БХК звярнуўся ў генеральную пракуратуру з нагоды парушэнняў у турме на Акрэсціна

Пракуратура Мінска ўхілілася ад разгляду заяў пра неналежныя ўмовы ўтрымання ў ізалятары на завулку Акрэсціна, перадае «Свабода».
Беларускі Хельсінкскі камітэт падаў зварот у Генеральную пракуратуру з нагоды ўмоў утрымання ў турме на Акрэсціна пасля таго, як пракуратура Мінску адмовілася разглядаць зварот па сутнасці.

БХК звяртаўся ў Мінскую гарадскую пракуратуру 19 ліпеня, патрабуючы правесці праверку ўмоў утрымання ў ЦІПе і ІЧУ ГУУС Мінскага гарвыканкама, а таксама ацаніць законнасць рашэння аб абмежаванні перадач да аднаго дня на тыдзень. Аднак, паведамляюць праваабаронцы, іх зварот быў пакінуты без разгляду па сутнасці: нібыта БХК не мае права накіроўваць такія звароты ў інтарэсах грамадзян.

Пасля гэтага арганізацыя звярнулася ў Генеральную пракуратуру. На думку БХК, «пракуратура Мінска ўхіляецца ад выканання асноўных задач, ускладзеных на яе дзяржавай, — а менавіта: забеспячэння вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў».

Праваабаронцы просяць Генпракуратуру прызнаць адказ пракуратуры Мінска незаконным і неабгрунтаваным і абавязаць яе разгледзець зварот па сутнасці, правесці праверку ў ЦІПе і ІЧУ на Акрэсціна, праверыць законнасць абмежавання перадач, прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэннях, у тым ліку службовых асоб пракуратуры Мінска, якія ўхіліліся ад разгляду звароту.

Раней усім незадаволеным умовамі ўтрымання ў ЦІПе афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў параіў звяртацца ў «адпаведныя органы». З пытаннем «Як спыніць катаванні на Акрэсціна?» да чыноўнікаў і прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі звярнуліся журналісты «Народнай Волі».

«У чалавека ніхто не адбіраў права скарыстацца інстытутам скарг. Мы, безумоўна, таксама адсочваем СМІ, звернем увагу. Але калі журналіст звяртаецца — гэта крыху не тое. Цяпер кожную інфармацыю трэба пераправяраць, вельмі шмат фэйкаў. А Закон "Аб зваротах грамадзян" ніхто не скасоўваў, ён працуе. І той, хто канкрэтна пацярпеў, можа накіраваць зварот у адпаведныя органы. Іншае пытанне, чаму не адпраўляе. Трэба разбірацца. Але і самі людзі павінны паказаць, у які перыяд часу і ў чым канкрэтна парушаныя іх правы», — адказаў Дзмітрый Брылёў.

Пасля публікацыі нататкі з цытатай прадстаўніка Генпракуратуры ў рэдакцыю Zerkalo.Io паступілі дзясяткі паведамленняў ад чытачоў, якія дзяліліся сваім досведам напісання скарг на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ і ЦІПе — на Акрэсціна і ў Жодзіне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: