Брэст: магутная маніфестацыя і 20-кіламетровы марш (фота)

У трэцюю нядзелю пасля скандальных прэзідэнцкіх выбараў у самым паўднёвым і адначасова самым заходнім абласным цэнтры Беларусі працягваліся маштабныя пратэсты грамадзянаў.

Нягледзячы на дождж і масавы ад’езд на ўсебеларускую акцыю пратэсту ў Мінск, тут прайшла грандыёзная маніфестацыя. Быў прыняты Маніфест да мясцовых уладаў. У ім між іншым было заяўлена пра ўсталяванне інфармацыйнай палаткі і запатрабаваная яе недатыкальнасць.

Пасля гадзіннага мітынгу на пляцы Леніна калона рушыла на марш. Прайшлі па месцах нядаўніх нападаў АМАП на дэманстрантаў на праспекце Машэрава, потым па вуліцы Маскоўскай з паваротам цераз раку Мухавец у мікрараён Кавалёва. Там калона значна прырасла і па Гузнянскім мосце цераз Мухавец выйшла ў мікрараён Усход да месца смяротнага ранення пратэстоўца Генадзя Шутава.

Быў разгорнуты 100-метровы бел-чырвона-белы сцяг.  

Калона заняла дзве паласы праезнай часткі, пакінуўшы для праезду адну. Рухам калоны і парадкам займаліся мужчыны ў дэсантнай форме пад камандай былога камандзіра 38-й дэсантнай брыгады падпалкоўніка запасу Сахашчыка. Яны сама перакрывалі, пры неабходнасці, рух транспарту. Дэманстранты казалі, што яны прапаноўвалі ДАІ заняцца сваёй працай, аднак тыя самаўхіліліся.



У акцыі ў розныя часы бралі ўдзел, ацэначна, ад 10 да 25 тысяч – бадай што кожны дзясяты жыхар горада. На плошчы і на маршы былі збольшага моладзь, але і пенсіянеры і нават сем’і з малымі дзецьмі.

Няўдзельныя ў пераважнай большасці віталі пратэстоўцаў з адчыненых дзвярэй маршрутак, люкаў аўтамабіляў і вокнаў дамоў. Выкідвалі два пальцы “Victory”, разгортвалі бел-чырвона-белыя сцягі. Бачна, што акцыі пратэсту маюць вялікую падтрымку і патэнцыял росту.

Здарэнняў і правакацый не зарэгістравана. Напачатку былі заўважаныя нікому не знаёмыя людзі з вясёлкавай сімволікай, якія, выдавала на тое, што працуюць на нейкую карцінку. Але потым яны сыйшлі.

На плошчы і на маршы людзі скандавалі звыклыя лозунгі «Лукашенко уходи», «Лукашенко в автозак», «Брест, выходи!», «Жыве Беларусь!». З’явіліся і новыя: «Лукашенко, улетай! Венесуэла, принимай», «Это наш город», «Далучайся!», «Канец рэжыму!», «Каждый день!», «Забастовка!»

Быў і іншы крэатыў. Нехта наўпрост на плошчы напісаў лозунг «Общепит против тараканов». А гаспадар сабакі агарнуў таго ад холаду бел-чырвона-белым сцягам.


Удзельнікамі быў падпісаны Маніфест. У ім да ведама старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука даводзіцца: «У сувязі са стратай даверу да органаў мясцовай улады і адсутнасцю рэакцыі на нашы патрабаванні ад 16 жніўня, заяўленыя пад час мірнай акцыі пратэсту на плошчы Леніна, даводзім да Вашага ведама, што будзе ўсталяваная інфармацыйная палатка для інфармавання месцічаў Брэста і органаў мясцовай улады пра падзеі, якія адбываюцца ў горадзе Брэсце і Рэспубліцы Беларусь;
Патрабуем, каб органы мясцовай улады і сілавыя структуры не заміналі працы інфармацыйнай палаткі».

Маніфест выстаўляе таксама патрабаванні спыніць прымяненне да ўдзельнікаў мірных акцый гвалтоўных метадаў і выканання артыкулаў 3, 6, 25 і 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Маніфест і подпісы будуць перададзеныя адрасату ў панядзелак 24 жніўня.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: