Блогера Сяргея Ціханоўскага пакаралі 15 суткамі і адразу адпусцілі

11 студзеня каля 15.30 з гомельскага ізалятару часовага ўтрымання знянацку адпусцілі блогера Сяргея Ціханоўскага. Учора яго прывезлі на суд з ізалятара і пакаралі чарговымі 15 суткамі за нібыта ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй, паведамляе Радыё Свабода.
Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі

Першы раз блогер быў асуджаны за нібыта ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі ў Мінску 20 снежня на 15 сутак арышту. Выйсці на волю ён мусіў 11 студзеня. Але 10 студзеня яго прывезлі з ІЧУ на суд, і пакаралі яшчэ 15 суткамі арышту — за нібыта ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй 21 снежня. Сяргей Ціханоўскі сцвярджаў, што не ўдзельнічаў у акцыях — не насіў сцягоў, не выкрыкваў лозунгаў, а здымаў акцыю як блогер.

«Міліцыянты вывезлі мяне з ІЧУ каля 15.30 і выкінулі на вуліцы. Тэлефона я не меў, злавіў таксі. Невядома, калі мяне зноў пасадзяць, можа, нават сёння. У ізалятары сказалі, што пакуль не маюць судовага рашэння на чарговыя 15 сутак для мяне», — распавёў у жывым эфіры пасля выхаду з ІЧУ блогер.

Ён абяцае выйсці ўвечары ў эфір і распавесці падрабязнасці пра сваё затрыманне і ўмовы ў ізалятары. Падчас знаходжання там Ціханоўскага многія людзі дасылалі яму лісты падтрымкі і паштоўкі. «Мне іх не аддавалі. Толькі сёння, пасля выхаду з ІЧУ, мне далі заплечнік паштовак і лістоў. Я ўдзячны ўсім, і ўсім адкажу», — зазначыў Ціханоўскі.

Калі ён зноў трапіць за краты — пакуль невядома.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: