Беларусы стварылі петыцыю, каб высветліць, навошта Віцебская БХМД закупае мяшкі для трупаў

Віцебская БХМД за паўгода закупіла 520 мяшкоў для трупаў пры гадавой неабходнасці ў 50.

Беларусы стварылі петыцыю з патрабаваннем патлумачыць, для якіх мэт УАЗ «Віцебская гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі» за няпоўныя 6 месяцаў закупіла 520 патолагаанатамічных пакетаў.

На сайце дзяржзакупак прысутнічаюць тэндары, паводле якіх Віцебская БХМД у красавіку і ліпені 2021 года ўжо закупіла 400 пакетаў патолагаанатамічных на агульную суму 3 800 рублёў. У жніўні быў абвешчаны яшчэ адзін тэндар на закупку 120 пакетаў з тэрмінамі пастаўкі 1-7 верасня.

Больш за тое, паводле даных сайта дзяржзакупак, менавіта Віцебская БХМД у 2021 годзе закупляла мяшкі для трупаў больш актыўна, чым іншыя ўстановы аховы здароўя Беларусі.

Аўтары петыцыі адзначаюць, што кіраўніца аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віцебскай абласной клінічнай лякарні Юлія Кастрова ў траўні 2020 года гаварыла, што гадавая патрэба ўстановы ў патолагаанатамічных пакетах — усяго 50 штук. Так, гэта іншая ўстанова аховы здароўя, аднак нельга не адзначыць ашаламляльную розніцу ў патрэбах.

Петыцыя будзе адпраўленая ў БХМД Віцебска з патрабаваннем даць адказы на пытанні:

— Чым абумоўлена закупка 520 мяшкоў для трупаў за няпоўныя 6 месяцаў?
— Якая сярэднямесячная / сярэднегадавая патрэба ў патолагаанатамічных пакетах ва ўстанове аховы здароўя?
— Ці звязана закупка з вялікай смяротнасцю пацыентаў ўстановы ад COVID-19?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: