БНФ звярнуўся да ўладаў Літвы ў справе памяці паўстанцаў Каліноўскага

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў накіраваў на адрас міністра замежных справаў Літоўскай Рэспублікі Лінаса Лінкявічуса і міністра культуры Міндаўгаса Квяткаўскаса зварот у справе ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 года.


Палітык заяўляе пра неабходнасць размяшчэння на магілах паўстанцаў 1863–1864 гадоў надпісаў па-беларуску, паведамляе прэс-служба БНФ.

Ніжэй падаецца поўны тэкст звароту старшыні БНФ Рыгора Кастусёва да ўладаў Літвы:

"Вельмішаноўны спадар міністр!

Перадусім, дазвольце падзякаваць Вам за Вашую працу дзеля развіцця супрацоўніцтва і сяброўства паміж нашымі народамі, а таксама за Вашую цвёрдую пазіцыю па падтрымцы руху Беларусі да дэмакратыі ды грамадзянскіх свабодаў.

Народы Беларусі і Літвы маюць вялікую, багатую і слаўную супольную гісторыю. І, я перакананы, сапраўды багатую ды слаўную будучыню. Менавіта нашая вера ў такую будучыню і жаданне спрыяць сяброўству нашых народаў сталіся прычынай напісання гэтага ліста.

З вялікай радасцю мы даведаліся ў мінулым годзе, што даследчыкі здолелі знайсці ў Вільні ды ідэнтыфікаваць парэшткі пахавання кіраўніка вызвольнага паўстання супраць расейскага прыгнёту Кастуся Каліноўскага, а таксама іншых лідэраў паўстання. Мы таксама цешымся з таго факту, што неўзабаве ў Вільні будуць з належнымі пашанай ды гонарам перапахаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў ды будуць усталяваныя адпаведныя мемарыяльныя шыльды.

Нашую надзвычайную заклапочанасць, аднак, выклікаюць паведамленні ў СМІ аб тым, што на гэтых шыльдах будуць адсутнічаць надпісы на беларускай мове, а толькі на літоўскай і польскай.

Як Вам добра вядома, Кастусь Каліноўскі з’яўляецца нацыянальным героем для беларусаў. Рэспубліка Беларусь мае дзяржаўную ўзнагароду ягонага імя. Многія беларусы шмат гадоў ушаноўваюць памяць Кастуся Каліноўскага ў тых мясцінах, што звязаныя з жыццём і дзейнасцю Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Так, у прыватнасці, актывісты Партыі БНФ з’яўляюцца аднымі з арганізатаў ды актыўных удзельнікаў штогадовага фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага, што адбываецца на радзіме Кастуся Каліноўскага каля Свіслачы.

Той факт, што цяперашнія ўлады Беларусі не надаюць, на наш погляд, патрэбнай увагі ўшанаванню памяці Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў і не выяўляюць належнай актыўнасці ў кантактах з кіраўніцтвам Літоўскай Рэспублікі дзеля праўдзівага адлюстравання на шыльдах мемарыялу, што рыхтуюцца да ўсталявання, значнасці постаці Кастуся Каліноўскага ды іншых герояў паўстання 1863–1864 гадоў для беларускай нацыі, абсалютна не можа і не мусіць лічыцца сведчаннем таго, што Кастусь Каліноўскі нібыта не з’яўляецца беларускім нацыянальным героем.

Той факт, што свае лісты з-пад шыбеніцы Кастусь Каліноўскі пісаў менавіта па-беларуску, таксама бясспрэчна вымагае прысутнасці беларускай мовы на магіле гэтага вялікага дзеяча.

Кожная ўлада непазбежна змяняецца, але сёння менавіта ва ўладзе Ураду Літоўскай Рэспублікі, у тым ліку ў Вашай уладзе пакінуць тую спадчыну, якая будзе спрыяць сяброўству, узаемнай павазе ды добраму суседству народаў Літвы і Беларусі.

Дзеля гэтага мы звяртаемся да Вас з вялікай просьбай і настойлівым заклікам зрабіць неабходныя захады, каб беларуская мова прысутнічала на новых мемарыяльных шыльдах у месцы пахавання Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў у Вільні.

У выпадку зацікаўленасці літоўскага боку мы гатовыя, разам з іншымі беларускімі арганізацыямі ды грамадскімі ініцыятывамі арганізаваць удзел аўтарытэтных ды высокакваліфікаваных беларускіх экспертаў дзеля ўдзелу ў падрыхтоўчых мерапрыемствах па перазахаванні ды стварэнні мемарыялу Кастуся Каліноўскага ды іншых лідэраў паўстання.

З павагай,

Рыгор Кастусёў

старшыня Партыі БНФ"


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!