БСЖ настойвае на хуткай выдачы новых акрэдытацый журналістам замежных СМІ

Беларускі саюз журналістаў, які лічыцца праўладным, настойвае на хуткай выдачы новых акрэдытацый журналістам замежных СМІ.


«Беларускі саюз журналістаў выступаў і выступае за празрыстае, канкурэнтнае і этычна вытрыманае развіццё медыя, за захаванне медыйнага заканадаўства і бяспеку журналістаў. Мы настойваем, каб працэс выдачы новых акрэдытацый нашым замежным калегам прайшоў максімальна хутка, не ствараў праблем для нашых калегаў, не быў расцягнуты ў часе і не адбіўся на аб’ёме інфармацыі аб Беларусі ў замежнай інфармацыйнай прасторы», — гаворыцца ў распаўсюджанай у суботу заяве БСЖ.

У БСЖ сцвярджаюць, што працягваюць уважліва сачыць за развіццём сітуацыі. Тут «разлічваюць, што ў выніку пераакрэдытацыі ўсе беларускія і замежныя прафесійныя журналісты і рэдакцыі ў адпаведнасці з законам адновяць сваю працу ў Беларусі ў поўным аб’ёме і ў бліжэйшы час».

Са свайго боку БСЖ «гатовы аказаць падтрымку ўсім партнёрскім рэдакцыям СМІ».

Як паведамлялася, Міністэрства замежных спраў Беларусі па стане на раніцу суботы пазбавіла акрэдытацыі каля 20 журналістаў замежных СМІ, якія працуюць у краіне. Як вынікае з паведамленняў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), рэдакцый СМІ і Telegram-каналаў, пазбаўленыя акрэдытацыі 4 журналісты Беларускага бюро радыё «Свабода» — Алесь Дашчынскі, Алег Груздзіловіч, Уладзімір Грыдзін і Аляксандра Дынько.

Таксама акрэдытацыі пазбаўленыя журналісты Agence France-Presse Сяргей Гапон і Аляксандр Грабенкін; ARD — Ілля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін; Associated Press — Сяргей Грыц і Юрась Карманаў, BBC — Таццяна Мельнічук і Таццяна Януцэвіч; Reuters — Васіль Фядосенка і Уладзімір Косцін, RFI — Генадзь Шарыпкін, «Настоящее время» - Раман Васюковіч.

У міністэрстве замежных спраў інфармацыю аб пазбаўленні акрэдытацыі журналістаў не каментуюць.

Паводле «Інтэрфакс-Захад»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: