Беларусы занялі другое месца пасля ўкраінцаў сярод замежнікаў у Польшчы

Ужо кожная дзясятая кампанія прыняла на працу кагосьці з Беларусі.
«Чаму я выбіраю Польшчу» – пад такім загалоўкам «Gazeta Wyborcza» друкуе артыкул пра беларусаў, якія пераехалі жыць у Польшчу. Паводле інфармацыі Упраўлення па пытаннях іншаземцаў, колькасць грамадзян Беларусі, якія атрымалі права пражывання ў Польшчы, вырасла да звыш 21 тысячы. Такім чынам беларусы занялі другое месца пасля ўкраінцаў сярод іншаземцаў у Польшчы. Ужо кожная дзясятая кампанія прыняла на працу кагосьці з Беларусі, а згодна прагнозам, будзе іх яшчэ больш, нават да 500 тысяч. Што прыцягвае беларусаў у Польшчы? Перш за ўсё вышэйшыя заробкі, але таксама большая стабільнасць і свабода.

За добрую працу ў Польшчы плацяць нават у тры разы болей, чым у Беларусі. Выданне прыводзіць прыклад Сяргея з Гродна. Ён працаваў у будаўніцтве, але заробкі былі малыя. Ён выбраў Расію, аднак там праца была надта цяжкай, умовы дрэннымі. І тады вырашыў пераехаць у Польшчу, хаця не ведаў мовы, ніколі раней не быў у краіне. І цяпер вельмі задаволены, зарабляе 16 злотых «на рукі» за гадзіну (4,2 долара). Аказалася таксама, што ён можа аформіць карту паляка, паколькі ў мамы ў пашпарце была ў графе прапісаная нацыянальнасьць: польская.

radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!