Бізнесмен Ізраілевіч гатовы адклікаць пазоў да «Новага часу», але пры адной умове

Бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч судзіцца з выданнем «Новы час», якое выпусціла шэраг матэрыялаў пра яго датычнасць да скандальнага рэстарана «Поедем, поедим». Ён хоча спагнаць з газеты 40 тысяч рублёў за «маральныя пакуты, пагаршэння стану і шкоду рэпутацыі».
Першае судовае паседжанне, праўда, ні да чаго не прывяло — сам Ізраілевіч на яго не прыйшоў, а суд пастанавіў «удакладніць патрабаванні да газеты».

Як заявіў сам Ізраілевіч у каментарыі «Нашай Ніве», ён перагледзеў сітуацыю і гатовы адклікаць пазоў.

«Мяне не цікавяць тыя грошы, я не хачу забіраць іх у незалежнай прэсы. Я ўвогуле паважаю незалежную прэсу — заўсёды павінен быць адлюстраваны іншы погляд. Я таксама звярну ўвагу, што пра Курапаты я ніводнага кепскага слова не сказаў, я толькі назваў швондзерамі тых, хто кідаецца пад машыны і лаецца пры дзецях. Я таксама выбачыўся перад Анісім [дэпутатку Алену Анісім ён палічыў гаспадаром газеты «Новы час» — Рэд].

А што да газеты… Ну вось Івашын [журналіст Дзяніс Івашын — аўтар цыкла расследаванняў пра рэстаран у Курапатах — Рэд.]— ён бачыць, што я катэгарычна не згодны з яго першай публікацыяй, а потым не каб пазваніць мне! Выпускае яшчэ чатыры і ў судзе абяцае пятую! Гэта нармальна? Калі б ён са мной пагаварыў, то я б дакументамі разбіў яго сцверджанні.

Таму я прапаную наступнае: разабрацца да 10 верасня з юрыстамі. Вось сядаю я са сваім і газета са сваім, давайце яшчэ побач пасадзім пару журналістаў: «Нашу Ніву», «Тутбай», «Свабоду». І па кожным пункце праверым.

Калі там напісана праўда, то я ў гэтым публічна прызнаюся, калі не, то маё патрабаванне простае: «Новы Час» напіша, што іх журналіст Івашын надрукаваў неправераную інфармацыю, вось і ўсё».

Паводле Нашай Нівы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-08-30 13:24:20
Чэл сам не ведае, чаго хоча... Ну, зараз, відаць, нічога і не атрымае.
Лепей бы даў грошы на выданне новага перакладу "Зельманцаў" Кульбака (з ідыша на беларускую), чым усёй гэтай фігнёй займацца.
  • Мамчын сын
  • 2018-08-30 14:16:14
А што спадару Ізраілевічу перашкаджала патэлефанаваць Дзянісу Івашыну пасля першай публікацыі? Ці яму прасцей у суд з позвай звярнуцца, чым слухаўку ўзяць у рукі? :) Ці дэлавая рэпутацыя яшчэ больш сапсавалася б ад таго тэлефанавання?
  • Люстэрка
  • 2018-08-30 15:20:33
Нельга верыць Ізраілевічу. Ён проста хоча даведацца пра ўсе так бы мовіць козыры, якія падрыхтаваў Новы Час да наступнага паседжання суда. Пасля чаго Ізраілевіч адмовіцца ісці на міравую і выкарыстае ўсё, пра што даведаецца, на судзе.
  • Юрась Беларус
  • 2018-08-30 20:12:41
Ізраілевіч таварыш такі: як увосень - на дзень пагод восем. Хай спачатку адзывае пазоў, потым будзем з ім размаўляць. Размовы дзеля лахтарату "калі мне..., тады я..." нікім зараз усурʼёз не ўспрымаюцца.

Больш цікавага на «Новым Часе»: