БТ створыць новы тэлеканал навінаў «як Euronews». Колькі гэта можа каштаваць бюджэту?

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч заявіў, што новы тэлеканал з навінамі створаць цягам 2020 году, і ён пачне вяшчаць «калі не ў канцы году, то ў пачатку наступнага».
Як перадае БелТА, гаворка пра гэта ішла на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам на тэму дзяржаўных СМІ. Даручэнне зрабіць канал навінаў «накшталт Euronews» Лукашэнка даваў яшчэ два гады таму на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ. Старшыня БТ Іван Эйсмант цяпер заявіў, што будучы канал можна таксама параўнаць, «быць можа, з BBC, хай гэта і нясціпла».

«І ён будзе працаваць у звязцы з пашыранай інтэрнэт-дырэкцыяй Белтэлерадыёкампаніі, якую таксама вось-вось чакаюць вялікія рэформы, – дадаў Эйсмант пра новы канал. – Усе нашыя прапановы былі падтрыманыя».

«Людзі вельмі занятыя, каб слухаць працяглыя, як увечары на БТ ці СТВ, выніковыя перадачы... Цягам дня людзі хочуць атрымаць галоўную інфармацыю», – тлумачыў Лукашэнка 11 лютага. Ён расказаў, што сам адрываецца ад доўгіх сюжэтаў і чытае навіны бягучым радком, таму патрэбная «сціслая інфармацыя па сутнасці з якім-небудзь відэашэрагам».

Новы тэлеканал збіраюцца ствараць у структуры Белтэлерадыёкампаніі, на базе Агенцтва тэлевізійных навінаў. Мяркуецца, што ён будзе працаваць ад 7 раніцы да паўночы. На якой мове будзе вяшчанне, не ўдакладняецца.

Колькі дзяржаўнае тэлебачаньне каштуе беларусам

У дзяржаўным бюджэце на 2020 год (PDF) на Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію выдзелена 123,9 млн рублёў (годам раней было 106 млн). Ці ўваходзяць у гэтыя лічбы планы на новы тэлеканал, невядома, але раней пра такія дадаткі да бюджэту не паведамлялася.

Асобна на канал АНТ выдзелена 4,24 млн рублёў, на канал СТВ – 1,5 млн, на міждзяржаўную тэлерадыёкампанію «Мір» (штаб у Маскве, старшыня рады дырэктараў – прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзмітры Пяскоў) – 7,87 млн. На інфармагенцтва БелТА (якое ў асноўным выдае тэкставыя і фотанавіны, але часам здымае відэасюжэты) выдзелена 1,47 млн.


svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: