Брэст: акумулятарны ўрок

Больш за два гады штонядзелі на цэнтральную плошчу самага заходняга і адначасова самага паўднёвага абласнога цэнтра Беларусі масава выходзяць людзі. Фармальна кормяць галубоў, па сутнасці пратэстуюць супраць завода па вытворчасці свінцовых кіслотных акумулятарных батарэй. Небяспечную вытворчасць размясцілі недалёка ад рысы горада ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст».


«Брэсту — свінец»?

Завод будаваўся кампаніяй «АйПаўэр» па няўцямнай тэхналогіі, наракаюць актывісты. Нібыта яна кітайская, — падрадчыкам пабудовы Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя, — але асобныя блокі ўвогуле немаведама адкуль узятыя.

Людзі незадаволеныя і тым, што адбываюцца нейкія гульні са статыстыкай выкідаў — маўляў, паказваюць у разліку на адзін мільён акумулятараў у год, а потым аказваецца, што планавая магутнасць завода — два мільёны. Дык гэта ж зусім іншыя паказчыкі!

Няйначай народ турбуецца нездарма — увод прадпрыемства ў эксплуатацыю планаваўся ў жніўні 2018 года, потым запуск перанеслі на канец года, потым на пачатак наступнага года. У красавіку 2019 старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс паведаміў, што запуск адбудзецца ў траўні, але яго адкладвалі яшчэ, і яшчэ, і яшчэ…

 Столік пры акумулятарным заводзе ў СЭЗ «Брэст».

 Столік пры акумулятарным заводзе ў СЭЗ «Брэст».

Што да «кітайскіх тэхналогій», то берасцейцам доўга ў памяці рыцца не трэба. 11 гадоў таму пабудавалі крухмальны завод у вёсцы Харава Пружанскага раёна. Падумалі былі пружанцы, дзякуй Богу, бо тагачасны ўрадовец Тозік увогуле агучваў план высадзіць у раён дэсант у тысячу кітайцаў-земляробаў з сем’ямі, ну ды абмежаваліся гэтым. Але!!! Пасадзілі завод наўпрост пасярод вялікага паселішча, а ён аказаўся надзвычай смуродным і шкодным. Некалькі разоў труцілі праз прытокі раку Ясельду, ды так, што ракі паўзлі-ратаваліся з вады на сушу! Людзі, каму далі побач з заводам пабудаваныя «пакетна» з ім катэджы, трывалі з-за дармовага жытла, а мясцовыя агучвалі пратэст, пісалі ў інстанцыі, судзіліся нават. Асабліва ў каго былі малыя дзеці — тыя пачалі хварэць на астму.

Пазіцыя ўладаў

Брэсцкія ўлады напачатку былі на баку бізнесоўцаў. Яно і зразумела: чакаць, што тройчы наступяць на горла ўласнай песні, можна толькі пры вельмі спецыфічных абставінах. Бо, па-першае, выдалі дазвол на пабудову прадпрыемства, па-другое, з абласнога іннавацыйнага фонду вылучылі на карысць праекта 5,7 мільёнаў рублёў, па-трэцяе, у мясцовы бюджэт ад завода павінны паступаць салідныя адлічэнні, — а гэта грамадскі транспарт, прыгажосць рэгіёна і яго цэнтра, упарадкаваныя вуліцы… Цяжка адмовіцца.

Але дынаміка здзівіць каго хочаш. Нарэшце на завод наслалі размаітых кантралёраў, уплывовага дырэктара ўпраўляючай кампаніі Віктара Лемяшэўскага (чальца Рады па развіцці прадпрымальніцтва, дарадчага органа пры прэзідэнце краіны — Я.Б.) пасадзілі ў следчы ізалятар КДБ з падазрэннем у дачы хабару, прадпрыемства судова абавязалі вярнуць абласному выканкаму грошы з інавацыйнага фонду з-за невыканання ўмоў дамовы, заключанай у 2016 годзе. Мабыць, сказалася, што старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс быў намеснікам міністра аховы прыроды — яго заявы чым далей у часе, тым больш набывалі ў дачыненні да рызыкоўнай вытворчасці строгі і рэстрыктыўны выгляд. «Прадпрыемства, якое не адпавядае патрабаванням бяспекі навакольнага асяроддзя, працаваць не будзе», — прамовіў ён праз свой рупар газету «Заря».


Праўда, наконт працы-няпрацы і матываў выказваюць іншую, досыць цікавую версію: маўляў, аблвыканкам хоча павярнуць справу так, каб збанкруціць прадпрыемства і забраць завод у залік даўгоў сабе. Паказальна, што і Аляксандр Лукашэнка ў верасні 2019 замест тыповага аглаблёвага ўдару па незадаволеных пакінуў сабе месца на іх баку: «Людзі, якія перажываюць за экалогію, сваё жыццё, жыццё дзяцей, у асноўным маюць рацыю». І далей агучыў вынікі ўдару па «вашывых блохах», якія пабудавалі «ўвогуле дык патрэбны нам аб’ект», — «каго ўжо пабралі, хто ў бягах, але знойдзем і даставім».

Так што, як бачым, экспрапрыяцыя была б такім сабе дэжавю. Пагатоў што 9 красавіка бягучага года на грамадскі стол лёг новы козыр — станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па гэтым «патрэбным аб’екце».


Хто актывісты

Найперш гэта людзі ўпартыя. Нягледзячы на суды, вялікія грашовыя штрафы, суткі і звязаныя з гэтым усім нястачы, яны рэгулярна, як швейцарскі гадзіннік, у нядзелю а 12-й на пляцы Леніна з хлебам ды кашай. Пераслед даўно сягнуў за цывілізаваныя рамкі. У траўні 2018 неўролага Таццяну Фесікаву звольнілі з гарадской бальніцы, дзе медык без заўваг працавала 16 гадоў. А яны зноў выйшлі. Звольнілі з працы Дзмітрыя Бекалюка (займаў не абы якую пасаду намесніка дырэктара кампаніі) — у наступную нядзелю яны ўсё роўна ў чарговы раз выйшлі. Наваліўся каронавірус — яны надзелі маскі і зноў выйшлі.

Актывісты «акумулятарнага набору» ніколі раней не былі заўважаныя ў апазіцыйных поглядах, не належалі да «няправільных» арганізацый. Тым не менш, цяпер яны настроеныя нават больш радыкальна за многіх апазіцыянераў «са стажам». Таму іх асабліва абурыў нядаўні выпад газеты, дэмакратычнай даўно і тытульна. Маю на ўвазе «Народную волю».

Сярэдзіч не мае рацыю

Артыкул у «Народнай волі» з загалоўкам «Злая слепота» выклікае неразуменне ў многіх з тых, хто не мае дачынення да ўлады. Найперш стылістыкай, месцамі не адрознай ад мовы «рупараў». Асобна скажу пра тэзу «такой нужный нам завод» — асабіста ў мяне яна адразу `выклікала адтаржэнне.

Год таму адслужыў сваё мой акумулятар «Варта». Восем гадоў — пагадзіцеся, для акумулятара гэта найвысокі паказчык. Захацеў памяняць на такі самы. Пайшоў да мясцовых прадаўцоў батарэй — тыя найперш нейкую марку са Славеніі прапануюць, па акцыі, з вялікай зніжкай. Польскія, беларускія, нават з Сібіры нябліжняй нейкія ставяць на від… «Варты» менавіта майго памеру не аказалася. З нагодай пытаю, а што будзеце рабіць, калі яшчэ гэты завод, «АйПаўэр», запрацуе? Прадавец толькі скрушна пацепнуў плячыма.

Спісаўся па інтэрнэту з мінскімі бізнесоўцамі. Праз дзень, зрання ўжо, тэлефануе кур’ер: прывёз. На бліжняй паркоўцы дастае з бусіка «маю» «Варту», забірае стары акумулятар. Я задаволены: кошт ніжэй за той нізкі, пра які ўмовіліся. Хлапчына памарудзіў крыху, потым кажа: «А не хочаце “Бош”? Па такой сама цане, параметры адпаведныя, памеры нават крыху меншыя?» Не, кажу, мне “Варта” сама тое. «Але “Бош” свяжэйшы, — развівае логіку хлапец, — толькі месяц таму прывезлі, а “Варта” пастаяла ўжо на складзе». Уражаны такой увагай да маіх, кліента, інтарэсаў, пагадзіўся на гэтага «германца». Паставіў і забыўся, заводзіць-сілкуе без праблем.

Сітуацыя з большымі акумулятарамі для вялікага аўтатранспарту такая самая — варта глянуць у сеціва. Так што «нужный» завод, але. Хутчэй верыцца ў закладзеную ў брэсцкі бізнес-праект геаграфію продажаў, — пасля сумніўнага «ЕС», больш вераемныя СНД, Афрыка ды Азія. Аднак тады мы самі ў небяспецы — логіка такая, што для бізнесу, які шукае, куды ўтыркнуць мулкую для людзей маштабную шкодную вытворчасць, «зялёнае святло» на карце гарыць там, дзе лабільнае, непатрабавальнае насельніцтва і танная рабочая сіла.
Напэўна, не кітайцы будавалі згаданыя ў «Злой слепоте» еўрапейскія акумулятарныя вытворчасці. Агульным месцам сусветных СМІ стала цераніна бізнесоўцаў з Германіі, якія надта зацікаўленыя асвоіць бязмежны кітайскі рынак, з іх кітайскімі ці то партнёрамі, ці то плагіятарамі — тыя крадуць тэхналогіі і потым выпускаюць прадукцыю пад сваёй маркай, бязлітасна парушаючы дзеля нізкага кошту прадукту вывераныя стандарты.


Пазіцыя мясцовых дэмакратаў

«Абазначаная» дэмакратычная супольнасць, збольшага, рознымі спосабамі падтрымлівае барацьбу супраць акумулятарнага завода. Арганізацыя «Экадом» дапамагла падаць іск у суд аб забароне будаўніцтва завода, але поспеху спроба не мела. У банку праваабаронцаў такія звесткі з фронту барацьбы: з 2018 года актывісты падалі заяўкі на 325 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады выдалі дазвол толькі адзін (!!!) раз. 29 красавіка 2018 года на акцыю «Брэстчанкі супраць свінцу» ў лесапарк на закрайку горада прыйшлі каля двух тысяч чалавек. Паводле маніторынгу арганізацыі «Наш дом», за 2019 год брэсцкія суды выпісалі, у пераліку, каля 9 тысяч долараў штрафаў. 27 актывістаў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, была заведзеная адна крымінальная справа.

Кіраўнік мясцовай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Вялічкін прапанаваў «Новаму Часу» такое рэзюмэ: «Карысці ад завода ні берасцейцам, ні акаляючаму асяроддзю аніякай — адна шкода. Завод забрудзіць санітарную зону Берасця, лясы, рэкі, гарадскія водазаборы, паставіць пад пагрозу жыццё і здароўе паўмільёна насельніцтва. Чыноўнікі, што ўхвалілі будову, з’едуць, а нам тут жыць. Гэта злачынства супраць народа. Я ганаруся землякамі, якія не сталі плакацца, а пачалі змагацца супраць свавольства мясцовых уладаў, супраць небяспечнага прадпрыемства. Надышоў час Беларусам задбаць пра сябе, пра сваю, Богам дадзеную краіну, Беларусь, пра свой дабрабыт, стварыць грамадскі кантроль над дзяржаўнымі структурамі. Ніхто за нас саміх наладжваць жыццё ў Беларусі не будзе. Самае страшнае — духоўны Чарнобыль нашых чыноўнікаў».

«Кагбы закрывают», а яны набіраюць

Нягледзячы на пагрозлівыя жэсты ўладаў пасля каркаломнага 2019-га, на Брэсцкі акумулятарны ваўсю працягвалі вербаваць персанал. Узімку атрымалася прачытаць з дзясятак такіх аб’яў. Вось адна з іх: «Заместитель директора по производству 1АК-GROUP, Брест. Участвовать в планировании производственного процесса и контроле сроков выполнения заказов. Обеспечивать планирование и рациональную загрузку производственных мощностей в соответствии с… Высшее техническое образование. Опыт работы не менее 5 лет в аналогичной должности в производстве. Знание основ управления производством… 10 февраля» (правапіс арыгінала). На аб’ект з пазначаным месцам працы «АКБ» патрабаваліся галоўны інжынер (намеснік дырэктара), інжынер якасці, зборшчык свінцовых акумулятараў, намазчык акумулятарных пласцін, інжынер па ахове працы, загадчык склада…

Зацемім, што праектная колькасць рабочых месцаў на заводзе дастаткова сціплая: на першым этапе 138, пасля запуску другой чаргі — 188.

Аб’ект кансервацыі, аднак.

Аб’ект кансервацыі, аднак.

Паводле стану на пачатак траўня на стандартнай шыльдзе «Пашпарт аб’екта» завод АКБ падаецца як «аб’ект на кансервацыі» з датай пачатку 8 студзеня 2020 і заканчэння 8 траўня 2020 года. Як праінфармаваў медыярэсурс naviny.by, 14 красавіка на анлайн-канферэнцыі дырэктар ААТ «АйПаўэр» Дзмітрый Бутаў паведаміў, што ўвод завода плануецца ў другім квартале бягучага года.

Што бачна з Германіі

Так склалася, што «зялёная» ідэя ніколі не была мне чужою. У далёкія 1990-я, калі застойны камунізм, гэты сацыяльны гнайнік, пачало прарываць, займала думка: а што ўзамен? Пад уздзеяннем Чарнобылю выспела меркаванне, што беларусам найлепш падыйшоў бы экалагічны вектар. Напісаў нават накід праграмы Зялёнай партыі. Але як паказала практыка, гэтыя ідэі беларускі соцыюм фактычна праігнараваў. Таму афарбаваны ў густа зялёны колер пратэст ў Брэсце падаўся мне нейкім знакам пераменаў. Разам з тым, досвед жыцця падказваў прыгледзецца.

Згаданую праграму Экалагічнай партыі для Беларусі пісаў з прыглядкай да германскіх «Зялёных», якія тады якраз набіралі туры свайго поспеху. Гэта было мне няцяжка: як германіст і перакладчык ведаў іхнія рэаліі, хоць у часы СССР і быў невыязны (бацька меў родзічаў у Канадзе). Вывучаў «завочна», а з першай нагодай паехаў у краіну зацікаўлення. Калі пасля 2010 года быў на літаратурнай працы ў Берліне, вядома, звяртаў увагу на дзейнасць «зялёных». Запала, што ў сталіцы Германіі гістарычна месціліся два акумулятарных прадпрыемствы. Не «VARTA» і не «Bosch», але…

Завод ў Шёнэвайдэ, раёне на ўсходзе Берліна, стары, яму больш за сто гадоў. Паколькі быў на тэрыторыі пра-савецкай ГДР, то набыў стан даволі запушчаны. Пасля ўз’яднання абедзьвюх Германій была праведзеная ачыстка глебы ад свінцу ды іншых шкодных элементаў коштам 3 мільёны 600 тысяч еўра. Прамысловы будынак мае ахоўны статус помніка.

Завод, заснаваны вучнем Макса Планка Тэадорам Зонэншайнам, памяняў у Берліне тры сядзібы, — бо пашыраўся. Апошнім часам быў у раёне Марыендорф. Выпускаў акумулятары для матацыклаў. У лепшыя часы колькасць персаналу складала больш за тысячу чалавек. Аднак размяшчэнне ў сталіцы зрабіла завод неканкурэнтназдольным, і ён мала таго што перанёс вытворчасць у правінцыйныя філіі, але і ўжо перапрададзены некалькі разоў транснацыянальным карпарацыям.

Калі рыхтаваўся напісаць гэты артыкул, даслаў запыт германскім «Зялёным». Праз нейкі час прыйшоў адказ, падпісаны рэферэнтам Гансам-Крысціянам Мровіцам.

«Вытворчасць свінцовых акумулятараў у ваколіцах жылых паселішчаў і непасрэдна ў іх, пры ўмове выканання строгіх нарматываў, магчымая. Пры гэтым кожны канкрэтны выпадак павінен быць індывідуальна вывучаны адпаведнымі службамі.» Далей спадар Мровіц спасылаецца на германскія праўныя нормы і рэгуляміны, якія могуць нават выдаць «дазвол на лініі па вытворчасці свінцовых акумулятараў … у спрошчанай працэдуры без грамадскага абмеркавання» (!!!). Таксама ён зацемлівае: «…асабліва праблемнымі тут з’яўляюцца выпарэнні сернай кіслаты. Іх належыць улаўліваць і адводзіць у фільтры. Выкіды сернай кіслаты ў выхлапе не могуць перавышаць 1 міліграм на м3.» І заканчвае тым, што ЗЯЛЁНЫЯ (менавіта так — усе вялікія літары — Я.Б.) не патрабуюць пастражэння існых нормаў для вытворчасці акумулятараў, і што ім невядома пра нейкія факты парушэння іх у Германіі. А калі такое здарыцца — існуе адпаведны параграф Крымінальнага кодэкса і права пазбавіць прадпрыемства-парушальнік дазволу на дзейнасць.

Дарэчы, пра Крымінальны кодэкс. Наш. Яшчэ зімой адразу некалькі крыніц паведамілі, што Віктара Лемяшэўскага выпусцілі. Пад заклад, да суда. Ну, ды беларусаў гэтым не здзівіць. Пасля Івана Ціцянкова, Галіны Жураўковай ды больш архетыпнага Юрыя Чыжа думаем, а ці будзе тое судовае разбіральніцтва, а калі будзе, то якое, і што потым?

Дык які ты, брэсцкі ўрок?

Ёсць абсягі соцыюму, больш набліжаныя да дэмакратыі. Напрыклад, дарога — ёй усё роўна, шараговы ты пенсіянер на «Жыгулях», ці генерал або дэпутат. Перашкода з правага боку — прапусці. Не прапусціў — наўпроставы кандыдат у нябожчыкі. Тое самае і экалогія. Паветра для ўсіх аднолькавае. Мясцовыя чыноўнікі будуць дыхаць адным з намі паветрам, і, што асабліва важна, іх дзеці таксама зведаюць усё тое, што і дзеці паспалітага люду. Таму, лічу, важна не прапісацца ў стане краін трэцяга свету, або, што яшчэ горш, «бананавых рэспублік». Бо капіталізм мае, побач з добрымі, чалавекалюбнымі бакамі, і адмоўныя. Грашовая яго вось жорсткая, бізнэсоўцы схільныя эканоміць нават на тым, на чым зусім нельга, і… Вы ж ведаеце вядомую формулу мафіі: «грошы + улада».

Заўважана, што вялікая колькасць брэсцкіх пратэстоўцаў — гэта насельнікі прыгараднай катэджнай забудовы. Людзі сярэдняга і больш веку, яны пабудавалі сваю блакітную мару жыцця, свой мікракамунізм, як тут іх свет адным махам аказаўся абрынуты.


Думаю, не толькі ў мяне, хто ў 1990-я паклаў дзеля лепшай нашай будучыні на шалю вагаў працу, свой час жыцця, а потым аказалася, што можа быць і само жыццё, паставіў пад рызыку сям’ю, — што ў многіх палітычных актывістаў перыяду станаўлення Беларусі варушыцца пытанне: а дзе былі тады яны? Якога зацішку, якой ідыліі чакалі ва ўласных шчасных закутках, калі сацыяльная страха іншым часам, прабачце за каламбур, страху вартая?

Экалогія гэта па-старагрэчаску «oikos» — «дом» і «logos» — «слова, навука». Навука пра дом. Чалавек гэта істота сацыяльная. Чалавечы дом толькі тады поўнафункцыянальны, калі спраўна, справядліва дзейнічае супольны дах над ім, дзяржава. Калі б у 1990-я гады ажыццявіліся ідэі апазіцыі тых часоў, то мелі б мы і акумулятарны завод не з кітайскай, з германскай тэхналогіяй, і няйначай філію «Фольксвагена» пад Менскам, і не трэба было б цяпер трымцець-карачыцца. І памнажаць пагалоўе дурных, брудных і пошасных птушак, за якіх, дарэчы, у германскіх гарадах паліцэйскі вам на законных, уцямных падставах недрыготкай рукою выпіша штраф у колькі соцень еўра.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: