«Больш за палову заробку аддаю на жыллё»

Мала паступіць у ВНУ, а пасля яго паспяхова скончыць. Вельмі важна пасля вучобы знайсці працу, на якой малады спецыяліст будзе не толькі атрымліваць нармальныя грошы, але і рэалізоўваць свой патэнцыял. Ці магчыма гэта ў сучаснай Беларусі?

Мы пацікавіліся ў былых выпускнікоў, як яны ўладкаваліся, наколькі цяжка было знайсці працу і куды адпраўляюць «бюджэтнікаў».

Марта, выпускніца Інстытута журналістыкі БДУ:

— Да моманту размеркавання я не паспела знайсці працу, таму давялося выбіраць з прапанаваных. Я сама з Маладзечна, і выбар стаяў паміж суседнімі райцэнтрамі — або фотакарэспандэнтам у Вілейку, або карэспандэнтам у Валожын. Я пагадзілася на другі варыянт. Ужо на працы змагла дамовіцца на пасаду стылістычнага рэдактара. Я даўно зразумела, што гэтая дзейнасць мне падабаецца значна больш, чым непасрэдна журналістыка. Цяпер я вычытваю палосы, выпраўляю памылкі і недахопы ў матэрыялах. Акрамя гэтага займаюся вядзеннем акаўнтаў выдання ў сацыяльных сетках.

Пакуль праца мне вельмі падабаецца: я чакала, што будзе горш. Калектыў трапіўся цудоўны, у любы момант магу звярнуцца да іх па дапамогу, і гэта надае мне ўпэўненасці.

Але, на жаль, рэдакцыя не валодае месцамі ў інтэрнаце, а здымаць пакой або кватэру ў Валожыне даволі дорага: на здзіўленне, цэны на жыллё тут — амаль як у Мінску. Таму даводзіцца кожны дзень ездзіць з Маладзечна на маршрутцы. Дарога займае каля 40 хвілін, але кошт праезду ў адзін бок — тры рублі. За месяц атрымліваецца немалая сума. Працаваць дома я не магу, бо вычытваю не электронную версію, а друкаваныя макеты. Таму падчас працоўнага дня я павінна знаходзіцца ў рэдакцыі, каб у выпадку неабходнасці адрэдагаваць новы макет.

Атрымліваю не вельмі шмат, але жыць можна. Пры жаданні і наяўнасці вольнага часу, магу пісаць матэрыялы для нашай газеты за ганарар, што, безумоўна, радуе.

Я не ведаю, што будзе па заканчэнні размеркавання. Хацелася б знайсці працу ў родным горадзе ці ў Мінску. У ідэале — працягнуць працаваць стыль-рэдактарам, але не ў газеце, а ў якім-небудзь выдавецтве або на вэб-рэсурсе. Але i магчымасць застацца ў Валожыне таксама канчаткова не адмаўляю.

Уладзіслаў, выпускнік БДУІР:

— Яшчэ са школьных часоў я захапляўся праграмаваннем. На другім курсе ўжо прафесійна працаваў у ІТ-сферы, а на апошнім знайшоў вакансію Android-распрацоўніка ў вядомым інтэрнэт-каталозе. Туды я адправіў рэзюмэ, зрабіў тэставае заданне, і мяне запрасілі на сумоўе, якое я паспяхова прайшоў. Досвед ужо быў, як і працоўная кніжка, але ў яе ніхто не глядзеў. Універсітэт скончыў на платнай аснове, размяркоўвацца было не трэба.

У мае абавязкі ўваходзіць распрацоўка мабільнай прылады рэсурсу. У нас іх дзве: для каталога і аўтабарахолкі. Я пішу код, займаюся падтрымкай праграмы, адказваю на водгукі карыстальнікаў. Можна працаваць дома, але гэта не вельмі вітаецца.

Велізарная перавага маёй працы — стаўленне да супрацоўнікаў. У кожным пакоі офіса ёсць кандыцыянер і нават душ. Для адпачынку маецца гульнявы пакой з настолкамі, прыстаўкай ды іншымі гульнямі. Добрая кухня, дзе штодзень прысутнічае свежая садавіна і прадукты для перакусу: можна зрабіць хот-догі і бургеры. Кожнаму праграмісту ў офісе даецца на выбар imac або macbook: на мінулай працы такіх умоў не было. І даволі добры заробак, калі лічыць, што я — малады спецыяліст.

Калі шчыра, пакуль недахопаў у працы я не знаходзіў: да гэтага я напакутаваўся ў аўтсорсе і трохі ў стартапе. Таму цяпер мінусаў не бачу. Нядаўна працягнуў кантракт, так што сыходзіць не збіраюся. Але можа ў будучыні пачну сукенкі для вяселляў шыць — як адзін з былых нашых супрацоўнікаў.

Ганна, выпускніца біялагічнага факультэту БДУ:



— Мяне размеркавалі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр эпідэміялогіі і вірусалогіі. Яшчэ на другім курсе я вырашыла, што буду рабіць курсавую работу ў РНПЦ, бо я цікаўлюся вірусамі. Мне спадабалася, тут я напісала свой дыплом і вырашыла застацца на працы. Размеркаванне на біяфаку праходзіць так, што 90% выпускнікоў шукаюць сабе працоўныя месцы самі. Тое, што прапануе факультэт, з кожным годам становіцца ўсё горш і ў плане заробкаў, і ў плане перспектыў. Па гэтых мерках я атрымала даволі добрую адпрацоўку, бо ўмовы ў большасці дзяржаўных лабараторый майго профілю яшчэ горшыя.

На працы я займаюся правядзеннем аналізаў на ВІЧ і гепатыты — ад апрацоўкі крыві да выдачы вынікаў пацыентам. Мне падабаецца, што мая праца прыносіць карысць людзям, адчуваю сябе патрэбнай. Цікава засвойваць новыя методыкі дыягностыкі, паглыбляць і пашыраць свае веды.

Але мяне не задавальняе ўзровень заробку. Я сама з Маладзечна, і мне даводзіцца здымаць кватэру ў Мінску. На яе ідзе больш за палову заробку. Але мяне паабяцалі забяспечыць інтэрнатам. Паглядзім, што будзе.

Не радуюць у працы і савецкія перажыткі. Шмат бессэнсоўных паперак ды непатрэбных структур. Але калектыў мяне задавальняе.

Я пакуль не вырашыла, ці застануся тут. Ёсць думкі працаваць не па спецыяльнасці.

Аляксандр, выпускнік кафедры статыстыкі БДЭУ:

— На працягу майго навучання выкладчыкі казалі, што размяркуюць у органы дзяржаўнай статыстыкі, так што патрэбы шукаць першае працоўнае месца не было, дый у прыватную фірму мяне маглі і не адпусціць. Найлепшых выпускнікоў звычайна пакідалі ў Мінску і адпраўлялі ў галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы ці вобласці. Можна было ўвогуле трапіць у цэнтральны апарат Белстата — самае прэстыжнае месца размеркавання па маёй спецыяльнасці. Атрымліваць «па 500» ў дзяржорганах статыстыкі, як мне распавядалі, можна, але толькі ў цэнтральным апараце і не на самай нізкай пасадзе.

Але адбылася апымізацыя кадраў дзяжорганаў. Пра гэта мне паведамілі толькі падчас пераддыпломнай практыкі. І ўсё ж я спадзяваўся, што хоць адно месца ў Мінску будзе, бо я ішоў першым на размеркаванне. І ў выніку лепшай вакансіяй для адпрацоўкі стала пасада эканаміста ў Галоўным статыстычным упраўленні Віцебскай вобласці. Але я жыву ў Мінску, ехаць у Віцебск мне не хацелася, дый жыллё не прапанавалі. У выніку мне ўдалося пераразмеркавацца. Але не ўсё было так проста. Я прайшоў шэраг бюракратычных момантаў, аж да таго, што давялося ехаць у Віцебск, аформіцца там на працу і звольніцца праз пару дзён.

Цяпер я працую ў Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтры Міністэрства адукацыі. Мая пасада гучыць як «бізнес-аналітык», што не зусім супадае з дыпломам. А займаюся я і не першым, і не другім. Я меркаваў, што буду працаваць з аналітыкай у сваёй сферы і займацца навуковай дзейнасцю, як мне абяцалі на сумоўі. Спачатку мы з калегамі рабілі папяровую працу, напаўнялі сайт ведамства кантэнтам, і нават стваралі акаўнты ў сацыяльных сетках. Далей удзельнічалі ў арганізацыі Рэспубліканскага педагагічнага савета на ўзроўні валанцёраў: раздавалі бэджыкі і рэкламныя пакункі.

Прафесійныя навыкі статыстыка я выкарыстоўваю вельмі мала: толькі аднойчы напісаў аналітычную запіску, ды пры апісанні дакументацыі часта звяртаюся да лічбаў. Нават зараз прыкладна 95% усіх маіх абавязкаў не маюць ніякага дачынення ні да аналітыкі, ні да статыстыкі.

Але ўсё ж праца разнастайная і цікавая. Яна дае магчымасць пашырыць кола інтарэсаў. Я навучыўся напаўняць сайт, займацца тэхнічным перакладам. Калектыў вельмі малады, гэта таксама радуе.

Рэалізавацца па спецыяльнасці тут будзе няпроста. Пасля двух гадоў размеркавання я чакаю ўсё ж болей досведу. Сапраўднай бізнес-аналітыкі ў маёй працы было няшмат, і пакуль маё прафесійнае развіццё ідзе не зусім у тым накірунку, у якім хацелася б. Заробак таксама не вельмі: зараз я працую на 1,25 стаўкі амаль па 11 гадзін з панядзелка па пятніцу і атрымліваю ўсё адно далёка не «сярэдні па краіне».

Ганна, выпускніца БДУІР:


— Мне пашанцавала адпрацаваць сваё бюджэтнае навучанне ў вельмі вядомай краме. Ва ўніверсітэце выпускнікоў імкнуліся «прыткнуць» хоць куды, усіх прымушалі самастойна шукаць працу. Тых, хто не варушыўся, нават выклікалі ў дэканат і пужалі размеркаваннем невядома куды, калі не знойдуць месца. Такім чынам, маё ўладкаванне ў «ІП Белавус» не выклікала ніякіх пытанняў. Гэта толькі зрабіла палёгку кафедры: яшчэ з адным студэнтам не трэба разбірацца.

З камандай крамы я пазнаёміліся даўно. У 2014-м я прайшла «Школу арт-менеджараў» ад «Арт-Сядзібы» і перыядычна дапамагала ўстанове ў арганізацыі мерапрыемстваў і акцыяў. Праз нейкі час я навучылася маляваць на камп’ютары і пачала рабіць для пляцоўкі афішы і малюнкі для сацсетак. Напачатку года хлопцы запрасілі мяне на сталую працу інтэрнэт-маркетолага.

Калі працуеш у маленькай кампаніі, штат якой складаецца з некалькіх чалавек, так ці інакш даводзіцца займацца амаль усім. Асноўная мая праца — вядзенне сацыяльных сетак, рэклама ў інтэрнэце, камунікацыя з кліентамі, адміністраванне сайту, стварэнне макетаў для прамоцыі.

Я вельмі палюбіла працу ў сацсетках і спрабую развівацца ў гэтым кірунку. Таксама любімай часткай застаецца праца з графічнымі рэдактарамі — я захаплялася гэтым яшчэ са школы і заўжды хацела, каб мая прафесія была звязаная з дызайнам. Менавіта творчая частка натхняе і матывуе да руху наперад. Заробак мяне цалкам задавальняе: хапае на адпачынак, мажліва ў будучыні буду здымаць кватэру.

Галоўны недахоп — прыходзіцца працаваць у офісе, а не дома, хоць большасць маіх абавязкаў выконваюцца праз камп’ютар. Таму пяць разоў на тыдзень даводзіцца ездзіць на працу электрычкай з Дзяржынска. Часам стамляе манатонная частка — калі табе трэба выставіць на сайт мноства тавараў ці калі адзін за адным паступаюць тэлефанаванні з аднолькавымі пытаннямі. Але ж гэта неад’емная частка працэсу.

Сыходзіць пасля размеркавання пакуль не збіраюся. Наш калектыў — гэта тыя людзі, з якімі я марыла працаваць, ды і тая справа, за якую заўзею ўсёй душой. Таму я матываваная яе рабіць якасна і ўвесь час развівацца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: