"Белавія" спыніла палёты над усходняй часткай Украіны

Нацыянальная авіякампанія "Белавія" прыняла рашэнне спыніць палёты над усходняй часткай Украіны, паведамілі БелаПАН у офісе кампаніі.



"У сувязі з катастрофай малайзійскага самалёта ва Украіне "Белавія" вечарам 17 ліпеня прыняла рашэнне не лятаць над усходняй часткай Украіны. Аднак сувязь з Украінай засталася, рэйс Мінск — Кіеў выконваецца два разы ў дзень", — сказалі ў кампаніі. 


Палёты над тэрыторыяй Украіны спыніў таксама шэраг буйных еўрапейскіх і расійскіх авіякампаній.


Самалёт авіякампаніі Malaysia Airlines "Боінг-777" разбіўся 17 ліпеня вечарам у Данецкай вобласці Украіны побач з расійскай мяжой. Ён рухаўся па маршруце Амстэрдам — Куала-Лумпур.


Прадстаўнікі малайзійскай авіякампаніі паведамілі, што на борце знаходзілася 283 пасажыры і 15 членаў экіпажа. Усе яны загінулі. Раней паведамлялася аб 280 загінулых пасажырах. 


На прэс-канферэнцыі ў міжнародным аэрапорце Схіпхол (Нідэрланды) прадстаўнік авіякампаніі паведаміў аб нацыянальнай прыналежнасці некаторых пасажыраў малайзійскага авіялайнера, які разбіўся ва Украіне. Паводле яго слоў, пасажырамі рэйса былі 154 падданых Нідэрландаў, 27 аўстралійцаў, 43 малайзійцы, 12 інданезійцаў, дзевяць брытанцаў, чацвёра грамадзян Германіі, чацвёра бельгійцаў, трое філіпінцаў і адзін канадзец. Нацыянальнасць 41 пасажыра яшчэ не вызначана, адзначаецца ў заяве. Раней СМІ паведамлялі, што на борце былі таксама грамадзяне ЗША. Вечарам 17 ліпеня адбылася тэлефонная размова прэзідэнта ЗША Барака Абамы з Уладзімірам Пуціным. 


Улады Украіны і прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі ўскладаюць адказнасць за крушэнне лайнера адзін на аднаго. Паводле непацверджанай інфармацыі, лайнер быў збіты з ЗРК "Бук".


Расійскі прэзідэнт заявіў, што адказнасць за збіты самалёт у любым выпадку ляжыць на ўладах Украіны. "Безумоўна, дзяржава, над тэрыторыяй якой гэта адбылося, нясе адказнасць за гэтую страшную трагедыю, — сказаў ён на нарадзе па эканамічных пытаннях 17 ліпеня. — Гэтай трагедыі не адбылося б, калі б на гэтай зямлі быў мір, не былі б адноўлены баявыя дзеянні на паўднёвым усходзе Украіны". 


Пуцін даручыў ураду зрабіць усё для дакладнага расследавання катастрофы. "Гэта абсалютна недапушчальныя рэчы, і ніхто не мае права прайсці міма гэтага без адпаведных высноў і без таго, каб у нас з`явілася аб`ектыўная інфармацыя аб здарэнні", — падкрэсліў ён.
 
 
Марына Носава, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: