«Білі па галаве гумовымі палкамі, а ў аўтазаку страціў прытомнасць»

Сёння Яўген Заічкін ад сяброў і блізкіх даведаўся: у інтэрнэце яго сям'і ўжо выказваюць спачуванні, а яго называюць першай ахвярай мітынгу. Як распавядае tut.by Яўген, ён сапраўды пацярпеў учора, быў дастаўлены ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, а цяпер ужо дома. Яму наклалі чатыры швы на губу і дыягнаставалі ЧМТ.
Калі пачалося затрыманне, мы ішлі ў бок Стэлы, — распавядае Яўген Заічкін і пералічвае, што побач з ім у той момант быў родны брат і два сябра. — Раптам з'явіўся АМАП і пачаў з прымяненнем гумовых дручкоў затрымліваць людзей. Удары наносілі па ўсім целе, білі па галаве, так мне разбілі твар, а пасля пагрузілі ў аўтазак.

Па словах 35-гадовага Яўгена, ён упершыню выйшаў на такі мітынг. Хлопец апошнія чатыры месяцы жыве ў Мінску, да гэтага працаваў у Літве і Польшчы.

Фота, на якім Заічкін акрываўлены ляжыць на траве, абляцела СМІ. Яўген мяркуе: яго сфатаграфавалі, калі з аўтазака пераносілі ў машыну хуткай дапамогі. 

У аўтазаку страціў прытомнасць, мяне вырашылі перадаць медыкам. Што было далей, памятаю цьмяна, — працягвае распавядаць Яўген.

З яго кампаніі таксама быў затрыманы родны брат, хлопцы трапілі ў адзін аўтазак, але дзе ён цяпер, Жэня не ведае. Пасля дзвюх гадзін ночы тэлефон быў паза зонай доступу. Яўген сцвярджае: пры затрыманні непадпарадкаванне не аказваў. 

Я стаў на калені і ўзняў рукі, — узгадвае Яўген Заічкін.

Ён быў дастаўлены ў БХМД ў хірургічнае аддзяленне. 

Адразу думалі, што пералом шыі, зрабілі некалькі працэдур, укалолі лекі. Дыягназ — ЧМТ, на губу наклалі чатыры швы, у мяне шмат слядоў ад дручка па ўсім целе.

Будзеце пісаць заяву аб прыцягненні супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці?

Не буду. Думаю, гэта павернецца супраць мяне, усё роўна не змагу нічога даказаць.

Яўген Заічкін ужо дома, ён папрасіў дактароў яго выпісаць. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: