Брэсцкая труба-сцяг знаходзіцца ў месцы зрушанай нармалі

На тое, чаму каля ЦЭЦ паўстала анамальная зона, могуць быць свае прычыны.
Труба ЦЭЦ з нанесеным арнаментам

Труба ЦЭЦ з нанесеным арнаментам

Труба: новы функцыянал

Дзён дзесяць таму ехаў па Заходнім аб’ездзе міма Брэсцкай крэпасці і не стрымаўся, каб не сфатаграфаваць такі яркі бел-чырвона-белы аб’ект, — вялізную трубу цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ).

На яе канцы было нешта кшталту надпісаў, таму пакарыстаўся зумам, наблізіў. Дома на кампутары разгледзеў: дык гэта ж беларускі арнамент! Дарэчы, таксама бел-чырвона-белы. Выставіў фота ў Фэйсбук з каментаром: «Няўжо зафарбуюць?» Якое было маё здзіўленне, калі літаральна праз дзень-два сеціва лопалася ад навіны: бчб-трубу замалёўваюць!  Сябры спрачаліся, даказвалі: гэта ж нельга, бо колеравая гама супервысокіх аб’ектаў дзеля бяспекі міжнародна кадыфікаваная менавіта так: чырвона-бела-чырвоныя палосы.

Уваход у Гарадскі сад. Труба-сцяг — справа

Але нашы здолелі — дамалявалі пад другой чырвонай паласой нешырокую, але зялёную. Дзяржаўны сцяг! Глядзіце фота і хочаце ганарыцеся, а хочаце — рагачыце.

Ненармальнасць 2

Пры цеплаэлектрацэнтралі ёсць яшчэ адна няўцяміна. З практычна забудаванай эспланады паміж горадам і крэпасцю да брамы прадпрыемства вывелі вуліцу. Утварылася Т-падобнае скрыжаванне. Але святлафор паставілі як на скрыжаванні. І цяпер, нягледзячы на тое, што брама амаль заўсёды зачыненая, пешаходы і раварысты ўвесь час мусяць чакаць зялёнага святла.

Анамальны святлафор пры зачыненай браме ЦЭЦ

Значна хутчэй дачакаліся, як бачым, толькі зялёнага колеру зверху на трубе над усім гэтым. Напэўна, гэта — каб памяталі: тут вам не Злучаныя Штаты, дзе на Т-падобным скрыжаванні, пры адсутнасці аўтамабіляў, можна ехаць на «чырвонае». І не Галандыя, дзе хаця кнопку паставілі б і дазвол выціскалі б сабе тыя, каму трэба. І не ЗША/Галандыя, дзе такога абмежавання, такога штучнага бар’еру на руху жыхары проста не пацярпелі б.

Капішча наводзіць?

З Усходу да ЦЭЦ прымыкае Гарадскі (Казённы) сад — самы першы парк Брэста. Яго аднавілі літаральна год таму, разам з пабудовай Заходняга абводу — кальцавой магістралі вакол цэнтра горада.  Паводле сведчання пісьменніка і этнографа Паўла Шпілеўскага («Живописная Россия», ст. 194), тут (аўтар піша «на правым беразе ракі») было многа курганоў, адзін з якіх — самы высокі. Яшчэ больш увагі кургану ён прысвячае ў нататках «Падарожжа па Палессі і беларускім краі», якія публікаваліся ў 1853–1855 гадах у пецярбургскім часопісе «Современник». Тут ён згадвае, што курган быў «рэштай старажытнага паганска-літоўскага або яцвяжскага капішча багіні Мажанны, якую да гэтага часу згадваюць у песнях і паданнях жыхары Гродзенскай губерні». Дахрысціянскі курган і капцы (магчыма, магілы) згадваюць і іншыя даследчыкі, вызначаючы патронку капішча як усходнеславянскую багіню памірання і ўваскрэсення Марэну/Мажан(н)у (польскае вымаўленне «Marzanna», «Мaжанна», чэшскае — «Morana», «Smrtka», «Морана», «Смэртка»).

Быў намер пры аднаўленні Гарадскога сада рэканструяваць курган і капцы вакол яго. Але так і застаўся намерам. Адны кажуць, праваслаўная царква была супраць. Другія — што аб’екты збольшага знаходзіліся на тэрыторыі, якую цяпер займае ЦЭЦ, і былі разбураныя пры яе пабудове. Згадваецца багіня і яе капішча на вялізным знаку-валуне ў цэнтры сада.

 

Знак-валун са згадкай пра дахрысціянскую багіню. 

Тут паміралі насамрэч

Гэтае месца мае і яшчэ адну, больш цёмную старонку гісторыі. Краязнаўца Уладзімір Камолаў сведчыў, што ў 1990-я гады, калі збіраў у зарослым акацыяй парку карэніскі для дрэварытаў, наткнуўся на траншэю. Будаўнікі цягнулі кабель — і вывернулі людскія косткі. Паводле яго слоў, іх потым вывезлі з зямлёй кудысьці ў адвалы.

У сваіх расследаваннях ён спыніўся на версіі, што гэта маглі быць расстраляныя ў верасні 1939 года палякі. Паводле некаторых звестак, у рукі «чырвоных» трапілі спісы польскай спецслужбы. Каля двух дзясяткаў паліцыянтаў і агентаў дэфензівы са спісу ў першую ж ноч арыштавалі і забілі тут, у глухім кутку пры сцяне рачнога порта.

Месца, дзе, меркавана, расстрэльвалі людзей у 1930-х гадах.

Другі краязнаўца, Ігар Бараноўскі, кажа, што чуў ад мясцовых жанчын: расстрэлы тут былі пасля вызвалення горада ад нямецкіх фашыстаў у 1944 годзе. Цяпер у адноўленым садзе праводзяцца земляныя працы. Будаўнікі кажуць, што людскія косткі каля ЦЭЦ цяпер не знаходзілі.

Няспраўджанае, але верагоднае

Восем гадоў таму я шчыльна займаўся тэмай брэсцкіх падзем’яў. Адстаўны міліцыянт распавёў, што былая гарадская турма каля следчага ізалятара №7 (гэта якіх паўкіламетра па прамой ад ЦЭЦ) мела падземнае спалучэнне з міліцэйскай «апоркай» па Карла Маркса, 95. Побач і падземны выхад праз тэрыторыю Гарадскога саду ля бліжняга капаніра Брэсцкай крэпасці (гэта адразу за ЦЭЦ, на правым беразе Мухаўца). Нібыта тым тунелем па начах выводзілі на расстрэл у валы крэпасці пасля прыходу «чырвоных» у 1939 годзе.

Дом правасуддзя таксама ў анамальнай зоне?

Насупраць ЦЭЦ пабудавалі Дом правасуддзя. Будынак увайшоў у гісторыю горада тым, што толькі на жырандолі выдаткавалі 125 тысяч еўра. Але яркае святло не дапамагло суддзям разглядзець канстытуцыйна замацаванае права на мірныя сходы — і яны штампуюць удзельнікам пратэсных акцый, датычных да скандальных прэзідэнцкіх выбараў мінулага года,  дзікія прысуды. Асаблівая ўвага надаецца чамусьці так званай «карагоднай справе». Па ёй праходзяць каля 70 чалавек!

Дом правасуддзя 

13 верасня мінулага года пратэстоўцы, выцесненыя з плошчы Леніна, занялі скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў і гадзіну блакавалі тут рух. Спантанна ўтварылі карагод, вадзілі яго ўправа-ўлева, спявалі песні. У выніку іх разагналі вадамётам — і цяпер брэсцкія суддзі «шчыруюць», выпісваючы гады абмежавання волі ў калоніі ды гіганцкія штрафы.

Са сцягам на трубе ЦЭЦ гэта карэлюе спраўна.

Фота аўтара

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: