Больш за дзесяць дэлегатаў дэманстратыўна сышлі са з'езду ПЭН-цэнтра

У суботу, 26 кастрычніка, у мінскім Палацы мастацтва прайшоў з'езд беларускага ПЭН-цэнтра. Адной з галоўных яго інтрыг было пытанне ўдзелу ў арганізацыі пісьменніка і палітыка Паўла Севярынца, які прынцыпова не плаціў унёскі — і за гэта яго выключылі. За некалькі дзён да з'езду ён апублікаваў адкрыты ліст, у якім абвінаваціў цяперашняе кіраўніцтва цэнтра ў «ганеннях на хрысціян» і «гей-лобі». На самім з'ездзе разглядалася яго апеляцыя. Галасаванне па гэтым пытанні практычна сарвала з'езд — больш за дзесяць членаў ПЭН-цэнтра ў знак пратэсту пакінулі залу.
Павал Севярынец

Павал Севярынец

Рашэнне аб выключэнні Севярынца з ПЭН-цэнтра прымаў савет арганізацыі. Паводле статуту, адмяніць яго можа толькі вышэйшы орган — агульны з'езд дэлегатаў, які праходзіць адзін раз у два гады. Напярэдадні з'езду Павел Севярынец падаў заяву, у якой прасіў адмяніць яго выключэнне. Для гэтага ён заплаціў усе ўнёскі з 2014 года.

Галасаванне па пытанні Севярынца доўжылася больш за паўгадзіны — і было самым дыскусійным. За адмену выключэння і супраць гэтага выказваліся многія дэлегаты, сярод якіх — пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтка Юлія Цімафеева, публіцыст Аляксандр Фядута і іншыя.

У выніку было прынята рашэнне аднавіць сяброўства Севярынца ў беларускім-ПЭН-цэнтры.

Многія дэлегаты з гэтым не пагадзіліся, паколькі рашэнне, па іх меркаванні, было прынята не простай большасцю галасоў, як гэта патрэбна. Справа ў тым, што арганізацыя складаецца з 112 чалавек. На з'езд прыйшло 59 пісьменнікаў і журналістаў. Але не ўсе былі ў залі падчас галасавання.

У знак пратэсту больш за дзесяць членаў ПЭН-цэнтра сышлі са з'езду. Некаторыя парвалі свой мандат дэлегата. Далейшы ход з'езду апынуўся пад пагрозай.


Што такое ПЭН-цэнтр?

ПЭН-клуб — гэта міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая аб'ядноўвае прафесійных пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, перакладчыкаў, журналістаў. Ён быў створаны ў 1921 годзе, каб пашырыць супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій і абараняць іх правы.

Усяго ў свеце каля 140 аўтаномных прадстаўніцтваў, якія ўваходзяць у міжнародны ПЭН-цэнтр. Сёння яго ўзначальвае амерыканская пісьменніца Джэніфер Клемент. Адным з пяці віцэ-прэзідэнтаў нядаўна стала беларуска Святлана Алексіевіч.

Беларускі ПЭН-цэнтр увайшоў у склад міжнароднага ў 1990 годзе. Яго першым прэзідэнтам быў паэт Рыгор Барадулін. Затым — Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Някляеў і Андрэй Хадановіч. З 2017 года арганізацыю ўзначальвае паэтка і перакладчыца Таццяна Нядбай.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: