Белсуд супраць «Белсату». Віцяблян аштрафавалі амаль на 1200 рублёў

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебску пакараў віцяблян Віталя Скрыля і Уладзімера Лунёва штрафамі ў памеры 24 базавых велічынь, прызнаўшы іх вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (частка 2 арт. 22.9 КаАП РБ).

Віталь Скрыль і Уладзімер Лунёў

Адміністрацыйную справу ў дачыненні да жыхароў Віцебску распачаў Аршанскі РАУС. Паводле пратаколу, Скрыль і Лунёў, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналістаў замежнага СМІ, нібыта бралі 17 студзеня ў жыхароў Воршы інтэрв’ю, фрагменты якога потым з’явіліся на тэлеканале “Белсат” у сюжэце “За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?”.

Справу ў Кастрычніцкім судзе Віцебску разглядаў суддзя Ілля Белавус. 

Месца правапарушэння — аддзел міліцыі…

Віталь Скрыль і Уладзімер Лунёў не прызналі сябе вінаватымі. Яшчэ на першым пасяджэнні Віталь Скрыль звярнуў увагу суду на шматлікія памылкі і парушэнні ў пратаколе. Напрыклад, хлопцаў вінавацілі толькі ў вырабе прадукцыі СМІ, хаця артыкул 22.9 у частцы 2 прадугледжвае пакаранне за “выраб і распаўсюд”. Прычым, паводле пратаколу, парушэнне было здзейсненае наўпрост у будынку райаддзела аршанскай міліцыі.

Абвінавачванні грунтуюцца толькі на здагадках і суб’ектыўных меркаваннях. Я прадукцыі СМІ не вырабляў, з тэлеканалам “Белсат” не супрацоўнічаў, наогул не з’яўляюся журналістам, і да мяне як да фізічнай асобы нельга прымяняць арт. 22.9”, — заявіў Скрыль. Гэткай жа пазіцыі прытрымліваўся і Уладзімер Лунёў. 

Як апынулася, у дачыненні маладых людзей, што размаўлялі з мінакамі на плошчы Леніна ў Воршы, мясцовае РАУС разгарнула сапраўдную спецаперацыю, у якой былі задзейнічаныя дзясяткі, калі не сотні, супрацоўнікаў.

Як сведчыла на першым судовым пасяджэнні супрацоўніца Аршанскага РАУС Лілія Трушко, яна натрапіла на сюжэт “Белсату” толькі 25 студзеня падчас маніторынгу інтэрнэту.

 

 

Трушко распавяла, што, пабачыўшы сюжэт, узгадала, што 17 студзеня на плошчы Леніна ў Воршы праводзілася аператыўная відэафіксацыя. Каб высветліць асобы тых, хто здымаў і даваў інтэрв’ю, відэаматэрыялы разаслала па ўсіх падраздзяленнях РАУС. Сцвердзіла, што звесткі аб віцяблянах атрымала з ДАІ. Як потым высветлілася, супрацоўнікі ДАІ ў той самы дзень спынялі аўтамабіль Лунёва на выездзе з Воршы.

Маёр міліцыі Трушко не магла выразна адказаць, чаму вырашыла скласці пратакол, не магла прыпомніць, як дакладна гучыць 2-я частка артыкулу 22.9 КаАП, заявіла, што не ведае Закону аб СМІ. 

Відэафіксацыя ў якасці доказу

Асноўным доказам здзяйснення віцяблянамі адміністрацыйнага правапарушэння быў запіс відэафіксацыі, які дэманстравалі ўсім сведкам. У тым ліку — траім жыхарам Воршы, якія трапілі ў відэасюжэт “Белсату” і таксама былі ідэнтыфікаваныя і выкліканыя ў суд. Толькі адзін з іх з пэўнасцю заявіў, што пазнае тых людзей, якія размаўлялі з ім у Воршы. Ніхто не адказаў, як былі апранутыя іх суразмоўцы, але ўзгадалі, што журналістамі сябе не называлі.

Як заявіў падчас першага пасяджэння Віталь Скрыль, ён і сам не здолеў бы апазнаць самога сябе на гэтых здымках, калі б сапраўды фігураваў на іх. Бо здымкі вяліся здалёк, без гуку і часцей са спіны. А тыя, хто апытваў аршанцаў, працавалі ў капюшонах.

Дарэчы, у якасці сведкі на судзе выступіў і супрацоўнік міліцыі, які ажыццяўляў у той дзень аператыўныя відэаздымкі. “Чаму вы так упэўненыя, што гэта не вашы здымкі трапілі ў відэасюжэт?” — запытаўся ў яго Віталь Скрыль, але адказу не атрымаў. Судом былі таксама апытаныя начальнік аддзялення аршанскай ДАІ і інспектар, які спыняў аўто віцяблян. 

Скрыль: Мы карысталіся канстытуцыйным правам

Напрыканцы другога пасяджэння, якое адбылося 22 лютага, Віталь Скрыль зноў спрабаваў запэўніць, што прысутнічае ў судзе ў якасці фізічнай асобы, а адказнасць за парушэнні закона аб СМІ нясе сродак масавай інфармацыі, то бок юрыдычная асоба.

 

Віталь Скрыль у Кастрычніцкім судзе Віцебску 

“Увесь гэты час у судзе даказвалася толькі тое, што мы 17 студзеня былі ў Воршы і спрабавалі атрымаць інфармацыю ад жыхароў гораду. То бок увесь гэты час даказвалася тое, што мы знаходзіліся ў Воршы законна і дзейнічалі ў адпаведнасці з Законам, карыстаючыся сваімі канстытуцыйнымі правамі на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі. І ў тым, што на нас быў складзены пратакол, я бачу спробу абмежаваць нас у канстытуцыйных правах”, — заявіў Скрыль.

Нягледзячы на гэтыя аргументы, а таксама на тое, што суд атрымаў афіцыйны ліст з рэдакцыі тэлеканалу “Белсат”, у якім сцвярджаецца, што ні Скрыль, ні Лунёў не звязаны з тэлеканалам працоўнымі адносінамі, суддзя Ілля Белавус вынес рашэнне пакараць Віталя Скрыля штрафам у памеры 24 базавых велічынь (588 рублёў). Такое ж пакаранне атрымаў і Уладзімер Лунёў.

Віцябляне збіраюцца абскардзіць рашэнне Кастрычніцкага суду. 

Павал Левінаў: Справа мела палітычны характар

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што справа мела выразна палітычны, заказны характар.

“Сведчаннем таму не толькі сама пастанова суду, у якой адсутнічаюць доказы віны. Іх і быць не магло, бо самой віны таксама няма. Нават калі ўявіць сабе, што хлопцы насамрэч рабілі тое, у чым іх абвінавацілі, дык атрымліваецца, што яны проста рэалізоўвалі сваё права на атрыманне інфармацыі, гарантаванае арт. 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І падвяргаць людзей адміністрацыйнай адказнасці за рэалізацыю гэтага права — гэта ўвогуле нонсенс!” — мяркуе Левінаў.

Заўважае таксама, што ў судовай залі ўвесь час прысутнічалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў у цывільнай вопратцы, некалькі чалавек “дзяжурылі” ў калідоры.

Было зразумела, што гэтая справа для іх не звычайная і знаходзіцца пад пільным кантролем. І, адпаведна, была вынесеная такая пастанова, якая неабходная ўладзе, каб задушыць любую праяву свабоды слова”, — дадаў праваабаронца. 

Зміцер Міраш, vitebskspring.org
Фота аўтара


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!