Біскуп у рэжыме анлайн: «Фэйсбук я завёў, каб дзяліцца навінамі пра Касцёл»

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB — першы каталіцкі біскуп Беларусі, які актыўна карыстаецца Фэйсбукам. Пра што піша іерарх, як рэагуе на негатыўныя каментарыі і ў чым бачыць карысць сацыяльных сетак?



Аляксандр Яшэўскі. Фота www.facebook.com


Біскуп і яго 1 416 сяброў



— Ваша Экцэленцыя, Вы сталі першым каталіцкім біскупам у Беларусі, які стварыў свой акаўнт у Фэйсбуку. Чым стаў для Вас гэты крок?



— Старонку ў Фэйсбуку я ствараў ужо пасля таго, як стаў біскупам. І рабіў гэта для таго, каб дзяліцца навінамі пра Каталіцкі Касцёл і наш Магілёўскі рэгіён, быць больш дасяжным людзям.

 

 

Распавядаць людзям пра тую ці іншую падзею ў Касцёле, папярэдне іх на яе не запрасіўшы, я не хацеў бы. Таму сацыяльныя сеткі ў гэтым вельмі дапамагаюць.



Сёння ў спісе маіх сяброў на Фэйсбуку 1 416 чалавек. Канешне, перад тым, як пацвердзіць запыт у сябры, я абавязкова праглядаю старонку патэнцыйнага «сябра», звяртаю ўвагу на тое, ці ёсць у нас агульныя сябры. 



Часам і паведамленне напішу — пацікаўлюся, як чалавек знайшоў маю старонку і якім чынам мы можам быць знаёмымі. 



Для мяне гэта вельмі важна, бо, будучы біскупам — асобай публічнай — я не хацеў бы, каб нехта выкарыстоўваў інфармацыю, якую змяшчаю я або нехта іншы на маёй старонцы, у непажаданых для мяне мэтах.
 

— Колькі ж паведамленняў атрымлівае біскуп за дзень?



— Буду шчырым — не ведаю (усміхаецца — заўв. аўт.). Пішуць часта, але я не сачу за колькасцю атрыманых паведамленняў. Ды і з дня на дзень прыпадае па-рознаму. Калі ёсць час, паведамленні праглядаю, адказваю на іх. Хтосьці просіць аб малітве, іншыя звяртаюцца за кансультацыяй, просяць парады або дзеляцца навінамі са свайго жыцця.


 

Часцей пішуць свецкія людзі, але і са святарамі мы абмяркоўваем тую ці іншую тэму таксама і праз Фэйсбук. Я нават атрымліваў запрашэнні на парафіяльныя фэсты ад пробашчаў у сеціве, і на мой погляд, гэта адзін са спосабаў хуткай камунікацыі паміж намі. Увогуле тут шмат карыснай і цікавай інфармацыі. Адзін з сяброў, напрыклад, піша да мяне па-французску, таму карыстанне сацсеткамі матывуе і да вывучэння замежных моў (усміхаецца. — заўв. аўт.).



— Ці шмат знаёмых Вам святароў карыстаецца Фэйсбукам?



— Шматлікія святары майго Магілёўскага рэгіёна маюць акаўнты ў ФБ. Больш за тое: час ад часу дамаўляюцца і праз скайп разам моляцца Нешпары і Малітву на завяршэнне дня. 



Сярод святароў, з якімі я калісьці разам праходзіў фармацыю ў семінарыі, прысутнасць у ФБ амаль стопрацэнтная. Калі казаць пра біскупаў і іх прысутнасць у сеціве, то яна ёсць.

 


 

Напрыклад, праз Фэйсбук я падтрымліваю кантакт з бразільскім біскупам, з якім мы былі разам на курсе ў Рыме для іерархаў, якія атрымалі біскупскую сакру за апошні год. 



— А ці дапамагае старонка ў сеціве падтрымліваць кантакты з вернікамі? 



— Безумоўна. Мінулай восенню я змясціў на сваёй старонцы аб’яву з просьбай дапамагчы ва ўпарадкаванні тэрыторыі будынка, які ў будучыні плануецца прыстасаваць у якасці душпастырскага цэнтра для Касцёла на Магілёўшчыне. І людзі адгукнуліся: дзякуючы падтрымцы душпастыраў нашага рэгіёну і вернікаў мы зладзілі сапраўдны каталіцкі суботнік. 



А на пачатку Адвэнту я запосціў аб’яву з просьбай дапамагчы з дзяжурствам у магілёўскай катэдры, каб касцёл змог быць адкрытым на працягу дня. І людзі таксама адгукнуліся, за што я ім бязмерна ўдзячны! Вельмі шмат магілёўскіх вернікаў сябруе са мною ў Фэйсбуку, таму пасля маёй публікацыі многія адразу прапанавалі дапамогу.

 

Нядаўна я зарэгістраваў Брамы Міласэрнасці ў Магілёве на сайце www.im.va, дзе рэгіструюць брамы святыняў з усяго свету.



Пры рэгістрацыі трэба было ўказаць адрас старонкі ў ФБ. Я пазначыў сваю (усміхаецца — заўв. аўт.). Таму зараз акрамя сваёй прыватнай старонкі адначасова адмініструю яшчэ адну... Цешуся, што магу прынесці карысць Касцёлу і ў гэтай справе. Тое, што магу — распавядаць пра жыццё Касцёла ў Беларусі і асабліва на Магілёўшчыне, — я з радасцю раблю. 



— Часта сацыяльныя сеткі крытыкуюць за тое, што людзі праводзяць у іх зашмат часу. Ці сутыкаўся біскуп з такой праблемай?



— Мая прысутнасць у сацыяльных сетках больш пастаральная. Бо прабыванне ў віртуальным свеце патрабуе і евангелізацыі.



Да таго, як стаць біскупам, у мяне былі старонкі «Вконтакте» і на «Аднакласніках». «Вк» я выкарыстоўваў пераважна для працы з моладдзю, бо гэтай сеткай карыстаецца даволі шмат салезіянскай моладзі. 



Фэйсбукам сёння я карыстаюся толькі тады, калі маю адпаведны на гэта час. Дзень жа трэба планаваць і раскладаць такім чынам, каб сацыяльныя сеткі былі толькі ў вольны час, а не ў працоўны. 



Чалавек становіцца залежны ад сацыяльных сетак толькі тады, калі не мае распарадку свайго дня і не расстаўляе прыярытэты.



«З “сяброў” пакуль нікога не выдаляў»

 



 

— Ці часта сустракаеце сяброў з Фэйсбука ў рэальным жыцці?



— Дастаткова часта. І большасць з маіх сяброў вядомыя мне. Аднак падчас сустрэч з вернікамі часта чую: «А мы з вамі сябры на Фэйсбуку!», — і я цешуся, бо мне вельмі важна сустрэцца з імі ў рэальным жыцці і пазнаваць асабіста людзей. 



Увогуле, я сачу за сваёй старонкай і за тым, якія запісы пакідаюць на ёй віртуальныя сябры. Пэўныя каментарыі або спасылкі я магу і выдаліць, калі не хачу, каб людзі на маёй старонцы сварыліся. Але з «сяброў» пакуль нікога не выдаляў.



— Як успрымаюць Вашу прысутнасць у сеціве іншыя святары?



— Пазітыўна. Многія святары, дарэчы, публікуюць у Фэйсбуку свае аб’явы з парафій. Да таго ж і камунікаваць бывае прасцей, калі абодва анлайн. Самае важнае — фармаваць і фармавацца, а таксама заставацца тымі, кім мы ёсць.



Да слоў святога Паўла, «усё мне можна, але не ўсё карысна» (1Кар 6, 12), я дадам яшчэ сцвярджэнне таго, што не ўсё нам дазволена. Карыстанне сацыяльнымі сеткамі патрабуе вялікай культуры і выхавання. Тое, што дазволена свецкім, не заўсёды дазволена духоўным асобам, і аб гэтым мы павінны заўсёды памятаць.

На фота: біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у сваім пакоі ў Магілёве. Снежань 2015

 

Фэйсбук — у пэўнай ступені праверка нашай сапраўднай даросласці — як святара, так і свецкага чалавека. Гэта не проста старонка, але пэўны адбітак чалавека.
 

— Магчыма, Ваш прыклад наватара ў сацыяльных сетках паслужыць натхненнем і для іншых членаў епіскапату?



— Магчыма, і так. Што да іншых сродкаў сувязі, то паміж сабой мы актыўна карыстаемся тым жа скайпам ці, напрыклад, вайберам, не кажучы ўжо пра электронную пошту.



— Кожная старонка — як адлюстраванне асобы, якой яна належыць. Аб чым, на Вашу думку, заўсёды трэба памятаць яе ўладальніку?



— Гледзячы на маю старонку, людзі ведаюць: гэта старонка біскупа, які хоча распавесці пра Касцёл, таму шукаць нейкую сенсацыйную інфармацыю на ёй няма сэнсу.



Варта зразумець, для чаго мы стварылі сваю старонку: дзяліцца сямейнай радасцю ці расказваць пра праблемы сям’і? Тое ж датычыць і выказванняў пра Касцёл. Касцёл — гэта сям’я, і пэўныя праблемы павінны вырашацца ўнутры яе, а не ў сацыяльных сетках.


Не лічу, аднак, што трэба маўчаць на некаторыя каментарыі ў адрас Касцёла. Пісакаў шмат. Некаторым у прыватныя паведамленні я пішу і тлумачу, чаму не падзяляю іх думкі і каментарыі або чаму яны памылковыя.

 

Ёсць у сацыяльных сетках і яшчэ адна праблема. Калі прасцей «напісаць», чым «сказаць» ужывую. Гэта не ёсць добра. Трэба не толькі пісаць, але і гаварыць. Важныя вочы, позірк, пастава. Фэйсбук не дазваляе сказаць. І ў нас застаюцца словы, так патрэбныя камусьці, але якія так і не сталі сказамі...

Памятаеце, як у прыпавесці аб марнатраўным сыне: «Устану і пайду да айца майго, і скажу яму:  Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою» (Лк 15, 18). Заўважце, евангеліст выкарыстоўвае форму «скажу», а не «напішу».

Таму, напрыклад, нельга прымаць споведзь праз Фэйсбук, скайп і іншыя каналы сувязі. Па-першае, нельга выключыць прысутнасць іншых асобаў. Да таго ж у сакрамэнце пакаяння прысутны Бог, гэта вельмі інтымны працэс, які павінен адбывацца рэальна.



Гутарыў Ілья Лапато, catholic.by

Фота аўтара


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: