«Брестская газета» прыпыніла выхад. Гэта сёмае незалежнае выданне, якое страцілі чытачы за год

Як паведаміў галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук, спробы дамовіцца пра друкаванне чарговага нумару засталіся бясплённымі. Друкарні ў розных гарадах адмаўляюцца ад супрацы з рэдакцыяй недзяржаўнага рэгіянальнага выдання.


Друкарні ў розных гарадах адмаўляюцца ад супрацы з рэдакцыяй недзяржаўнага рэгіянальнага выдання. Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Беларускую асацыяцыю журналістаў, праблемы ў выдання ўзніклі, калі Брэсцкая друкарня адмовілася працягваць дамову з «Брестской газетой» — пасля 18 гадоў супрацы. Прычыны адмовы кіраўніцтва друкарні не патлумачыла.

У выніку рэдакцыя ў канцы 2020 года звярнулася да сваіх чытачоў, каб яны анулявалі падпіску, аформленую на першую палову 2021-га. Паводле Віктара Марчука, гэта быў вымушаны крок, бо не было пэўнасці, што можна будзе хутка знайсці альтэрнатыву.

Спробы дамовіцца з іншымі друкарнямі плёну не далі, а шукаць варыянты з друкам у іншых краінах у рэдакцыі палічылі бессэнсоўным.

Такім чынам, «Брестская газета» прыпыняе выхад друкаванай версіі выдання і засяродзіцца на асвятленні падзеяў на сваім сайце і ў сацыяльных сетках.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у краіне прыкладна раз на два месяцы закрываецца незалежнае выданне. Асноўная прычына — палітычны ціск на рэдакцыі і эканамічны фактар.

Да новага году перасталі выпускацца шэсць выданняў. Прычым чатыры газеты спынілі выхад з грамадска-палітычных прычын, бо ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газет «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская» і «Народная воля».

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцця яшчэ дзвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газет. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 года выйшаў апошні нумар газеты «Вольнае Глыбокае».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: