BSSF заклікаў арганізатараў ЧЕ па веласпорце на трэку перанесці турнір з Мінска

«Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці» (BSSF) звярнуўся да Еўрапейскага веласіпеднага саюза (UEC) з просьбай адмовіцца ад правядзення ў Беларусі чэмпіяната Еўропы па веласпорце на трэку.


Па плане турнір павінен прайсці ў Мінску з 23 па 27 чэрвеня 2021 года, перадае «Еўрарадыё».

«Паводле інфармацыі фонду, кіраўніцтва Еўрапейскага веласіпеднага саюза не мае намеру пераносіць чэмпіянат Еўропы з Беларусі. Месца і даты правядзення мерапрыемства захоўваюцца ў каляндарным плане Еўрапейскага веласіпеднага аб'яднання», — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на старонцы BSSF у Facebook.

Прадстаўнікі фонду нагадалі спартыўным функцыянерам з UEC пра фальсіфікацыю выбараў, масавыя пратэсты і жорсткі ўціск нязгодных — пра тое, што са жніўня 2020 года «дзясяткі тысяч беларусаў былі збітыя, больш за 33 тысячы мірных грамадзян былі затрыманыя, больш за 500 падвергліся знявазе і катаванням» толькі таму, што «яны адважыліся адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю».

Аўтары звароту адзначылі, што рэпрэсіям за сваю грамадзянскую пазіцыю падвяргаюцца і спартсмены. За сем месяцаў у BSSF паступіла больш за 100 зваротаў ад прадстаўнікоў спартыўнай індустрыі.

Прадстаўнікам Еўрапейскага веласіпеднага саюза таксама нагадалі пра пазіцыю міністраў спорту краін ЕС. У лютым 2021 года апошнія выказалі сваю занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі і выступілі з заявай аб немагчымасці правядзення міжнародных спартыўных спаборніцтваў у краіне, дзе так парушаюцца правы чалавека.

Таму «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці» і заклікаў Еўрапейскі веласіпедны саюз перанесці чэмпіянат Еўропы на трэку — 2021 з Беларусі.

«Веласпорт не павінен асацыявацца з падтрымкай гвалтоўных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі», —падкрэсліваецца ў звароце.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: