Беларускія сыны: тайбаксёры Кулебін, Валент і Варац разграмілі зорных апанентаў на вачах усёй планеты

Гэта здарылася на турніры Topking World Series, які трансляваўся на 170 краін свету. Дзмітрый і Марыя Валенты выходзілі біцца ў беларускіх вышыванках.



Двубоі прайшлі 13 верасня ў Мінску, хоць былі арыентаваныя пераважна на азіяцкія краіны. Было заяўлена, што толькі ў Кітаі аўдыторыя тэлегледачоў склала каля…300 мільёнаў чалавек.
 
 
У сценах Белдзяржцырка выступіў самы распіяраны баец муай-тай свету Буакаў, а таксама тры героі праекта «Байцоўскі ген»: Андрэй Кулебін, Дзмітрый Валент і гарадзенец Дзмітрый Варац. У якасці гасцей і секундантаў на байцоўскім шоу прысутнічалі Віталь Гуркоў і знакаміты італьянец Джорджыа Петрасян. Судзілі баі замежныя суддзі. Сапернікаў беларусам прывезлі надзвычай моцных — чэмпіёнаў самага прэстыжнага тайскага стадыёна Люмпіні. Абслугоўвалі паядынкі замежныя суддзі і рэферы.
 
 
Лёсаванне звяло нашага Андрэя Кулебіна з надзеяй іранскага муай-тай Эйза Аламда Нязамам. У першым раўндзе зорны беларус меў пэўныя праблемы, у другім распачаў агрэсіўны наступ і ўрэшце накаўтаваў іранца ўдарам па сцягне (лоў-кікам). Такім чынам, Андрэй выйшаў у наступны этап турніра Topking World Series, які адбудзецца у Ганконгу.
 
 
— У пачатку бою я прапусціў локаць насустрач, таму спачатку прыглядаўся, не хацеў рызыкаваць. Ён біў нестандартна, размашыста. А потым, калі сапернік прытаміўся, пачаў браць сваё. Былі добрыя падказкі з майго кута. Усё пачало выдатна атрымлівацца. Гэта новая для мяне вагавая катэгорыя (70 кг). Буду рыхтавацца да наступнага этапу, да моцных удараў у гэтай катэгорыі трэба прызвычайвацца.
 
 
Гарадзенец Дзмітрый Варац (63 кг) выйшаў баксіраваць супраць чэмпіёна стадыёна Люмпіні Ранграві. Тайскі сапернік, збянтэжаны габарытамі беларуса і яго пісьменнай работай, так і не змог трапіць у зону камфорту. У першым жа раўндзе Дзмітрый стрэліў сваёй фірмовай напрацоўкай: без замаху трапіў хай-кікам у сківіцу Ранграві. У выніку — брутальны накаўт.
 
 
— Наўмысна рыхтавалі гэты ўдар пад Ранграві. Гэта вядомы баец, і ў інтэрнэце хапала відэазапісаў яго выступленняў, — расказаў Дзмітрый Варац адразу пасля паядынку. — Мы з трэнерам прааналізавалі відэа, выявілі слабыя бакі саперніка і спадзяваліся альбо на ўдар правым каленам, альбо на хай-кік у галаву. Так яно і выйшла.
 
 
Дзмітрый Валент (77 кг) змагаўся супраць тайца Панома. У першым раўндзе беларус натрапіў на сустрэчны локаць і атрымаў цяжкае рассячэнне. У любы момант двубой маглі спыніць. Але ў другім раўндзе Валент феерычна выключыў Панома левым сустрэчным. Гэта цяжка апісваць. На гэта варта паглядзець.
 
 
— Рассячэнне локцем атрымаў, калі паляцеў наперад з апушчанай рукой. Выціраў кроў рукой і, у прынцыпе, кантраляваў саперніка. Вельмі хацелася перамагчы, — дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый. — Спадзяюся, што дам рады гэтай траўме і праз тыдзень змагу паехаць у складзе нацыянальнай зборнай на чэмпіянат Еўропы.
 
 
Дадамо, што на рынг Дзмітрый выйшаў у беларускай вышыванцы. Зрэшты, як і яго жонка Марыя, якая ў роўным двубоі саступіла кітаянцы.
 
 
Шчыра віншуем усіх беларусаў!
 
 
Гэты байцоўскі вечар увойдзе ў гісторыю нашага спорту. Паведамім і пра тое, што ў Бразіліі беларускі баец ММА Андрэй Арлоўскі сенсацыйна накаўтаваў топавага Антоніа Сільву і вярнуўся на вяршыні сусветных рэйтынгаў.
 
 
***
 
 
«Байцоўскі ген» — праект кампаніі «Будзьма беларусамі!», мэта якога — пазнаёміць грамадства з нашымі выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым дома. А беларускія спартоўцы маюць унікальны лёс, варты ўвасаблення ў фільмах, кнігах, песнях ды прымаўках. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар нашай краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй, ганарыцеся імі, заўзейце за нашых!
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: