Больш за 50 беларускіх і замежных арганізацый выступілі ў падтрымку праваабарончага цэнтра «Вясна»

Галоўнае ўпраўленне ў раследаванні злачынстваў цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі завяло крымінальную справу па факце дзейнасці цэнтра «Вясна». Праваабаронцы з усяго свету лічаць пераслед палітычна матываваным, распавядае «Свабода».
Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Архіўнае фота

Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. Архіўнае фота

Як вынікае з афіцыйных каментароў Следчага камітэта, «Вясна» нібыта ажыццяўляе «фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).

Цяпер праводзяцца ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў і кватэрах сябраў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні.

«Лічым гэта абсалютна надуманым і галаслоўным абвінавачаннем, а саму атаку на праваабарончы цэнтр "Вясна" — палітычна матываваным пераследам, які мае на мэце спыніць дзейнасць арганізацыі, запалохаць грамадзянскую супольнасць, працягнуць нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве. Мы выказваем сваю салідарнасць з "Вясной" і расцэньваем сітуацыю як помсту за актыўную праваабарончую дзейнасць», — гаворыцца ў калектыўнай заяве, якую падпісалі 52 беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі.

Заяўнікі выказваюць рашучы пратэст пераследу калег, аказання ціску на грамадзянскую супольнасць і патрабуюць ад улад Беларусі:

1. Спыніць пераслед, арышт і іншы ціск на праваабаронцаў і актывістаў у сувязі з іх законнай дзейнасцю, у тым ліку па аказанні прававой, дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам рэжыму.

2. Неадкладна спыніць крымінальны пераслед праваабарончага цэнтра «Вясна» і яго сяброў.

3. Вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку, Таццяну Ласіца, Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а таксама сотні іншых палітвязняў.

4. Забяспечыць гарантыі неўмяшання ў законную праваабарончую дзейнасць, спыніць кампанію дыскрэдытацыі актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Аўтары звароту заклікалі міжнародныя арганізацыі і інстытуцыі публічна выказаць сваю ацэнку з нагоды пераследу беларускіх праваабаронцаў, а таксама выкарыстоўваць разнастайныя спосабы для аказання ўплыву на змену цяперашняй сітуацыі.

Поўны спіс падпісантаў ТУТ.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: