«Білі доўга. Больш за ўсё ўдараў было па галаве»

Сяргей Каранкевіч, 37 гадовы кіроўца на «Белшыне», яго затрымалі 14 верасня. Сваю гісторыю ён распавёў Бабруйскаму кур'еру.


«Мяне затрымалі 14 верасня. У той панядзелак я катаўся па горадзе на ровары. Хацеў паабедаць у фабрычнай сталоўцы. Па дарозе, праяжджаючы будынак Бабруйскага ГУУС, убачыў сіні аўтобус, на якім апошнія два месяцы ў нашым горадзе возяць АМАП і затрыманых грамадзян. Я вырашыў сфатаграфаваць гэты аўтобус. Спыніўся, дастаў тэлефон. І ў гэты момант убачыў, як з тарца будынку УУС выбеглі чалавек дзесяць супрацоўнікаў у форме аліўкавага колеру, без апазнавальных знакаў.

Яны пабеглі ў мой бок. Я нават не паспеў неяк зрэагаваць, як мяне ўжо ўзялі ў кола, схапілі за рукі і ногі, сцягнулі іх плястмасавым хамутом і ў літаральным сэнсе панеслі ў будынак ГУУС. Там мяне кінулі на падлогу і пачалі біць.

Білі доўга. Хто біў і чым, я ня бачыў, бо не давалі падняць галаву. Я ляжаў на левым баку каля сцяны, таму больш за ўсё пацярпеў правы бок. Пакуль білі, пыталіся: «Табе патрэбныя перамены? Дык зараз мы пакажам».


Больш за ўсё ўдараў было па галаве. Задалі пытанне — удар, нешта сказалі — удар. І так шмат разоў. Усё гэта суправаджалі нецэнзурнымі словамі ў мой адрас. Потым адзін з іх стаў прымушаць мяне спяваць дзяржаўны гімн РБ. Я тэкст ня вельмі ведаю, дык ён казаў словы, я паўтараў, так мы разам і выканалі.

У мяне пыталі пароль ад тэлефона. Я адразу не сказаў і атрымаў пару ўдараў. Тады зразумеў, што лепей сказаць. У тэлефоне яны знайшлі фатаграфіі машын, прыпаркаваных з парушэннямі. І сказалі, што гэта машыны супрацоўнікаў. І зноў білі — ужо за гэтыя фатаграфіі.

Яны наўмысна зламалі мой ровар. Я чуў, як яны топчуць катафоты, як прабіваюць і спускаюць кола. Роварны кампутар прабіты -- быццам зашрубкай. Ня ведаю, чым ім не спадабаўся мой ровар. Магчыма, гэта праз бел-чырвона-белыя флікеры, якія я на яго прычапіў.

Пасля мяне адвялі ў актавую залю. Там давалі падпісваць нейкія паперы. Якія -- не разабраўся, бо вельмі дрэнна сябе адчуваў: балела галава, апухла правае вока. Магчыма, супрацоўнікі ўбачылі, што нарабілі, і самі адвезлі мяне ў лякарню. Там пасля агляду лекары вырашылі мяне шпіталізаваць. Выпісалі толькі праз восем дзён з дыягназам «Удар грудной клеткі злева. Падскурная гематома лобнага абшару. Перыарбітальная гематома справа. Множныя раны міжлапаткавага абшару». У мяне дагэтуль часта баліць галава і млосна.

Выйшаўшы з лякарні, я атрымаў позву ў суд паводле двух артыкулаў КаАП: 23.34, частка 3 — паўторнае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, і 23.4 — непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы.

У пятніцу 25 верасня па мяне прыехалі на працу. Начальнік сказаў мне тэрмінова ісці на прахадную. А там мяне ўжо чакалі невядомыя людзі ў масках. Яны не назваліся, проста сказалі «пройдёмте» і адвялі мяне ў «Газэль» белага колеру. Я паспеў пазваніць сваякам і сказаць, што вязуць у міліцыю, пасля чаго ў мяне забралі тэлефон“.

Тацяна Каранкевіч, маці Сяргея:

„Я расшуквала сына да вечара. Спачатку чакала каля ІЧУ. У той дзень там ішлі суды над затрыманымі. Сяргея таксама прывозілі туды, я бачыла яго за фіранкамі «Газэлі». Але калі я стала званіць у званок на варотах ІЧУ, мне сказалі, што Сяргея Каранкевіча ў іх няма, а што прывезлі — «як прывезлі, так і звезлі». Пасля сказалі, што яго павезлі ў суд на Тухачэўскага, 5. Аднак у судзе сказалі, што ён у спісах ня значыцца і працоўны дзень сканчаецца.

Пасля я паехала ў следчы камітэт. Раней я ўжо падала туды заяву пра пабіццё сына, пакуль ён быў у лякарні. Цяпер хацела напісаць яшчэ адну — скаргу на дзеянні міліцыянтаў, якія не даюць інфармацыі пра сына і яго знікненне.

Дзяжурны міліцыянт адмовіўся прымаць заяву і параіў наконт знікнення звярнуцца ў міліцыю. У прысутнасці дзяжурнага міліцыянта я набрала «102», там мне не далі ніякай інфармацыі, толькі назвалі нумар начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму, сказалі тэлефанаваць туды. Я званіла, але званок абрываўся пасля першага ж гудка. Тады я запатрабавала, каб дзяжурны міліцыянт паклікаў следчага. Ён папрасіў пачакаць і выйшаў. У гэты час мне патэлефанаваў сам Сяргей і сказаў, што яго вязуць назад на працу.

Мы паехалі да прахадной «Белшыны». На нашых вачах туды ж пад’ехала «Газэль» белага колеру, з якой выйшаў Сяргей. Машына адразу з'ехала“.

Сяргей Каранкевіч:

„Я так і не зразумеў, што гэта было. Мяне раніцай забралі, пасадзілі ў гэтую «Газэль» і сталі вазіць па горадзе. Спачатку павезлі ў ГУУС. Там павадзілі па паверхах. Я нават у кабінэты не заходзіў, пасядзеў у калідорах — спачатку на першым паверсе, потым на трэцім, потым зноў на першым. Агледзелі мае рэчы. Потым павезлі ў ІЧУ. Там я некалькі гадзін прасядзеў у бусе. Потым мне змералі тэмпературу — павышаная. Мяне павезлі ў паліклініку. Там агледзелі, узялі аналізы, напісалі — ВРВІ. Павезлі назад у ІЧУ. Там сказалі, што з такім дыягназам ня возуць. Тады мяне павезьлі на працу, адкуль і забралі. Ніхто нічога не тлумачыў. Я так зразумеў, што самі супрацоўнікі, якія мяне суправаджалі, ня ведалі, што рабіць. Яны так і казалі мне — куды нам сказалі, туды і вязем.

Мне так і не далі ніякіх дакумэнтаў, што мяне затрымала міліцыя. Пасля таго як мяне адпусцілі, я пайшоў у ГУУС і напісаў заяву, каб мне далі даведку, што я правёў некалькі гадзін пад вартай. Інакш я ня ведаю, што будзе з працай — начальнік ужо папярэджваў мяне, што ў разе яшчэ аднаго затрымання я буду звольнены.

Як высветлілася пазней, у пятніцу 25 верасня на «Белшыне» затрымалі ня толькі мяне. Яшчэ як мінімум адно затрыманне было ў падрыхтоўчым цэху буйнагабарытных шынаў. Там у адказ на арышт калегі рабочыя спынілі вытворчасць і паставілі ўмову — неадкладна вызваліць затрыманага. Таго адпусцілі. Але яго, як і мяне, чакае суд.

Для мяне гэта будзе ўжо ня першы суд за арт. 23.34 КаАП. Мяне ўжо затрымлівалі 10 жніўня. Тады я ўвечары ехаў на ровары каля будынку гарвыканкаму і трапіў у хапун. Разам з роварам апынуўся ў аўтазаку, потым — у СІЗА, дзе правёў ноч і ўвесь наступны дзень. Суд пакараў арыштам на 24 гадзіны, і мяне адпусцілі.

Цяпер новы суд. А як я мог супраціўляцца, калі мяне імгненна скруцілі. Казалі: «А чаго ты сюды ехаў? Ты папаў у логава змяі». Так і сказалі. Не ў міліцыю, ня ў МУС, а ў логава змяі“.

„Бобруйский курьер“

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: