Без дапамогі не абыйсціся. Ці гатовы Мінск да турыстаў з інваліднасцю?

Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць маніторынг даступнасці інфраструктуры Мінска. Наколькі гарадскія аб’екты гатовыя да турыстаў з інваліднасцю? Разам з валанцёркай у інвалідным вазку і эксперткай у галіне інклюзіўнага турызму мы ацанілі даступнасць гатэлю «Арэна» ля адной са спартыўных пляцовак — «Чыжоўка-Арэны».


Даступны туалет і макушкі з-за стоек

Мікрараён Чыжоўка хоць і аддалены ад цэнтру, але мае некалькі важных турыстычных аб’ектаў: спартыўная арэна, дзе пройдзе частка спаборніцтваў Еўрагульняў, гатэль побач з ёй, заапарк.

Разам з эксперткай у галіне інклюзіўнага турызму Наталляй Барысенка-Клепач кіруемся ў будынак гатэлю, дзе нас ужо чакаюць валанцёрка Крысціна, а таксама галоўная гераіня маніторынгу Вольга Дзеравяга. Вольга перамяшчаецца ў інвалідным вазку, і ў прамым сэнсе на сабе выпрабоўвае ўсе элементы даступнасці.


Вольга Дзеравяга ля адзінай паніжанай стойкі ў гатэлі

Вольга Дзеравяга ля адзінай паніжанай стойкі ў гатэлі

Да нашага прыходу валанцёркам ужо паказалі банкетную залу на другім паверсе, цырульню і рэстаран у гатэлі. У цэлым даследчыцы засталіся задаволенымі: сталы ў банкетнай зале дазваляюць пад’ехаць вазку, вось толькі ў прыбіральні для людзей з інваліднасцю няма парэнчаў. Але цалкам прыстасаваны для людзей з дадатковымі патрэбамі санвузел ёсць на першым паверсе. Бадай, адзіная хіба ў гатэлі — высокія стойкі аховы і адміністрацыі: Вольга нават не змагла ўбачыць людзей, якія за імі сядзяць. Затое стойка ў гардэробе — паніжаная, і гэта плюс.

Вестыбюль у гатэлі прасторны

Вестыбюль у гатэлі прасторны

Агулам на першым паверсе ў гатэлі ўсё даступна: шырокі вестыбюль, на сценах ёсць візуальная інфармацыя аб размяшчэнні тых ці іншых аб’ектаў (у ідэале было б добра прадугледзець і аўдыяінфармаванне), параметры лесвіцы адпавядаюць нормам. «Мы стараемся ўлічваць усе рэкамендацыі — у рэшце рэшт, гэта наш бізнес», — кажа супрацоўнік, які нас суправаджае.

Вольга не бачыць, хто сядзіць за стойкай аховы

Вольга не бачыць, хто сядзіць за стойкай аховы

Што праўда, нам не паказалі нумары, прыстасаваныя для пражывання людзей з інваліднасцю, спаслаўшыся на тое, што яны занятыя, і прапанавалі прыйсці паглядзець на іх праз некалькі дзён. Нам даводзіцца паверыць на слова.


Затрымліваемся на ўваходзе, каб памераць шырыню дзвярных праёмаў, тамбура і вышыню парогаў і дзвярных ручак — для людзей, якія перамяшчаюцца на вазках, гэта вельмі прынцыповыя моманты. Шырыня ўваходу зсярэдзіны аказваецца 86 см пры норме ў 90 см. Наталля Барысенка-Клепач кажа, што гэта — не крытычна, тым больш, што вазок Вольгі спакойна праходзіць у яго. Мераем вышыню ўнутранага парогу – 2 см пры дапушчальнай норме ў 2,5 см. Ручка размешчана на мятровай вышыні — гэта таксама норма. Адзінае, яе канструкцыя не вельмі зручная. А вось парог вонкавага ўваходу значна перавышае норму: цэлых 4 см.

Наталля і Вольга мераюць вышыню вонкавага парога

Наталля і Вольга мераюць вышыню вонкавага парога

 — Гэта крытычна для электравазкоў, таму што пры любым страсенні ў іх могуць разыйсціся кантакты, — тлумачыць Наталля Барысенка-Клепач.

Да шырыні тамбура пытанняў у экспертаў не ўзнікае: яна адпавядае нормам. Як і да ганка: тут няма ніякіх павышэнняў і лесвіц, нават пандус непатрэбны, бо ўваход амаль роўны з зямлёй, калі не лічыць той самы парог у 4 см.

«Гэта проста нейкі аўтаслалам»

Адзін з галоўных крытэраў даступнага асяроддзя — яго неперарыўнасць. Гэта значыць, што на шляху ў чалавека (не толькі на інвалідным вазку, але і з кійком, проста сталага, стомленага, на абцасах альбо з дзіцячым вазком) не павінна быць ніякіх перашкод ад выхаду з дому да любога аб’екта, да якога ён накіроўваецца. Таму пры даследаванні даступнасці аб’екта маніторынг звычайна пачынаецца з найбліжэйшага да яго прыпынка грамадскага транспарту. І хоць паслядоўнасць нашага маніторынгу змянілася, мы ўсё роўна даследуем усе важныя элементы і шляхі падыходу да гатэлю.

Раз мы ўжо ідзем у адваротным парадку, вырашаем даследаваць паркоўку для людзей з інваліднасцю. Як і мае быць, месцы тут пазначаныя адмысловай разметкай, пра саму паркоўку кіроўцаў таксама папярэджвае серыя дарожных знакаў. Адзінае, паміж парковачнымі месцамі няма разметкі, якая пазначае месца для пасадкі/высадкі пасажыраў у вазках. Але ў Беларусі такі абазначэнні ўвогуле рэдка сустракаюцца.

Каб памераць параметры стаянкі, валанцёркі выкарыстоўваюць як звычайную, так і лазерную рулеткі. Пры норме 3,5 м на 8 м, памеры нашай паркоўкі — 3,5 м на 9 м.

Разабраўшыся з паркоўкай, рушым да бліжэйшага прыпынка транспарту. Прылеглую да гатэля тэрыторыю ад яго аддзяляе выезд для машын, які не абазначаны пешаходным пераходам. І хоць перад выездам на праезную частку ёсць паніжэнне рэльефу, вышыня бардзюра пры ім усё роўна складае 3,5 см (норма, як мы памятаем, 2,5 см). А каб заехаць з дарогі на прылеглую да прыпынка тэрыторыю, трэба ўвогуле пераадолець 5,5 см бардзюра. Сам прыпынак мае месца для інваліднага вазка і шыльду з раскладам руху транспарту, пры гэтым ніякіх пазнак пра наяўнасць нізкапольных маршрутаў мы не знайшлі — верагодна, іх тут проста няма.

Паніжэнне ёсць, але бардзюр высокі

Паніжэнне ёсць, але бардзюр высокі

Гатэль, які мы даследуем, размешчаны на ўзгорку. Знізу, з супрацьлеглага ад прыпынку боку, да яго вядзе ўнушальных памераў пандус. Хоць з’езд на яго з тэрыторыі гатэлю паніжаны, Вольга Дзеравяга не можа самастойна пераадолець яго на вазку, і ёй даводзіцца дапамагчы. Аказваецца, вышыня «паніжанага» бардзюра складае 6 см! Вось такая даступнасць. А глянуўшы на сапраўды грандыёзны пандус даследчыцы не могуць стрымаць смеху. Па прасторным збудаванні адначасова могуць праехаць тры чалавекі на вазках, але ж гэта — парушэнне ўсіх нормаў.



 Гэта проста нейкі аўтаслалам, зараз як пракоцімся! — жартуе Вольга.

— А вы не баіцеся? — непакоіцца Наталля.

Баяцца, насамрэч, ёсць чаго. Мала таго, што шырыня пандуса не дазваляе трымацца за парэнчы аберуч, ён мае вельмі круты ўхіл, а прамежкавыя пляцоўкі, прызначаныя для прыпынкаў і перадышкі, не роўныя, якімі павінны быць, а таксама нахіленыя. Да таго ж даўжыня пандуса не вытрымлівае ніякай крытыкі. Яна занадта вялікая — пандус не павінен быць такім доўгім. Але, калі зыходзіць з яго ўхілу, то — замалая. Таму не зразумела, чым кіраваліся людзі, якія спраектавалі гэтую канструкцыю.

Так-сяк спусціўшыся, Вольга робіць спробу ўзняцца па пандусе, трымаючыся адной рукой за парэнчы. Гэта даецца ёй з цяжкасцю.

Падняцца па пандусе Вольга можа толькі спінай

Падняцца па пандусе Вольга можа толькі спінай

— У такіх выпадках, калі сустракаюцца крутыя пандусы, я толькі спінай магу ўздымацца, — кажа валанцёрка і тут жа дэманструе нам гэты спосаб. Атрымліваецца, сапраўды, хутчэй, але наўрад ці такі ўздым, калі не бачыш, куды едзеш, можна назваць бяспечным.

Не пандус, дык пад’ёмнік

Разабраўшыся з пандусам, рушым да апошняга пункта даследавання — падземнага пераходу. Пандус, пры дапамозе якога прапануецца спусціцца пад зямлю, таксама сканструяваны нейкім дзіўным чынам: колы Вользінага вазка правальваюцца ў шчыліну паміж платформай і нейкай незразумелай жалезнай рэйкай, прызначэнне якой для нас так і засталося загадкай. Такім чынам, спусціцца ў пераход звычайным спосабам аказалася немагчыма.

Кола вазка правальваецца

Кола вазка правальваецца

Відаць, зразумеўшы гэта, праекціроўшчыкі прадугледзелі на кожным з выхадаў з пераходу пад’ёмнік. Мае дасведчаныя калегі кажуць, што нават у тых пераходах, дзе яны ёсць, у большасці выпадкаў яны не працуюць. Але тут нас чакаў сюрпрыз: Вольга націснула на кнопку, і ліфт прыехаў. Вось толькі ўвайсці ў яго аказалася той яшчэ задачай. Максімум, на які мы змаглі адчыніць дзверы, — 63 см (нагадаю, норма шырыні дзвярнога праёму — 90 см), далей чамусьці замінала плітка на падлозе. Так-сяк Вользе ў вазку ўдалося праціснуцца ў пад’ёмнік. Я зайшла разам з ёй, і, шчыра кажучы, месца для нас дваіх у кабіне аказалася малавата (пасля замераў выявілася, што яго шырыня і глыбіня — 92 см на 120 см). Хаця, калі верыць пазнакам, яна разлічаная на трох чалавек. Каб выйсці з ліфта, нам абедзвюм давялося досыць моцна штурхаць дзверы.

Максімум, на які атрымалася адчыніць дзверы пад

Максімум, на які атрымалася адчыніць дзверы пад'ёмніка

Здзівіла, што ў такім вялікім пераходзе зусім няма ніякіх абазначэнняў (калі не лічыць пазнак пад’ёмнікаў па закутках). Як чалавеку зарыентавацца, дзе ён знаходзіцца і куды яму выходзіць, — загадка.

У пераходзе ёсць толькі такія пазнакі

У пераходзе ёсць толькі такія пазнакі

З плюсоў — лесвіцы і пандусы, як і павінна быць, пазначаныя кантраснымі жоўтымі палоскамі. І яшчэ нам удалося знайсці больш-менш адпаведны нормам, хаця таксама не ідэальны, пандус усярэдзіне перахода. Мармуровае пакрыццё на ім было счышчана так, каб колы вазка не слізгалі. Праўда, ён аказаўся таксама зашырокі: 122 см замест нормы ў 90 — 100 см.

Амаль адпаведны нормам пандус — трэба сфатаграфаваць!

Амаль адпаведны нормам пандус — трэба сфатаграфаваць!

Парэнчы пандуса размяшчаюцца на ўзроўні 72 см ад зямлі, значыць, яго даўжыня, якая разлічваецца 1:10, павінна скласці 7 м 20 см. Мераем даўжыню — амаль так і ёсць: 7 м. Праўда, парэнчы, якія напачатку і напрыканцы пандуса павінны выступаць на 30 см, пачынаюцца і заканчваюцца роўна з ім. Але гэта ўжо — дробязі…

Такія шчыліны — таксама перашкода для людзей на вазках

Такія шчыліны — таксама перашкода для людзей на вазках

— У прынцыпе, збольшага гатэль і тэрыторыя вакол яго — даступныя, — падсумоўвае вынікі маніторынгу Вольга Дзеравяга.

Бардзюры па 6 см — не рэдкасць

Бардзюры па 6 см — не рэдкасць

— Асноўная праблема ў тым, што паўсюль бардзюры. Там ёсць даступны кавалачак, тут кавалачак, але суцэльнай даступнасці няма, і без дапамогі чалавек з інваліднасцю абыйсціся не можа, — кажа Наталля Барысенка-Клепач. — Але гэта лепш, чым нічога, і лепш, чым шмат у якіх іншых турыстычных месцах. У гатэлі ёсць санвузел для людзей з інваліднасцю, і платформа ў пераходзе працуе. Праблемы з пандусамі і бардзюрамі — бо іх не тэставалі, таму не ведаюць, што з імі нешта не так. Але адміністрацыя гатэлю пайшла нам насустрач. Мы дадзім ім рэкамендацыі, і ёсць спадзеў, што яны нешта зменяць.

«Паніжаны» бардзюр аказаўся вышынёй у 6 см 

«Паніжаны» бардзюр аказаўся вышынёй у 6 см 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: