Яны не могуць схавацца ў самаізаляцыі, але вы можаце дапамагчы іх выратаваць

«Бывае, што муж пойдзе ў краму, а прыцягне кацяня». Як беларусы ратуюць беспрытульных жывёл ад адлову і ўсыплення.
Клайд

Клайд


У той час, калі многія з нас намагаюцца самаізалявацца, кінутыя і беспрытульныя жывёлы гэтага зрабіць не могуць. На шчасце, існуюць ініцыятывы, якія дораць другое жыццё жывёлам, ратуючы іх ад смерці на вуліцы ці ўсыплення.

У «ЗООшансе» ратуюць нават коней

Дабрачыннае аб’яднанне «ЗООшанс», якое дапамагае бяздомным жывёлам, існуе ўжо дзесяць гадоў. За гэты час валанцёры падарылі новым гаспадарам больш за дзесяць тысяч котак і сабак.

«Мы ловім жывёл, стэрылізуем, вакцыніруем, супрацоўнічаем з дзяржаўнымі органамі па ўдасканаленню заканадаўства ў дачыненні да жывёл, дапамагаем малазабяспечаным людзям праводзіць стэрылізацыю, — распавядае Вольга Карпава, кіраўнік аб’яднання. — У нас заключаны дамовы з ветэрынарнымі клінікамі, якія даюць нам зніжкі, таму праз нашу арганізацыю танней стэрылізаваць і кастрыраваць».


Рычард

Рычард

Сама Вольга проста некалі ўзяла да сябе котку, пасля ўжо стала цікавіцца абаронай жывёл… У яе дома жыве ўжо чацвёра котак, а з 2013 года яна ўзначальвае арганізацыю «ЗООшанс».

Вольга кажа, што найбольшая іх патрэба ў тым, каб людзі стэрылізавалі жывёл: «99% народжаных жывёл гінуць. На вуліцы, гінуць пры адлове, гінуць ад інфекцый і ад жывадзёраў… Толькі адзінкі трапляюць у рукі валанцёраў і выратоўваюцца».


Марсэль

Марсэль

Між тым, «уладкаваць» жывёл становіцца ўсё цяжэй. Калі раней за год валанцёры маглі знайсці дом для 1300-1400 котак і сабак, то зараз — толькі для 600. Вольга ў роспачы кажа, што за адлоў «Фаўна горада» на Гурскага атрымлівае вялікую колькасць грошай, бо на заканадаўчым узроўні замацавана: забойства бяздомных жывёл дапамагае добраўпарадкаванню тэрыторыі. «Прытулак стварыць мы не можам, бо гэтага нельга рабіць згодна заканадаўству, — тлумачыць Вольга. — Жывёлы нашы жывуць на ператрымках, за выключэннем коней. У нас заключана дамова з стайняй «Green Ranch»: зараз тым стаяць чатыры кані, якіх мы выкупілі».

Аказваецца, «ЗООшанс» ратуе тых коней, якіх аддавалі на мяса — набывае іх. «Напрыклад, Энергія выступала ў 2008 годзе на алімпіядзе ў Пекіне. Ёй споўнілася 20 гадоў, стала старая — і яе здалі на кілбасу. Па кошце мяса мы яе і выкупілі. Астатнія таксама ішлі на мясакамбінат. Напрыклад, Уран усё жыццё ў Ратамцы вучыў катацца на сабе, а пасля — туды ж».


Палкан

Палкан

Некалькі дзён таму Вольга лічыла жывёл, якія знаходзяцца на ўтрыманні: іх было 628. На сайце арганізацыі ёсць каталог жывёл пасля ўсіх працэдур і апрацовак: любы жадаючы можа выбраць і забраць таго, хто спадабаецца. Валанцёры таксама размяшчаюць інфармацыю па сацыяльных сетках, шукаць гаспадароў дапамагае нават кампанія «Mark Formelle».

«ЗООшанс» дапамагае і іншым жывёлам: «Аднойчы за знесеным прыватным сектарам мы ратавалі катоў, а знайшлі казла. Ну, што рабіць… І яго трэба ратаваць, таксама ж Божае стварэнне. А было і так, што ў поле знайшлі нованароджанага ягня. Ён жыў на ператрымцы разам з сабакамі і казой у аграсядзібе пад Мядзелам. У выніку, вырас як сабака: і мянушку ведае, і каманды ведае, і любіць на канапе тэлевізар глядзець. А які гэта пазітыў для суседніх вёсак! Гаспадыня кажа, што едзе на ровары, а яе суправаджае два лабрадоры і баран!»

Патрэбы арганізацыі, па словах Вольгі, зараз такія ж, як і раней: для жывёл трэба ежа, лекі і, канечне, будучыя гаспадары.

Як дапамагчы 

Суполка «ЗООшанса» ў фэйсбуку

«Пятнаццаць сабачых душ»

Так называецца суполка ў сацыяльных сетках, якую вядзе Ганна Круглова. Цікава, што яе ініцыятыва ніякім чынам не зарэгістравана. Ганна сябе лічыць проста валанцёрам: «Раней мы з мужам ратавалі жывёл самі, як маглі. Але аднойчы мы «нарваліся» на пятнаццаць сабак, справа прыняла сур’ёзны абарот».

Так узнікла неабходнасць стварыць суполку ў сацыяльных сетках, а пасля з’явілася і каманда. «Тыя жывёлы, фотаздымкі якіх выстаўляюцца ў суполцы, знаходзяцца пад маёй апекай. Для сябе я абрала такі кірунак. Я асабіста, так бы мовіць, вяду гэтых жывёл. А ўсе падпісанты добра ведаюць пра іх лёсы».


Сіма

Сіма

На сёння Ганна апекуецца каля дзесяці гадаванцамі. «У мяне дома застаюцца тыя, каго доўга не могуць уладкаваць. Усё пачыналася з аднаго сабакі і адной коткі. Зараз у нас ужо тры сабакі і тры коткі. Навошта мне гэта? Калі шчыра, я не гарэла жаданнем жыць у кантактным заапарку. Але ў кожнага з іх свой характар. І наконт аднаго сабакі я дакладна ведаю: калі я яго аддам некаму, то аддам яго на смерць», — кажа яна.

«Апошнім часам я сама не шукаю беспрытульных жывёл, — распавядае Ганна. — Мая апошняя знаходка была пару гадоў таму, калі я ехала на працу і заўважыла на прыпынку беспрытульнага сабаку. Мы забралі, пашукалі гаспадара, але гэта нічога не дало. Усіх астатніх жывёл да мяне прыносяць, кагосьці я забіраю з «Фаўны горада» на Гурскага. У мяне склаўся за гэты гады пэўны алгарытм дзеяння. Калі я адчуваю, што гатова дапамагчы, то я бяруся. Бывае, што муж пойдзе ў краму, а прыцягне кацяня».


Лёва

Лёва

Калі казаць пра дапамогу, то Ганна імкнецца ні ад чаго не адмаўляцца. Шмат хто дапамагае ёй утрымліваць жывёл, у тым ліку, фінансава. Зараз для яе актуальны сродкі абароны ад кляшчоў, цацкі, пялюшкі, сухі корм, кансервы, ашыйнікі, павадкі, сродкі дагляду за поўсцю, аўтадапамога. 

Ганна кажа, што многія коткі ды сабакі жывуць на платных ператрымках. Яна разам з аднадумцамі вязе жывёлу да ветэрынара, робіць усё неабходнае там, прыводзіць яе ў парадак, а пасля перадае на ператрымку. Але не заўсёды ператрымка бывае бясплатнай. Для прыкладу: на сёння на платнай ператрымцы знаходзіцца дзве жывёлы. За ўтрыманне адной трэба аддаць 5 рублёў у суткі, за другую — 6 рублёў. «За 6 рублёў утрымліваецца сабака-сардэчнік. Яму трэба прымаць прэпараты чатыры разы на дзень». Ганна кажа, што чалавек, які сядзіць з сабакамі, — своеасаблівая сядзелка».

Лярой

Лярой

Ганна працуе харэографам: «Бывае, што я магу прамяняць працу на вось гэтыя справы. Але я лічу, што аніводная праца не каштуе жыцця істоты, бо я па-філасофскі стаўлюся да жыцця. Для кагосьці — фітнес-зала. А для мяне — заняткі з сабакамі».

Як у Бабруйску ратуюць ад усыплення

Валанцёры аб’яднання «Добродетель» ратуюць жывёл з пункта часовага ўтрымання і далейшага ўсыплення. Амаль усе коткі ды сабакі, якія трапляюць у мясцовы прытулак, — з прадпрыемства «СПЕЦАЎТО», якое займаецца адловам і ўсыпленнем жывёл. Валанцёры забіраюць іх адтуль за грошы: кошт залежыць ад колькасці сутак (адны суткі — 4,62 рублёў) плюс рэгістрацыя (5, 77 рублёў).

Радоль

Радоль

Зараз у валанцёраў каля 300 жывёл. Але гэтая лічба пастаянна вар’іруецца. «Прытулак перапоўнены, — кажа Ірына. — Сабакі сядзяць у нас па два тыдні. Людзі пераводзяць грошы, у нашай групе ёсць спасылка на справаздачу. Валанцёраў у нас не хапае. Калі было 30 сабак, валанцёраў было шмат. Калі іх стала 300, то ў людзей не атрымліваецца проста прыйсці і пагуляць з сабакамі. Бо сюды трэба прыходзіць і працаваць».


Берта

Берта

Па словах Ірыны, зараз жывёлам патрэбны медыкаменты: «У нас не хапае шпрыцаў розных памераў, абарончых сродкаў ад кляшчоў і блох. Патрэбны сухі корм для катоў, шчанюкоў і для дарослых сабак-алергікаў. Сабакі з алергіяй не могуць харчавацца кашамі, толькі сухім кормам. Канечне, мы варым і кашы: выкарыстоўваем любую крупу, акрамя маннай і пшанічнай. Трэба і гародніна, і садавіна». Таксама прытулку патрэбны аднаразовыя вялікія пялюшкі, анучы, покрыва.

— Ці паўплываў на вас каронавірус? — пытаюся ў Ірыны.
— Пакуль мы трымаемся, — кажа Ірына. — Людзі дапамагаюць і паступленні ідуць.

*****
Шаноўныя чытачы! Мы разумеем, што праз пандэмію каронавірусу многіх з нас напаткалі нялёгкія часы. Хтосьці згубіў працу, у кагосьці істотна паменшыліся даходы. Але калі вы маеце магчымасць хоць нечым дапамагчы жывёлам з прытулкаў — кормам, медыкаментамі, старымі анучамі, фінансамі, прыйсці пагуляць з сабакам, забраць да сябе — зрабіце гэта, калі ласка. Добрыя справы абавязкова вяртаюцца!

У артыкуле выкарыстаны фотаздымкі жывёл, пра якіх мы распавядаем у рубрыцы «Выратуй жыццё». Кожны з гэтых сабак ці катоў можа стаць вашым любімым хатнім гадаванцам. А калі сэрца на нікога пакуль не адгукнулася — зазірніце сюды, тут выбар вельмі вялікі. Супольнымі намаганнямі мы зробім гэты свет лепей!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: