Больш за сто недзяржаўных арганізацый трапілі пад «зачыстку». Спіс дапаўняецца

У Беларусі ўлады працягваюць ліквідаваць недзяржаўныя арганізацыі. «Вясна» збірае спіс арганізацый, якія патрапілі ў махавік рэпрэсій, і распавядае, як у Беларусі закрываюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

30 ліпеня Лукашэнка налічыў 185 «дэструктыўных» няўрадавых арганізацый: «У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структур, якія прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадскае аб'яднанне, 113 устаноў».

Як і на якіх падставах у Беларусі знішчаюць НДА?

Вялікая «хваля зачысткі» абрынулася на арганізацыі беларускай грамадзянскай супольнасці 22 ліпеня, але некаторыя арганізацыі ліквідавалі яшчэ незадоўга да гэтага. Так, напрыклад, здарылася з брэсцкімі арганізацыямі «Дзедзіч», «За свой горад», тэатр «Крылы халопа» і іншыя.

У махавік рэпрэсій трапляюць недзяржаўныя арганізацыі незалежна ад напрамку і характару дзейнасці. Гэта і культурныя арганізацыі, і асветніцкія, і праваабарончыя, і экалагічныя, і даследчыя, і спажывецкія, і сацыяльныя, і іншыя. Пад «раздачу» нават патрапіла прарасійскае моладзевае сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне «Русь молодая», якая ў сваіх праектах прапагандуе і садзейнічае развіццю рускай культуры і рускай мовы, папулярызуе сярод моладзі традыцыйныя славянскія культурныя каштоўнасці, гісторыю славянства.

Пра знішчэнне арганізацый беларускія ўлады, як правіла, не паведамляюць іх кіраўнікам: аб ліквідацыі тыя даведваюцца, праверыўшы статус арганізацыі ў «Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб».  

Прэтэнзій і пытанняў ва ўлад да беларускай грамадзянскай супольнасці назбіралася шмат. Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі «актыўна пачалі працу ў дачыненні да розных НКА, НДА». У бок арганізацый гучалі абвінавачанні ў навязванні дэмакратыі, працы ў «дэструктыўных мэтах». Пасля гэтага прайшлі масавыя ператрусы ў арганізацыях і дома ў праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Следчы камітэт пасля гэтага заяўляў, што нібыта выявіў дачыненне НДА і СМІ да нявыплаты падаткаў і фінансавання пратэстнай актыўнасці. У пракуратуры адзначылі, што ў іх нібыта «рыхтаваліся і рэалізоўваліся масавыя беспарадкі і экстрэмісцкія праявы ў дачыненні да Беларусі».

Афіцыйна падставамі ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці ўлады называюць:

  • дзейнасць арганізацый не адпавядае мэтам, названым у статуце;
  • атрыманне двух папярэджанняў ад Мінюста на працягу года;
  • неажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу 24 месяцаў (напрыклад, універсітэт імя Ніла Гілевіча, «ИМЕНА»).

3 жніўня прэс-служба генеральнай пракуратуры паведаміла, што па прадстаўленні пракуратуры горада Мінска Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама ліквідавала чатыры установы: «Х'юман канстанта», «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын», «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» і «Цэнтр прававой трансфармацыі». Афіцыйная падстава ліквідацыі гэтых арганізацый: іх дзейнасць не адпавядала мэтам і прадмету, названых у іх статутах. Але пракуратура дадала:

«Акрамя таго, на інтэрнет-сайтах размяшчалася не адпавядаючая рэчаіснасці інфармацыя, накіраваная на распаўсюд дэструктыўных настрояў у грамадстве, публікаваліся заклікі да эканамічнага і палітычнага ціску на краіну і іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы».

Установы ліквідуюцца па рашэннях рэгіструючых дзяржорганаў — гэта значыць, мясцовых выканкамаў, у першую чаргу, Мінгарвыканкама.

З пазовамі па ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў Мінюст мусіць звярнуцца ў суд. Так адбылося з «Прававой ініцыятывай», «Рухам “За Свабоду”», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Беларускім ПЭН-цэнтрам».

«Вясна» вядзе спіс арганізацый, якія ўлады і суддзі ліквідавалі ці ліквідуюць у апошнія месяцы. У спісе ўжо больш за сто назваў, але ён пастаянна дапаўняецца і абнаўляецца.

Вы можаце дапамгчы праваабаронцам зрабіць поўны і актуальны спіс, дадаўшы інфармацыю праз бот @viasna_bot ці ў Тэлеграм @Spring96info.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: