Брэсцкага блогера Аляксандра Кабанава будуць судзіць па «справе Ціханоўскага» ў Магілёве

Берасцейскага блогера Аляксандра Кабанава будуць судзіць у Кастрычніцкім судзе Магілёва, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Раней у сваім лісце Аляксандр Кабанаў напісаў, што крымінальныя справы ў дачыненні да яго і блогера Сяргея Пятрухіна разгледзяць у Берасці. Аднак Берасцейскі абласны суд накіраваў справу Кабанава ў Вярхоўны суд для змены падсуднасці, піша «Вясна». У выніку справу накіравалі ў Магілёў. Дата пачатку суду пакуль не вядомая.

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін — блогеры, Аўтары YouTube-канала «Народны рэпарцёр». Да затрымання ў сярэдзіне чэрвеня мінулага года асвятлялі тэму барацьбы з акумулятарным заводам, а таксама займаліся расследаваннямі на вострыя сацыяльныя тэмы.

Якія артыкулы КК фігуруюць цяпер у крымінальных справах блогераў, невядома. Першапачаткова праваабаронцы паведамлялі, што ім прад'яўленае абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады), арт. 369 КК РБ (Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і арт. 391 КК РБ (Абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя).

Аднак пазней Кабанаў пісаў, што ім спрабуюць навязаць яшчэ і арт. 130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні).

Падчас следства блогеры знаходзіліся ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Дарэчы, Сяргея Пятрухіна ўжо прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. У красавіку 2019 года суд Ленінскага раёна Берасця прызнаў яго вінаватым у публічных паклёпе і абразе міліцыянтаў і прысудзіў да буйнога штрафу — 360 базавых (9180 рублёў). Акрамя таго, блогера абавязалі кампенсаваць маральны ўрон чатыром пацярпелым супрацоўнікам міліцыі (у агульнай складанасці 7500 рублёў) і выдаткі на адваката. Праваабаронцы прызналі справу палітычна матываванай.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: