах прэзідэнта за папярэднія гады, і з гэтага мы склалі найбольш поўную і дакладную базу», — дадаў ён.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: