«Борисовские новости» не пускаюць у крамы

Атрымаўшы магчымасць прадавацца ў шапіках «Белсаюздрука» і праз падпіску «Белпошты», газета «Борисовские новости» сустрэлася з цяжкасцямі распаўсюду праз буйныя гандлёвыя сеткі.
Газета працягвае адчуваць ціск мясцовай улады — ёсць спробы выцесніць выданне з рэгіянальнай медыйнай прасторы, абмежаваць продаж, стварыць эканамічныя бар’еры ў рэкламнай дзейнасці.

У красавіку бягучага года «Борисовские новости» накіравалі прапановы гарадскім гандлёвым цэнтрам заключыць дамовы на распаўсюд. Згоду выказалі дзве крамы сеткі «Виталюр» і дзве «Евроопт» (з дзевяці). У краме «Виталюр» па вуліцы Гагарына, 4а газету бралі на распаўсюд тры тыдні, потым кіраўніцтва гандлёвай кропкі адмовілася ад супрацоўніцтва, спаслаўшыся на скаргу пакупніка. «Віталюр» на бульвары Грэчка, 4 заключыў дамову і цяпер працягвае браць газету на рэалізацыю.

У «Евроопте» па вул. Гагарына, 107 «Борисовские новости» распаўсюджваліся некалькі дзён, пасля чаго дырэктар папрасіў забраць рэшту газет, а дамова была скасаваная. У галаўным офісе «Евроопт» у Мінску паабяцалі разабрацца з сітуацыяй, але праз некалькі дзён замест тлумачэнняў параілі галоўнаму рэдактару выдання Анатолю Букасу звярнуцца для вырашэння праблемы ў Барысаўскі выканкам. Два тыдні «Борисовские новости» прадавалісь у «Евроопте» па вул. Горкага, 140. Газету добра набывалі, але ўрэшце з ініцыятывы кіраўніцтва крамы дамова была скасаваная.

Іншыя гарадскія гандлёвыя аб’екты — крамы сетак «Соседи», «АЛМИ», «Доброном» згоду на заключэнне дамоваў так і не далі. Гандлёвая сетка «Веста» (15 крам), з якой дамова на распаўсюд газеты ўжо была падрыхтаваная, у самы апошні момант ад падпісання адмовілася.


Паводле baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!