Берасцейскія ўлады адказалі на петыцыю супраць «будоўлі на касцях»

У адказе Берасцейскага гарвыканкаму гаворыцца, што ўлады падзяляюць заклапочанасць і што «парэшткі ахвяраў вайны павінны атрымаць годны спачын», паведамляе svaboda.org.

Берасцейскі гарвыканкам даў пісьмовы адказ на калектыўны запыт жыхароў гораду, абураных тым, што працягваецца будаўніцтва элітнага жытла ў квартале, абмежаваным вуліцамі Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспекта Машэрава, дзе сёлета ў студзені знайшлі парэшткі 1140 чалавек.

Аўтары звароту адказам не задаволеныя і называюць яго маніпуляцыяй.

У адказе гаворыцца, што гарадскія ўлады Берасця падзяляюць заклапочанасць наконт таго, што «парэшткі ахвяраў вайны павінны атрымаць годны спачын». Улады паведамляюць таксама, што парэшткі будуць перапахаваныя на Паўночных могілках Берасця.

Але «ацэнку правядзення перапахавання як акту вандалізму і непавагі да ахвяраў генацыду» не падзяляем», — напісана ў лісце, падпісаным першым намеснікам старшыні Берасцейскага гарвыканкама Вадзімам Краўчуком.

 Архітэктар, доктар навук Ірэна Лаўроўская сказала Свабодзе, што яна расчараваная «чарговай адпіскай» уладаў.

«Гэта бясконцыя маніпуляцыі. На мінулым тыдні быў адказ з гарадской пракуратуры. Пракуратура, з майго пункту гледжання, увогуле не разглядала гэтага пытання, а перадаручыла гарвыканкаму. Нічога новага ў адказе з гарвыканкаму нам таксама не сказалі, пішуць, што «тэрыторыя, якая прымыкае да месца будаўніцтва, правераная».

Зразумела, я расчараваная адпіскамі і з пракуратуры, і з гарвыканкаму, але ўсё ж яны пішуць, што месца будзе адзначанае. У якім выглядзе, пакуль цяжка сказаць. Так што, з аднаго боку, частка патрабаванняў была прызнаная, а з другога боку, усё застаецца пакуль невядомым. Яны не пагаджаюцца з актам вандалізму, непавагі да ахвяраў генацыду.

Ірэна Лаўроўская сказала, што будзе рыхтаваць новы зварот з гэтай нагоды да пракурора.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!