Брат Наталлі Хершэ расказаў пра яе жыццёвы шлях і затрыманне

Брат асуджанай за знятую балаклаву швейцарскай грамадзянкі жыве ў Маладзечне. Ён расказаў «РГ» пра сястру
Наталля з братам Генадзем і яго дзяцьмі

Наталля з братам Генадзем і яго дзяцьмі

Гэты верасень беларуска Наталля Хершэ планавала правесці з каханым чалавекам у Італіі. А апынулася ў беларускай турме. Два з паловай гады жанчына атрымала за сарваную з амапаўца балаклаву.

Гісторыю сваёй роднай сястры, грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ, нам расказаў жыхар Маладзечна доктар Генадзь Касьян.

Хацеў расказаць і ў аршанскую газету, каб пра Наталлю больш даведаліся землякі. Але, па словах Генадзя, у роднай Оршы газет, якія б маглі напісаць гісторыю сястры, ужо даўно няма.

У Беларусі не бачыла будучыні для дзяцей

Мы з Наташай з Оршы. Бацькі разышліся, калі мне было чатыры, а сястры – два з паловай гады. Але бацька не кідаў нас. Летнія канікулы мы з сястрой часта бавілі на яго радзіме – у Пружанах, – прыгадвае Генадзь дзяцінства.

Адносіны ў брата з сястрой заўсёды былі добрыя. Разам вучыліся ў школе №17 у Оршы. Пасля школы Генадзь пайшоў у войска, потым паступіў у медінстытут. Наталля вывучылася ў аршанскім тэхнікуме на бухгалтара, а затым атрымала прафесію эканаміста ў тагачасным наргасе. Выйшла за аршанскага хлопца, нарадзіліся сын і дачка. Аднак з мужам жыццё не склалася, разышліся. Праўда, былы муж па магчымасці клапаціўся пра дзяцей.

Наташа працавала бухгалтарам у раённым аддзеле сацыяльнага забеспячэння ў Оршы. Было нялёгка – маленькія дзеці, нетрывалае матэрыяльнае становішча, адсутнасць будучыні для сябе і для дзяцей, – дзеліцца брат.

Урэшце жанчына сказала родным: «Не хачу да пенсіі хадзіць на працу і з працы ў аддзел сацзабеспячэння, атрымліваць жабрацкі заробак, жыць без будучыні для сябе і дзяцей…». Адзіным выйсцем бачыла ад’езд за мяжу.

Хацела, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю, жылі ў дэмакратычнай, цывілізаванай еўрапейскай краіне.

Родныя падтрымалі рашэнне Наталлі. Па інтэрнэту яна пазнаёмілася з мужчынам са Швейцарыі Бруна Хершэ. Атрымала ад яго выклік і паехала за мяжу. Пакуль уладкоўвалася ў новай краіне, мама Наталлі гадавала яе дзяцей-школьнікаў. Калі ж беларуска атрымала афіцыйную працу і стала жонкай Бруна, яна забрала і іх у Швейцарыю. А ў 2016 годзе Наташа і яе дзеці атрымалі грамадзянства.

Бруна быў вельмі простым, добрым чалавекам. Клапаціўся пра Наталлю, не падпускаў яе да пліты. У дзяцей было ўсё. Калі прыязджаў у Оршу, падарыў Наташынай маме пральную машыну. Два гады таму Бруна памёр. І праз пэўны час у Наталлі склаліся адносіны з іншым швейцарцам – айцішнікам Робертам.

Адразу па прыездзе дзецям Наташы было цяжкавата ў новай краіне. У школу мусілі пайсці на клас ніжэй. Але дачцэ, Віялеце, нямецкая мова давалася лёгка. Яшчэ ў Беларусі яна была пераможцай рэспубліканскай алімпіяды. З часам засвоіў мову і сын, Фёдар.

На сёння дзеці ўжо скончылі школу. Фёдар не захацеў вучыцца далей і пайшоў працаваць спецыялістам па рамонце аўтамабіляў да прыватнага прад- прымальніка. А Віялета стала студэнткай Цюрыхскага ўніверсітэта, вучыцца на псіхолага.

У Швейцарыі цэняць і добра аплачваюць любую сумленную працу

Наталлі ж беларускі дыплом аб вышэйшай адукацыі аказаўся абсалютна непатрэбным. З дапамогай Бруна яна ўладкавалася прыбіральшчыцай на прыватны бровар. Працавала сумленна. Праз пару месяцаў гаспадар пабачыў, што новая работніца можа больш. Наталлю перавялі ў лабараторыю якасці. А вышэйшая пасада – значыць, вышэйшы аклад. Жанчына пасябравала з калегамі, набыла аўтарытэт.

Яшчэ з дзяцінства яна мела талент да малявання. Алоўкамі стварала адзенне для папяровых лялек. Але ў Беларусі з-за штодзённых клопатаў і нястачы закінула любімы занятак. За мяжой з’явілася больш грошай і вольнага часу. Таму яна змагла вярнуцца да рысавання. Чытала кнігі пра выяўленчае мастацтва, пачала ствараць партрэты знаёмых алоўкам.

Якім жа было здзіўленне Наталлі, калі знаёмыя і незнаёмыя людзі пачалі замаўляцьу яе партрэты і нават плаціць за гэта грошы – па дзвесце швейцарскіх франкаў за адзін партрэт. Гэта прыкладна 575 беларускіх рублёў.

Сястра была так рада, што займаецца любімай справай і яшчэ атрымлівае за гэта грошы. А ў Швейцарыі – гэта звычайная справа. Там любая прафесійная сумленная праца ацэньваецца належнымі грашыма. І вышэйшая адукацыя цэніцца. Чым больш ты ўкладваешся ў вучобу, тым большы заробак пасля атрымліваеш.

У Рамансхорне, дзе жылі Наташа і Бруна, прайшла яе персанальная выстава карцін у прыватнай галерэі. Пра выставу шмат пісалі ў СМІ. Пасля гэтага Наталля ездзіла на двухтыднёвыя курсы па жывапісе акварэллю ў Санкт-Пецярбург.

За месячны заробак магла набыць аўтамабіль

У Наташы ўсё было добра і ў асабістым жыцці, і ў матэрыяльным плане. Генадзь цешыўся з сястры:

Сям’я Наташы здымала шыкоўную пяціпакаёвую кватэру на беразе маляўнічага Бадэнскага возера. А за адзін свой заробак сястра магла набыць 6-7-гадовы аўтамабіль. Пры гэтым, па швейцарскіх мерках, яна не была багатай.

Два разы Генадзь з дзецьмі гасцяваў у Наталлі. Сястра паказвала ім мясцовыя славутасці, вадзіла ў Альпы. Госці былі ўражаныя маляўнічасцю горнага возера і знаходжаннем на вышыні ў тры тысячы метраў.

Параўноўвала жыццё ў Беларусі і Швейцарыі

Паліычныя погляды Наталлі складваліся паступова, кажа Генадзь. Сястра была ў шматлікіх еўрапейскіх краінах. Бачыла, як там жывуць людзі, як дзяржава ставіцца да сваіх грамадзян, на якім узроўні там дэмакратыя.

Беларуска была ўражаная, што ў Швейцарыі выбары прэзідэнта ладзяць штогод. І тым, што ў швейцарскім горадзе Сант-Галене гараджане выбіраюць мэра, сабраўшыся на плошчы і падымаючы рукі.

Наталля ўвесь час параўноўвала Беларусь з іншымі еўрапейскімі краінамі. Адзначала, што ідуць гады, а ў нас нічога не мяняецца да лепшага. Што ў людзей з вышэйшай адукацыяй – жабрацкія заробкі, ды і працу не знайсці, – кажа Генадзь. – Асабліва сястра пачала цікавіцца палітыкай пасля выбараў 2010 года.

Патэлефанавала ў амбасаду і падзякавала за сумленныя выбары

Разам з беларусамі Швейцарыі сёлета ў жніўні Наталля выбірала прэзідэнта Беларусі. Калі ў амбасадзе падлічылі галасы, аказалася, што за Лукашэнку прагаласавала ў сем з паловай разоў менш, чым за Ціханоўскую. Даведаўшыся пра вынікі, беларуска патэлефанавала ў амбасаду і падзякавала за сумленны падлік. І прыкладна такіх лічбаў чакала ад выбараў у Беларусі.

Ад мяне і ад сваіх сяброў з Беларусі Наталля ведала пра тое, што адбывалася ў Маладзечне і іншых гарадах пасля 9 жніўня. Вельмі перажывала, што не можа быць са сваім народам.

Зваротны білет не спатрэбіўся

Сёлета Наталля Хершэ не планавала ехаць у Беларусь. Думалі з Робертам правесці адпачынак у Італіі. Але ў мужчыны адпачынак сарваўся. Тады Наталля нават узрадавалася. Вырашыла на дзесяць дзён з’ездзіць у Беларусь.

Патэлефанавала і сказала брату: «Я прылятаю. Не абмяркоўваецца!»

На радзіму Наталля прыляцела 10 верасня, а зваротны білет быў на 21. Спынілася ў сваёй сяброўкі Алены ў Мінску. Разам хадзілі на дваровыя канцэрты, жаночыя маршы. Цешылася, што Беларусь становіцца новай. Кожны дзень была ў добрым настроі.

За дзень да затрымання сястры мы з дзецьмі прыехалі да яе ў Мінск. Наталля прывезла нам шмат падарункаў. Яна заўсёды шчодра адорвала замежнымі гасцінцамі не толькі родных, а таксама дзяцей сваіх сябровак. Зайшлі ў кавярню, пасядзелі каля дзвюх гадзін. Я папрасіў сястру быць асцярожнай. І развіталіся, – прыгадвае суразмоўца падзеі верасня.

У нядзелю Наталля патэлефанавала брату, сказала, што ідзе на акцыю да Камароўкі. Дома Генадзь глядзеў жывы эфір:

Бачыў, як сястра прыгожая, яркая, гордая, з узнятым бел-чыр-вона-белым сцягам ідзе сярод удзельнікаў шэсця.

Нават зрабіў скрын і адаслаў ёй на вайбер. Пасля ўбачыў, што кагосьці затрымліваюць. Пачаў званіць Наташы. Яна паспела яшчэ зняць трубку, пачуў узрушаныя галасы. А пасля Наталля сказала, што іх затрымліваюць. Зразумеў, што ў хуткім часе тэлефон стане недаступным. Так і адбылося. Але з аўтазака яна яшчэ паспела напісаць пра затрыманне свайму Роберту ў Швейцарыю.

Вечарам таго ж дня многіх сталі адпускаць. На Акрэсціне засталося каля 30 жанчын. Сярод іх – Наталля. Пазней сваякі знайшлі яе ў спісах «Вясны». Генадзь здзівіўся, калі даведаўся, што сястру будуць судзіць па артыкуле 363.2 Крымінальнага кодэкса – супраціўленне міліцыянеру з прымяненнем гвалту або пагрозай яго прымянення. Яшчэ не разумеючы, адкуль крымінальная справа, разам з сяброўкай Наташы Генадзь знайшоў адваката.

Пра абставіны затрымання выпадкова даведаўся з відэа:

Бачу ў інтэрнэце загаловак: «Жанчына здымае балаклаву з амапаўца». Уключаю і гляджу: гэта ж мая Наташа! Але моманту зрывання на відэа не было. Толькі, як Наташа трымаецца за балаклаву рукой. А пасля ўбачыў, як яе нясуць у аўтазак.

Адвакат папярэджваў суд: Падумайце пра імідж Беларусі ў свеце

Пачаліся судовыя пасяджэнні. Генадзь быў на першым і на другім. Адвакат знайшоў шмат супярэчнасцяў у паказаннях камандзіра АМАПа і яго падначаленага, пацярпелага Сяргея Кончыка. Не маглі паказаць відэа ні з камер назірання, ні з нагрудных камер амапаўцаў.

Адвакат настойваў на тым, каб перакваліфікаваць справу ў адміністрацыйную. Звяртаў увагу, што справа мае міжнароднае значэнне, што імідж Беларусі ў свеце вельмі пацерпіць.

На судзе Наталля казала, што яна, доўгі час пражыўшы ў дэмакратычнай краіне, вельмі спалохалася, калі на маршы яе пачалі затрымліваць невядомыя людзі ў аліўкавым адзенні без апазнавальных знакаў, са схаванымі тварамі, не прадстаўляючыся.

А апошняе слова Наталлі Хершэ было наступным: «Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне. Дэмакратычныя прынцыпы свабоды з’яўляюцца неабходнымі прынцыпамі кіравання на ўсіх узроўнях улады. І правы свабоды слова і мірных сходаў дакладна вызначаныя Канстытуцыяй і гарантуюцца дзяржавай. Дзе міліцыянеры не хаваюць сваіх твараў перад мірнымі дэманстрантамі. Менавіта такой я бачу сваю Радзіму. Беларусь будучыні. Свабодную Беларусь!»

Прысуд не быў нечаканасцю

– Прысуд – два з паловай гады – не быў для мяне нечаканасцю. Але я ўсё ж думаў хаця б пра год ці паўтара. А тут прысудзілі роўна столькі, колькі прасіў пракурор. А вось для Наташынага Роберта прысуд стаў шокам. Ён быў упэўнены, што Наташу адпусцяць і Новы год яны сустрэнуць разам.

Генадзь адзначыў, што з боку Швейцарыі шмат робіцца для вызвалення Наталлі. Паказальна тое, што ў панядзелак абвясцілі прысуд, а ў пятніцу такая нейтральная краіна, як Швейцарыя, далучылася да санкцый Еўрасаюза і замарозіла актывы Лукашэнкі. Швейцарскія СМІ шмат пішуць пра Наталлю. Яе справай займаюцца на ўзроўні парламента.

Днямі Наталля са сваім адвакатам падалі на абскарджанне прыгавору.

Аднак мы не асабліва верым, што суд нешта зменіць. У Наташынай сітуацыі нешта памяняць змогуць палітычныя падзеі, – дзеліцца Генадзь.

Настрой выдатны, нягледзячы ні на што

Цяпер Наталля сядзіць у СІЗА на Валадарцы. Малюе партрэты сваіх сукамерніц. Днямі даслала брату ліст з такімі словамі: «…Настрой мой, нягледзячы ні на што, выдатны. Усё будзе, як павінна быць. І ніяк інакш. Тое, што спачатку падаецца катастрофай, можа стаць вялікім, вялікім шанцам. Веру, што так яно і ёсць».

Магчыма, нехта з нашых чытачоў захоча напісаць ліст Наталлі. Адрас: 220030, Мінск, вул. Валадарскага, 2. СIЗА-1. Хершэ Наталлі Анатольеўне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: