Берасцейскія мытнікі назвалі Скарыну «чалавекам з невядомай сімволікай»

7200 налепак суполкі «Мая краіна Беларусь» з выявамі нацыянальнай сімволікі, канфіскаваныя берасцейскімі мытнікамі, адправілі на экспертызу. Пра гэта паведаміў адзін з адміністратараў суполкі Сяргей Бяспалаў.


Іншы адміністратар суполкі, студэнт аднаго з мінскіх ВНУ, уязджаў 1 лютага ў Беларусь з Украіны праз пераход «Хаціслаў». Падчас асабістага дагляду мытнікі знайшлі друкаваную прадукцыю ў асабістых рэчах і склалі пратакол. У акце адбору гаворыцца, што «змест некаторых налепак, як мяркуецца, мае экстрэмісцкі характар».

Сканфіскаваныя налепкі дзевяці відаў. Сярод іх выявы герба «Пагоня», Францішка Скарыны і бел-чырвонага белага сцягу.


У тэксце рашэння гербы «Пагоня» і «Калюмны», а таксама лагатып суполкі фігуруюць як «невядомая сімволіка». Францішка Скарыну мытнікі назвалі «чалавекам з невядомай сімволікай».

У рашэнні пра прызначэнне пералік налепак прадстаўлены наступным чынам:

1. Налепка «500 гадоў Беларускай Бібліі» з выявай чалавека (Францішак Скарына — РС) з невядомай сімволікай.
2. Налепка «Не сілай, а розумам» з выявай сонца, кнігі і невядомай сімволікі.
3. Налепка «Падатак з выявай чалавека і чатырох грузавых машын».
4. Налепка з выявай чалавека з галавой зубра і невядомай сімволікай.


«Мая краіна Беларусь» — адна з самых папулярных беларускіх суполак у сацыяльных сетках. На яе падпісана каля 150 тысяч чалавек.



Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!