«Белы мядзведзь» з Беларусі ўратаваў аўтобус у Варшаве. І імгненна набыў папулярнасць у палякаў

Польскі тэлеканал TVN 24 у праграме «Факты па палудню» паказаў сюжэт, у якім хлопец падчас завеі, калі ў Варшаве на заснежанай дарозе захрас ды забуксаваў аўтобус, не разгубіўся, а падышоў ды пачаў пхаць яго. 

Фота Кацярыны Грушэцкай

Фота Кацярыны Грушэцкай

Карэспандэнт далучыўся да хлопца і даведаўся, што ён — з Беларусі. Відэа сюжэта ўжо робіць фурор у польскіх і беларускіх сетках. Як высветлілася, гэты хлопец з’ехаў з Беларусі на хвалі апошніх падзей, а зараз у Варшаве падчас мерапрыемстваў беларускай дыяспары яго часта можна ўбачыць у касцюме белага мядзведзя — таго самага, які ў нядзелю 7 лютага танчыў з беларускамі чэлендж «Jerusalema» на Дні Салідарнасці з Беларуссю.

І галоўнае — акцыя па вызваленню аўтобуса завяршылася поспехам. У сюжэце за 8 лютага TVN 24 журналіст праграмы Faktypo Południu Павел Лукасік (Paweł Łukasik) у прамым эфіры з вуліцы Бельведэрскай у Варшаве бярэ інтэрв’ю ў пасажыраў, якія, вяртаючыся з працы, былі вымушаныя выйсці з аўтобуса і ісці пешшу: на заснежанай дарозе паўстаў вялізны транспартны затор і аўтобус не едзе ўгору.

У сюжэце бачна, што аўтобус забуксаваў і папросту не можа крануцца з месца. І той момант, калі журналіст бярэ інтэрв’ю з пасажыркай, нейкі хлопец, мінак на заднім плане, не кажучы ні слова і не звяртаючы ні на каго ўвагі, папросту падыходзіць да яго і пачынае, дапамагаючы кіроўцы і ратуючы пасажыраў, адчайна пхаць аўтобус. Журналіст заўважае гэта і пераключае ўсю ўвагу на хлопца. Ён параўноўвае яго з вобразам з плакатаў 80-х, а потым і сам далучаецца. Бачна, што журналіст знаходзіцца ў лёгкім шоку ад убачанага, бо прамаўляе: «Пхаць можна легкавы аўтамабіль, але з аўтобусам... нават не ведаю».

Падчас сумеснага акта ратавання журналіст спрабуе ўзяць яшчэ і інтэрв’ю ў невядомага героя, пытаючы, ці спяшаецца той дадому. Але той адказвае на ламаным польскім, што не размаўляе па-польску. Тады Павел Лукасік пытаецца ў хлопца адкуль ён, на што чуе адказ: «З Беларусі». Калі журналіст заўважае, што хіба за дужы аўтобус, хлопец аджартоўваецца, што ў Расіі пхалі самалёт (такое сапраўды было — 6 гадоў таму пасажыры ў Ігарцы пхалі Ту-134, які таксама захрас, дарэчы — паспяхова).

Журналіст яшчэ хацеў высветліць, ці часты такі спосаб дапамогі ў Беларусі, але хлопец не зразумеў пытання. Урэшце разам яны далі рады і аўтобус напраўду паехаў. Лукасік пасля гэтага незвычайнага ўчынку хацеў узяць яшчэ пару слоў у героя, але той папросту сціпла развітаўся, спаслаўшыся, што не разумее па-польску, і пайшоў сваёй дарогаю.

Сюжэт хутка зрабіў фурор, пра яго напісалі польскія медыі, шмат пайшло пастоў у сацсетках сярод беларускай дыяспары. Школы польскай мовы ў Варшаве пачалі шукаць героя, каб прапанаваць яму сваё навучанне, пры тым што бясплатна!

Праз пэўны час, дзякуючы інфармацыі, якая хутка разляцелася па сацсетках, атрымалася адшукаць хлопца. Яго завуць Дзмітрый Салагуб, раней ён жыў у Мінску ў раёне Каменная горка. У Варшаве каля 2 месяцаў, з’ехаў на хвалі тых сумных палітычных падзей, якія зараз адбываюцца на Беларусі.

Цяпер у Варшаве ён шукае да наймання кватэру, падпрацоўвае ў роставай фігуры вялізнага белага мішкі. Адразу далучыўся да дзейнасці беларускай дыяспары ў Польшчы, ездзіў валанцёрам да дзетак ў Бялу, каб падараваць ім святочны настрой, бярэ ўдзел ў мітынгах, а ў мінулую нядзелю таньчыў разам з беларусачкамі чэлендж «Jerusalema» на Дні Салідарнасці з Беларуссю.

А зараз вось, моўчкі дапамагае тым, хто трапіў у праблемную сітуацыю, аўтобусы пхае. Наш сціплы Герой і сапраўдны Мужчына. Гэта вам не дзяўчат з кветкамі разганяць ці дробнымі подласцямі займацца, лепячы на чужыя вокны свае налепкі.


Фота Кацярыны Грушэцкай

Дарэчы, на вывучэнне польскай мове Дзмітрый ужо даў згоду адной з моўных школ.


 

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: