Беларусы ў Вільні ўшанавалі памяць Францішка Аляхновіча

9 сакавіка ў Вільні на могілках Росы дэлегацыя з 17-ці сябраў і прыхільнікаў Руха Салідарнасці «Разам» правяла традыцыйную акцыю ўшанавання памяці выбітнага беларускага драматурга і літаратара, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнага тэатра, палітвязня царскага і савецкага рэжымаў, Францішка Аляхновіча. Ён быў забіты ў Вільні 75 гадоў таму – 3 сакавіка 1944 года.
Дэлегацыя Руха Салідарнасці "Разам"

Дэлегацыя Руха Салідарнасці "Разам"

Ля сімвалічнай магілы з часовым помнікам выступілі: лідар Руха Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, каардынатар па міжнародных справах Ігар Лялькоў, актывісты Руха Андрэй Мельнікаў і Алена Скам’янава. Беларусаў шчыра вітаў вядомы літоўскі грамадскі дзеяч Стасіс Каўшыніс. Вяла акцыю сустаршыня Руха Алена Талстая.

9-га сакавіка – важная для Беларусі дата, бо ў гэты дзень 100 год таму была прынятая ІІ Устаўная грамата БНР. На 9-е сакавіка прыходзіцца і дзень народзінаў паэта-прарока Украіны Тараса Шаўчэнкі. «Вырвацца з „кіпцюроў ГПУ” – агульная задача і для беларусаў, і для ўкраінцаў, і для ўсіх народаў Міжмор’я, таму асаблівая павага і пашана Францішку Аляхновічу, які першым дэтальна апісаў дзейнасць антылюдскай маскоўскай спецслужбы», – адзначыў у сваёй прамове Вячаслаў Сіўчык. Па традыцыі, каля магілы прагучала малітва, якую прачытаў іераманах Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а.Вікенцій.

Завяршылася акцыя ўшанавання нацыянальным гімнам «Магутны Божа», воклічам «Жыве Беларусь», ускладаннем кветак і запальванне знічак.

racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!