Беларуская апазіцыя выйшла на пікеты (фота)

Грамадзянская кампанія "Гавары праўду!" 25 студзеня прэзентавала 17 сваіх кандыдатаў на мясцовых выбарах пікетам у іх падтрымку каля Камароўскага рынку ў Мінску . На пікеце выступілі старшыня кампаніі Уладзімір Някляеў, яго намеснік Андрэй Дзмітрыеў і "капітан" мінскай каманды кандыдатаў Ігар Драко.



На мясцовых выбарах "Гавары праўду!" выступае з праграмай "Зручны горад". Паводле словаў Андрэя Дзмітрыева, у кампаніі няма ілюзій адносна афіцыйных вынікаў выбараў, і пасля іх завяршэння кандыдаты ад кампаніі працягнуць працу з выбарцамі ў рамках "ценявых саветаў дэпутатаў", перадае БелаПАН.

 
 
На працягу ўсяго часу пікету яго здымалі на камеры людзі ў цывільным. А прадстаўнік выбарчай камісіі Савецкага раёна Мінска Пётр Салаўёў заявіў пра намер скласці акт аб парушэнні па факце збору подпісаў на пікеце за ініцыятыву "Народны рэферэндум".
 
 
 
Між тым у мінскім мікрараёне Малінаўка каля ГЦ "Максімум" 26 студзеня прайшоў агітацыйны пікет за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета сябра Партыі БНФ Юрыя Меляшкевіча, падчас якога кіраўніцтва ПБНФ і Руху "За Свабоду" агітавалі супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх ваенных баз.
 
 
 
 
На працягу першай паўгадзіны правядзення пікету да яго ўдзельнікаў двойчы падыходзілі супрацоўнікі міліцыі, якія цікавіліся наяўнасцю дазволу на пікет і патрабавалі прыбраць бел-чырвона-белы сцяг.
 
 
 
 
Як паведамляў Тэлеграф, Мінгарвыканкам вызначыў месцы, забароненыя для правядзення пікетаў па зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Мінгарсавета 27-га склікання. У прыватнасці, пікеты забаронена праводзіць на Кастрычніцкай і Прывакзальнай плошчах, плошчах Незалежнасці і Перамогі, на аб'ектах метрапалітэна (за выключэннем тэрыторый падземных пешаходных пераходаў), чыгуначнага і паветранага транспарту.
 
 
Фота Аляксея Сталярова, telegraf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: