Блогерам Пятрухіну і Кабанаву не дадуць выступіць у судзе з апошнім словам

18 сакавіка ў Ленінскім судзе Магілёва не задаволілі хадайніцтва Сяргея Пятрухіна аб выступленні на працэсе з апошнім словам. У ім ён збіраўся выказаць сваю пазіцыю адносна абвінавачання. Зварот у суд Пятрухін даслаў з карцара следчага ізалятара, піша «Свабода».

11 лютага на першым судовым пасяджэнні за парушэнне парадку яго правядзення суддзя Вольга Краўчанка выдаліла з залы абодвух абвінавачаных. У далейшым іх на працэс не дастаўлялі.

Пятрухін у хадайніцтве тлумачыў неабходнасць выступіць на судзе тым, што падчас папярэдняга следзтва адмаўляўся даваць паказанні. А агучыць іх на судовым працэсе, на ягоную думку, «неабходна і вельмі важна». Адсутнасць на судзе ён разглядае як пазбаўленне «ўсіх правоў, якімі яго надзяліў закон». Выстаўленае абвінавачванне называе «абсурдным, незаконным, не пацверджаным ніякімі фактычнымі доказамі і не адпаведным рэчаіснасці».

Вяртанне Пятрухіна на працэс падтрымалі ягоная адвакатка і абаронца інтарэсаў Кабанава. Яны настойвалі, што толькі абвінавачаныя могуць патлумачыць факты і абставіны, якія з'яўляюцца падставай для крымінальнага пераследу. Наяўнасць жа кваліфікаванага абаронцы не забяспечвае поўнага і ўсебаковага разгляду справы.

Супраць выступіла прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачвання. Яна адзначала, што падобныя звароты суд ужо разглядаў. На яе думку, такі захад уздзеяння, як выдаленне з залы падсудных, быў ужыты абгрунтавана. Паводле пракурора, абвінавачаныя «груба парушалі парадак на судовым пасяджэнні, злосна не падпарадкоўваліся законным патрабаванням яго старшыні». Пазіцыю прадстаўніцы абвінавачання падтрымала суддзя.

Блогерам з Берасця Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі, інкрымінуюць арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама знявагу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў. Акрамя таго, Пятрухіна судзяць за абразу суддзі. Абодвум пагражае да 3 гадоў зняволення. Сваёй віны яны не прызнаюць.

11 сакавіка стала вядома, што Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камеры і кантынгенту, з якім мусіць у ёй знаходзіцца. Зняволенага адправілі ў карцар. У ім ён меўся знаходзіцца да 17 сакавіка.

У хадайніцтве ў суд Пятрухін пацвердзіў, што ў карцар трапіў 25 лютага. Пра прычыны не згадваў. Пры гэтым адзначыў, што 2 сакавіка ад супрацоўнікаў Магілёўскай турмы № 4 даведаўся: пакуль ён у карцары, ягоныя скаргі не будуць рассылацца адрасатам.

18 сакавіка кіраўніку абласной арганізацыі АГП Уладзіміру Шанцаву ўдалося перадаць Пятрухіну перадачу. Шанцаў зрабіў з гэтага выснову, што Пятрухіна выпусцілі з карцару.

Наступнае, дзясятае судовае пасяджэньне прызначанае на 25 сакавіка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: