Беларускі будаўнічы тыдзень–2016 дапаможа дабудаваць унікальны дзіцячы хоспіс

Дабрачынны марафон у падтрымку будаўніцтва беларускага дзіцячага хоспіса ў пасёлку Доследны будзе праходзіць падчас 44 Выставачнага тыдня будаўнічай індустрыі і аздобных матэрыялаў.



Фота з сайта krynica.info


Пра гэта паведаміла дырэктар грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс» Ганна Гарчакова.

Супрацоўнікі дабрачыннай арганізацыі 2–4 сакавіка прадставяць у Мінску на выставе «Беларускі дом. Вясна» праект будаўніцтва новага хоспіса ў пасёлку Доследны (Мінскі раён). Спецыялісты таксама раскажуць пра інавацыі, выкарыстаныя ў архітэктуры аб’екта.

Сродкі, атрыманыя ад продажу кожнага 10-га ўваходнага білета, будуць накіраваны на будаўніцтва хоспіса.

Па словах Ганны Гарчаковай, будаўніцтва будынка дзіцячага хоспіса на бягучы момант практычна завершана, засталіся толькі аздобныя працы. Мяркуецца, што хоспіс запрацуе ў чэрвені гэтага года.

«Збор сродкаў на будаўніцтва беларускага дзіцячага хоспіса пачаўся 1 чэрвеня мінулага года. За гэты час дзякуючы ахвяраванням жыхароў нашай краіны і дапамогі неабыякавых замежнікаў была сабрана неабходная для ўзвядзення і аздаблення новага будынка сума», — распавядае кіраўнік арганізацыі.

«Не бывае маленькіх і вялікіх грошай. Ды і ў прынцыпе дабро не варта было б вымяраць матэрыяльна. Галоўнае, людзі разумеюць, што невялікімі высілкамі яны могуць аказаць дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Акрамя таго, дабрачыннасць вучыць кожнага з нас шанаваць жыццё», — дзеліцца меркаваннем Ганна Гарчакова.

Новы будынак стане ўнікальнай пляцоўкай аказання дзіцячай паліятыўнай дапамогі не толькі ў Беларусі, але і на прасторах СНД. Яна будзе ўключаць стацыянарнае аддзяленне на 10 ложкаў і дзённы стацыянар на 20 месцаў. Апошняе ўяўляе сабой камбінацыю цэнтра рэабілітацыі дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і школу правільнага дагляду для бацькоў.

Акрамя таго, на базе новага будынка дзіцячага хоспіса ў хуткім часе плануецца пачаць правядзенне навучальных онлайн-семінараў для медработнікаў, якія будуць нацэленыя на павышэнне якасці дапамогі юным паліятыўнага пацыентам.

«Такая форма вучобы найбольш аптымальная для практыкуючых спецыялістаў. Справа ў тым, што ў невялікіх населеных пунктах у медыкаў няма магчымасці надоўга адлучацца з працоўнага месца на семінары. З дапамогай сеткі Інтэрнэт яны змогуць паглыбляць веды прама на працоўных месцах і там жа ўжываць іх для аказання дапамогі сваім пацыентам», — каментуе Ганна Гарчакова.

44 Выставачны тыдзень будаўнічай індустрыі і аздобных матэрыялаў, якая пройдзе ў мінскім Палацы спорту 2-4 сакавіка, у гэтым годзе адкрые будаўнічы сезон.

У рамках Тыдня адбудуцца тэматычныя выставы «Беларускі дом. Вясна» і «Еўрарамонт», а таксама архітэктурна-будаўнічы форум «БЕЛБІЛД эвалюцыя».

Выстава «Беларускі дом. Вясна» праводзіцца ў Мінску ўжо ў 44 раз і з’яўляецца найстарэйшай будаўнічай выставай краіны.

krynica.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: