«Беларусы жывуць ва ўсё больш падзеленай краіне». Новае апытанне «Chatham House»

«Палярызацыя грамадства, якая расце, уяўляе сабой пагрозу для будучыні Беларусі па меры росту дэзінфармацыі, прапаганды і падтрымкі больш шчыльнай інтэграцыі з Расіяй», — да такой высновы прыйшлі эксперты «Chatham House Belarus Initiative» па выніках сацыялагічнага даследавання, прысвечанага Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Новае сацыялагічнае даследаванне беларускага грамадства, праведзенае арганізацыяй «Chatham House Belarus Initiative», паказвае, што прыхільнікі Лукашэнкі складаюць толькі чвэрць насельніцтва, а астатняя частка пароўну дзеліцца паміж прыхільнікамі пратэставага руху і больш пасіўнымі назіральнікамі.

Апытанне было праведзенае ў перыяд з 23 ліпеня па 3 жніўня 2021 года з выкарыстаннем метаду камп'ютарнага вэб-інтэрв'ю (CAWI) і разасланае розным групам, адпаведным агульнай структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэктавана паводле полу, памеру населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі рэспандэнтаў. Апытанне прайшлі 794 грамадзяніна Беларусі, статыстычная хібнасць не перавышае 3,5%.

Асноўныя высновы з апытання:

ЭЛЕКТАРАЛЬНЫЯ ПЕРАВАГІ

Дасведчанасць

- Пасля Лукашэнкі (яго ведаюць 95% апытаных) самыя вядомыя палітыкі ў Беларусі — пратэсныя: Ціханоўская (90%), Бабарыка (86%), Ціханоўскі (83%), Цапкала (75%), Калеснікава (68%) і Латушка (63%).
- Высокі ўзровень ведання лідараў апазіцыі робіць іх найбольш значнымі фігурамі на палітычнай арэне Беларусі нават сярод прыхільнікаў Лукашэнкі.
- Пры гэтым прыхільнікі дзеючай улады горш ведаюць дзяржаўных дзеячаў, адсюль — іх нізкія рэйтынгі і ўзровень даверу.

Рэйтынгі

- Рэйтынгі лідараў пратэсту значна перавышаюць рэйтынгі дзяржаўных чыноўнікаў, апошнія ўзначальваюць спісы «антырэйтынгаў».
- Віктар Бабарыка застаецца найбольш папулярным кандыдатам у прэзідэнты: 33% гарадскіх жыхароў Беларусі лічаць яго годным прэзідэнтам, 22% — найбольш годным. Яго антырэйтынг таксама адносна нізкі: крыху больш за 20% беларусаў заявілі, што ніколі не прагаласавалі б за яго.
- Лукашэнку ў ліпені лічылі найбольш годным прэзідэнтам 27% апытаных: яго электарат больш кансалідаваны, у той час як апазіцыянеры маглі б выбіраць паміж палітыкамі з падобнымі поглядамі. У той жа час каля паловы гарадскіх беларусаў кажуць, што ніколі не прагаласавалі б за яго.
- У парах галасавання лідзіруюць Бабарыка і Латушка: у выпадку, калі б яны засталіся ў раўндзе галасавання сам-насам з Лукашэнкам, за іх гатовыя былі б аддаць свае галасы каля паловы гарадскіх беларусаў.

Давер

- Як і ў выпадку з рэйтынгамі, лідарам пратэсту давяраюць значна больш, чым чыноўнікам (акрамя былога прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, які жыве па-за межамі Беларусі і якога многія не лічаць часткай дзеючага рэжыму).
- У ліпені вырасла доля тых, хто не ўпэўнены ў сваім стаўленні да дзяржаўных дзеячаў і да дзеячаў пратэсту: усё большая колькасць людзей не ведае, давяраць ім ці не.
- Узровень даверу да дзяржаўных структур і інстытутаў застаецца крайне нізкім: толькі арміі давярае прыкладна траціна беларусаў, у астатніх арганізацый узровень даверу яшчэ ніжэйшы.
- Незалежныя СМІ, прафсаюзы і праваабарончыя арганізацыі карыстаюцца значна большым даверам сярод беларусаў, чым дзяржаўныя.
- Усё больш людзей не могуць ясна выказаць сваё стаўленне да дзяржаўных інстытутаў — гэта можа гаварыць пра рост стомленасці ад палітыкі ў грамадстве.

МІЖНАРОДНЫЯ АДНОСІНЫ

Стаўленне да замежных дзяржаў

- Гарадскія беларусы па-ранейшаму лепш за ўсё ставяцца да Расіі: 78% — хутчэй добра, з іх кожны трэці — вельмі добра.
- Больш за 2/3 беларусаў добра ставяцца да Кітая — гэта другі па велічыні паказчык. Толькі ў 11% стаўленне хутчэй негатыўнае — найбольш нізкі ў параўнанні з іншымі краінамі.
- Стаўленне да краін Еўрасаюза ў цэлым дастаткова пазітыўнае: толькі нязначная частка насельніцтва ставіцца да іх дрэнна.
- Горш за ўсё па-ранейшаму ставяцца да Польшчы, Літвы і ЗША.
- У першых дзвюх краін доля негатыўна настроеных — 18%, да ЗША дрэнна ставіцца кожны чацвёрты гарадскі жыхар Беларусі.

Бягучыя адносіны з Расіяй

- Стаўленне да Уладзіміра Пуціна хутчэй пазітыўнае (57%), чым негатыўнае (27%). За апошнія месяцы стаўленне да яго ў большасці не змянілася, пры гэтым кожны трэці стаў ставіцца да яго горш.

Будучыня адносін з Расіяй і Захадам

- Адзіны рынак — самы прымальны варыянт супрацоўніцтва з Расіяй для 37% беларусаў, за ім стаіць зона свабоднага гандлю (33%). Іншыя варыянты не моцна падтрымліваюцца жыхарамі гарадоў.
- У параўнанні з красавіком, знізілася доля тых, хто лічыць, што Беларусі варта знаходзіцца ў саюзе як з Расіяй, так і з Еўрасаюзам. Цяпер значна больш беларусаў выступае за неўступленне ў геапалітычныя саюзы.
- Працягваецца тэндэнцыя на зніжэнне долі рэспандэнтаў, якія лічаць, што Беларусь павінна застацца ў АДКБ: цяпер яна складае 50% (у параўнанні з 63% у лістападзе).
- Зніжэнне адбылося як за кошт павелічэння долі тых, хто выступае за нейтралітэт, так і тых, хто выступае за ўступленне ў NATO.
- Беларусы маюць негатыўнае стаўленне да магчымасці размяшчэння расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі: амаль 40% выказаліся супраць. Кожны трэці выказвае абыякавасць да гэтай сітуацыі.

ГРАМАДСКІЯ НАСТРОІ

Агульныя настроі

- Нягледзячы на няспынныя рэпрэсійныя дзеянні ўлад, у ліпені больш беларусаў выказвала меншы непакой пра ўласную бяспеку.
- 2/3 беларусаў па-ранейшаму не згодныя з тым, што фінансавае становішча іх сямʼі ў апошні час палепшылася, тым не менш усё больш рэспандэнтаў не могуць даць дакладнага адказу на гэтае пытанне.
- Значна скарацілася доля беларусаў, якія цалкам згодныя, што Беларусь чакае цяжкі крызіс: цяпер амаль 40% не маюць меркавання па гэтым пытанні.
- 2/3 беларусаў працягваюць выступаць за перамовы ўлад з апанентамі і вызваленне палітвязняў.
- Доля жадаючых пакінуць Беларусь вырасла ў параўнанні з перыядам да каронавіруса на 10 п.п.— цяпер гэта амаль 40% гарадскіх жыхароў.
- Жаданне з'ехаць не так часта ператвараецца ў дзеянне: толькі ~ 4% сапраўды нешта робяць, каб пакінуць Беларусь.
- Акрамя таго, больш чым у 40% беларусаў сярод знаёмых ёсць тыя, хто пакінуў краіну за апошні год.

Пратэсты

- Стаўленне да пратэстаў стабільнае са студзеня 2021 года: прыкладна 40% гарадскіх беларусаў ставяцца да іх станоўча, яшчэ 40% — адмоўна.
- Большасць гарадскіх беларусаў падтрымлівае ўсе патрабаванні пратэсту (акрамя адстаўкі Лукашэнкі — за яе выступае 46%).
- Найбольш актуальным патрабаваннем застаецца расследаванне дзеянняў сілавікоў падчас пратэсту.
- За правядзенне новых, справядлівых выбараў, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і спыненне прымянення сілы выступае больш за 60%, пры гэтым пастаянна расце доля тых, хто сумняецца і не ўпэўнены.

Іншыя знаходкі

- Tut.by уваходзіў у ТОП-5 крыніц інфармацыі для беларусаў: яго ведае больш за 90% гарадскога насельніцтва. 40% лічыла Tut.by найважнейшай крыніцай інфармацыі, амаль палова — важнай. Па абодвух параметрах Tut.by з'яўляўся абсалютным лідарам сярод усіх астатніх крыніц.

Усе высновы з апытання «Chatham House Belarus Initiative» ў лічбах глядзіце тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: