Без знешняга свету і без падтрымкі. Найважнейшае за 25 верасня

Усё больш і больш краін далучаюцца да тых, хто не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі. Усё больш і больш краін задумваюцца над санкцыямі ў дачыненні да яго і яго атачэння. І ўсё больш беларусаў заяўляюць пра непрызнанне яго «інаўгурацыі» і патрабуюць новых выбараў.


Яшчэ дзве краіны заявілі пра непрызнанне Лукашэнкі абраным прэзідэнтам — гэта Францыя і Нарвегія. І гэты крок — важны. Што да Францыі, то яна, нароўні з Германіяй (якая заявіла пра непрызнанне Лукашэнкі раней) вызначальная ў палітыцы Еўрасаюза. А ў Нарвегіі знаходзіцца найбуйнейшы партнёр «Беларуськалію», які ўжо быў заклапочаны сітуацыяй у Беларусі, і нават дасылаў сюды дэлегацыю для даследавання выканання правоў працоўных на нашым прадпрыемстве.

Вялікабрытанія плануе санкцыі «ў стылі Магніцкага» супраць беларускіх чыноўнікаў, паведаміла ўплывовае і аўтарытэтнае выданне The Guardian. Гэта таксама важна, бо Аб’яднанае Каралеўства — адзін з асноўных пакупнікоў нашай нафты і нафтапрадуктаў.


У парламенце Украіны выступілі за ўвядзенне санкцый супраць Лукашэнкі. Падавалася б, што нам тая Украіна? Але насамрэч, гэта адна з тых рэдкіх краін, з якою у нас станоўчае знешнегандлёвае сальда — то-бок туды мы прадаем больш, чым там набываем. А значыць, адтуль мы атрымліваем валюту.

Карацей, усе больш-менш прыбытковыя эканамічныя накірункі для рэжыму закрываюцца.

Ізаляваны Лукашэнка выказаў спадзеў, што «разам з Расіяй» ён зможа ўтрымаць эканоміку. Але Пуцін, падаецца, больш заклапочаны сваімі праблемамі, і неяк не хоча маштабна фінансаваць страціўшага легітымнасць беларускага кіраўніка. Пуцін нават не збіраецца прыехаць на Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, — мерапрыемства больш эканамічнага плану, дзе заключаюцца кантракты на пастаўкі беларускай прадукцыі. Расійскія кіраўнікі рэгіёнаў, азіраючыся на свайго патрона, будуць вельмі асцярожныя, і таму «прарываў» ад мерапрыемства чакаць не варта.


А незадаволенасць беларусаў працягвае гучаць адкрыта. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі Акадэміі навук зладзілі акцыю ў падтрымку свайго затрыманага калегі.

Супрацоўнікі розных арганізацый і ўстаноў Беларусі працягваюць пісаць адкрытыя звароты з патрабаваннямі да ўлады спыніць гвалт супраць мірных пратэстоўцаў і правесці новыя прэзідэнцкія выбары. Падобны дакумент падпісалі 170 супрацоўнікаў сталічнага праектнага інстытуту «Мінскінжпраект».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: