«Біў нагамі з асабістай непрыязі». Бабруйскі пенсіянер расказаў, як яго збілі ў міліцыі

63-гадовы жыхар Бабруйску Уладзімір Ашмянскі, які правёў 18 гадоў у турме за забойства, расказаў, што яго з «асабістай непрыязі» збіў міліцыянт. Пасля інцыдэнту медыкі дыягнаставалі ў мужчыны закрытую траўму брушной поласці і разрыў селязёнкі, якую яму выразалі, піша «Свабода».

Выпіска з бальніцы

Выпіска з бальніцы

 

Пацярпелы: міліцыянт забараніў хадзіць у цэнтры гораду

Уладзімір Ашмянскі ў 2017 годзе вызваліўся з мазырскай калоніі, дзе адбываў 18-гадовае пакаранне за забойства. Ён інвалід 3 групы, пастаяннага жытла не мае. Часова зарэгістраваны ў цэнтры начнога знаходжання «Бомж» ды наведвае дабрачынную арганізацыю «Справядлівая дапамога». Атрымлівае 173 рублі пенсіі. З сынам, які жыве ва Украіне, і з сястрой стасункаў не мае.

Па словах Уладзіміра Ашмянскага, яго пабілі ўвечары 29 снежня ў міліцэйскім пастарунку № 12 Бабруйску. Міліцыянт нібыта прычапіўся, што ён часта ходзіць па вуліцы Крылова ў цэнтры гораду, а гэта яму не падабаецца. Гэтага міліцыянта Ашмянскі не раз бачыў, але як завуць, не ведае. Пенсіянер кажа, што яго завезлі ў пастарунак і там цягам пяці хвілін білі нагамі. Каб не выклікаў хуткай дапамогі, кажа пацярпелы, міліцыянты з тэлефона вынялі сім-карту. Адзначае таксама, што ў пастарунку знікла ягонае пасведчанне інваліда.

 

Мужчына называе прычынай збіцця «асабістую непрыязь участковага».

«Калі мяне прывезлі ў міліцыю, то ён адразу нагадаў, што папярэджваў пра вуліцу Крылова, — згадвае пенсіянер. — Калі ж я яму адказаў: “Дзе хачу, там і хаджу”, то ён мяне пачаў біць».

 

«Прыходзіў эксперт і зафіксаваў пабоі»

У траўмапункт Ашмянскі звярнуўся праз два дні пасля збівання — 31 снежня. Траўмы зафіксаваныя ў дакументах аб абследаванні. У выпісцы з Бабруйскай бальніцы хуткай дапамогі пазначана, што 1 студзеня пацыенту зрабілі аперацыю і два тыдні ён ляжаў у хірургічным аддзяленні.

 

Так выглядае ў Ашмянскага жывот пасля аперацыі

Суразмоўца кажа, што па факце выяўленых цяжкіх цялесных пашкоджанняў супрацоўнікі Бабруйскага міжраённага аддзелу Следчага камітэту завялі крымінальную справу. Але следчыя не пакінулі яму ніякіх папер.

«Я хачу, каб чалавек, які зрабіў мяне яшчэ большым інвалідам, панёс за гэта пакаранне», — кажа Уладзімір Ашмянскі.

СК: праводзіцца расследаванне

Афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці Анастасія Лаўрыновіч пацвердзіла «Свабодзе», што «па факце прычынення мужчыну цяжкіх цялесных пашкоджанняў» завялі крымінальную справу (ч. 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэксу).

«Цяпер праводзіцца расследаванне і вызначаецца асоба, якая прычыніла цяжкія цялесныя пашкоджанні, — сказала яна. — Хто канкрэтна нанёс пашкоджанні, казаць яшчэ рана».

Іна Студзінская, www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: