Беларусы падтрымалі далучэнне Крыму да Расіі

Каля 60% апытаных беларусаў адмоўна ацанілі ўкраінскі Еўрамайдан і адхіленне ад улады Віктара Януковіча. Столькі ж апытаных станоўча паставіліся да далучэння Крыму да Расіі, лічачы гэты працэс законным. 



Такія вынікі чэрвеньскага нацыянальнага апытання грамадскай думкі, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Вільня). 
 
 
Так, з улікам далейшага развіцця падзей ва Украіне, Еўрамайдан і адхіленне ад улады прэзідэнта Януковіча станоўча ацанілі 23,2% апытаных, адмоўна — 63,2%, далучэнне Крыму да Расіі назвалі «імперыялістычным захопам, акупацыяй» 26,9%, а «вяртаннем Расіі рускіх зямель, аднаўленне гістарычнай справядлівасці» — 62,2%. 
 
 
Падзеі, якія вясной гэтага года адбываліся на ўсходзе Украіны, у першую чаргу ў Данецкай і Луганскай абласцях, ацанілі як «мяцеж, арганізаваны Расіяй», 23,2%, а як «народны пратэст супраць нелегітымнай улады» — 65,5%. 
 
 
Згодныя з ацэнкай удзельнікаў узброеных пратэстаў на ўсходзе Украіны як «тэрарыстаў» 30,1%, а не згодныя 54,1%; з ацэнкай украінскай улады, якая прыйшла пасля Януковіча, як «фашыстаў» — 50,9%, а не згодныя 28,8%. 
 
 
Да новага прэзідэнта Украіны, абранага 25 траўня, станоўча ставяцца 12%, абыякава — 36%, адмоўна — 21,1%, не лічаць яго законным прэзідэнтам Украіны 15%. 
 
 
У цэлым, на думку 46,1% рэспандэнтаў, Расія аказвае станоўчы ўплыў на Украіну, а на думку 30,5% — адмоўны (23,3% не змаглі вызначыцца з адказам). 
 
 

Беларусы не бачаць расійскай пагрозы 

 
 
Траціна апытаных лічаць неверагодным, «што Расія можа далучыць усю тэрыторыю Беларусі або яе частку», магчымым, але малаверагодным — 36,4%, вельмі верагодным — 26,3%, непазбежным — 4,4%. 
 
 
Як адзначаюць сацыёлагі, невысокі ўзровень трывогі з нагоды магчымай пагрозы з боку Расіі тлумачыцца, верагодна, тым, што большасць беларусаў не бачаць наяўнасці ў краіне галоўнай прычыны, выкарыстанай для вяртання Крыма і наступных дзеянняў у Паўднёва-Усходняй Украіне: толькі 4,8% апытаных згодныя з тым, што ў Беларусі парушаюцца правы рускамоўнага насельніцтва, а 93,2% з гэтым не згодныя. 
 
 
У той жа час, канстатуюць у НІСЭПД, дадзеныя апытання не сведчаць аб вялікай гатоўнасці беларусаў у выпадку пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці краіны следаваць як за афіцыйным лідэрам, так і за яго апанентамі. 
 
 
Калі б гэта адбылося, то пра гатоўнасць «супраціўляцца са зброяй у руках» заявілі 14,2% рэспандэнтаў, 47,7% «імкнуліся б прыстасавацца да новай сітуацыі», а 16,5% наогул «віталі б гэтыя змены». 
 
 
На пытанне «Ці ёсць у нашага народа, у нашай краіны ворагі?». Толькі 12,8% адказалі, што «наша краіна акружана ворагамі з усіх бакоў», а амаль 30% лічаць, што «самыя небяспечныя нашы ворагі — скрытыя, унутраныя».
 
 

Расія ці Еўрасаюз? 

 
 
Па дадзеных апытання НІСЭПД, на фоне украінскіх падзеяў у знешнепалітычных арыентацыях беларусаў працягваецца тэндэнцыя «пахаладання» адносінаў да Еўропы. 
 
 
Аднак «пахаладанне» адносінаў да Еўропы ўжо не суправаджаецца «пацяпленнем» да Расіі: на рэферэндуме аб аб'яднанні Беларусі і Расіі, «за» прагаласавалі б 24,8%, супраць - 54,8% (у снежні было 23,9% супраць 51, 4%, у сакавіку 29,3% супраць 47,7%). 
 
 
А пры неабходнасці выбару паміж аб'яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўразвяз за першы варыянт сёння выказваюцца 46.9%, а за другі — 33,1% (у снежні было 36,6% супраць 44,6%, у сакавіку 51,5% супраць 32 , 9%). 
 
 
Значна зменшылася колькасць тых, хто найлепшым варыянтам інтэграцыі Беларусі і Расіі лічыць «стварэнне саюза незалежных дзяржаў, звязаных шчыльнымі палітычнымі і эканамічнымі адносінамі»: у чэрвені 2012 года за яго выказваліся 53,7%, а сёння — 43,5%. 
 
 
Колькасць тых, хто лічыць, што «Беларусь і Расія павінны стаць адной дзяржавай, з адзіным прэзідэнтам, урадам, войскам, сцягам, валютай і да т.п.», знізілася з 13% да 9,8%.  
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: