Буда-Кашалёўскі «Авангард» ці гарадзенская «Перспектыва»? Як праходзіла размеркаванне на журфаку

Тэндэнцыя размеркавання студэнтаў на факультэце журналістыкі БДУ заўсёды мае шчыльную сувязь з грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне. У нейкі год можна разлічваць нават на размеркаванне ў незалежныя медыя, але часцей варта рыхтавацца да пераезду ў далёкі незнаёмы горад, нават маючы некалькі заяў з розных СМІ. Здаецца, гэты год займае першыя пазіцыі па ступені драматычнасці развіцця падзей.  

Што ўвогуле ўяўляе сабой размеркаванне? За два месяцы да прызначанай даты студэнты прыносяць заявы з месцаў, дзе разлічваюць атрымаць працу. У пэўны дзень збіраецца камісія на чале з міністрам інфармацыі і разглядае запыты. Гэтым разам замест нядаўна прызначанага міністра Уладзіміра Пярцова быў яго першы намеснік — Андрэй Кунцэвіч. У выпадках, калі студэнт не мае заяў ці калі камісія заяву адхіляе, студэнт мае права выбраць сабе месца размеркавання ў раённых СМІ.

Але з заявамі ад арганізацый не ўсё так проста. Калі мы звернемся да «Палажэння аб парадку размеркавання», то не знойдзем там канкрэтных патрабаванняў да арганізацый, якія маюць права браць на працу студэнтаў бюджэтнага аддзялення. Такім чынам, фармальна няма забароны на размеркаванне ў недзяржаўныя СМІ. Але канчатковае рашэнне прымаецца камісіяй, таму абсалютна любая заява пры жаданні гэтай самай камісіі можа быць адхіленая.

Пасля небывалага павелічэння пратэснай актыўнасці беларускага грамадства разлічваць на магчымасць размеркавання ў незалежныя медыя студэнтам журфаку было не варта. Таму большасць заяў на размеркаванне была сапраўды з дзяржаўных СМІ. З задавальненнем і шчырай адданасцю працаваць у такіх выданнях жадаюць адзінкі. Напрыклад, студэнтка, якая абрала месцам працы тэлекампанію «Ваен ТБ», што з’яўляецца часткай Міністэрства абароны, расказвае з захапленнем:

— Яны там мне кажуць: «Напэўна, афіцэрам падабаешся, калі на “Ваен ТБ” працаваць жадаеш». А я ім: «Яшчэ б, у мяне муж афіцэр!»


Большая ж частка студэнтаў бяруць заявы з дзяржаўных выданняў без асаблівага энтузіязму. Але і тут не ўсё так проста. Кацярына неаднаразова праходзіла вытворчую практыку ў выданні «Энергетычная стратэгія» (часопіс пры Міністэрстве энергетыкі), дзе дзяўчыне гарантавалі размеркаванне.

— Я праводзіла там кожны будні дзень з 11 па 16. А калі звярнулася па фармальнасць — заявай на перадразмеркаванне, мне сказалі: «Прабачце, але не атрымаецца». Так за тры месяцы да размеркавання я засталася без варыянтаў. Была ў поўнай разгубленасці і шоку. Пазней мне параілі звярнуцца ў рэдакцыі гарадоў-спадарожнікаў. Я даслала імэйлы ў пяць СМІ, з аднаго з іх — газета «Край Смалявіцкі» — амаль адразу прыйшоў адказ: «Прыязджайце, вельмі вас чакаем». Прыехала, адразу аформілі заяву. Цяпер засталося, каб камісія падцвердзіла.

Пасля пасяджэння камісіі зноў сустракаемся з Кацяй:

— Усё нармальна, паеду ў Смалявічы. Праўда, дзядзечка галоўны спытаў, ці не жадаецца на малую радзіму паехаць. А я з Мазыра. Дык я яму адказала: «А вам?» Да таго ж, ён вырашыў асабіста патэлефанаваць у Смалявічы, спытаць, ці сапраўды я там патрэбная. Чамусьці афіцыйнай заявы не хапіла.

Тыя, хто не гатовыя ісці на кампрамісы, павінны шукаць нечаканыя спосабы выйсця з сітуацыі. Напрыклад, Улад вырашыў арганізаваць факультатыў для журналістаў-юнакоў на базе адной з мінскіх школ і прынёс адтуль заяву. Афіцыйна нічога не замінае яму туда размеркавацца. Аднак камісія яшчэ на папярэднім пасяджэнні заявіла, што гэта педагагічная, а не журналісцкая дзейнасць. Цікава, што ў мінулым годзе камісія палічыла працу ў краме OZ.by дастаткова журналісцкай дзейнасцю, калі размяркоўвала туды студэнтку. Але Уладу не пашчасціла. Яго на два гады накіравалі працаваць у горад Чэрвень рэдактарам сайта мясцовай газеты. «Сказалі, калі так моцна жадаю займацца педагагічнай дзейнасцю, магу рабіць гэта на ўзроўні раёна». Улад плануе выплачваць грошы за адукацыю.

Максім — спартыўны журналіст. Ён прыйшоў на размеркаванне з аптымістычнай заявай ад выдання Tribuna.com. Гэта не дзяржаўнае СМІ, але яно з’яўляецца базавай арганізацыяй факультэту. Зноў звернемся да «Палажэння аб парадку размеркавання», дзе знойдзем: «Базавая арганізацыя мае пераважнае права на задавальненне сваёй патрэбы ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй». Але Максім ілюзій амаль не мае. «Паеду куды размяркуюць, калі што. Краіна ў нас прыгожая, жыць можна больш-менш». Максіма размеркавалі ў Чачэрск. Таксама рэдактарам сайта.

Падобная сітуацыя чакала Вольгу, якая разлічвала атрымаць размеркаванне на Мінскай урбаністычнай платформе (таксама базавая арганізацыя), але яе накіравалі ў Наваполацк.

Нечакана драматычным гэты дзень стаў для Лізы. Дзяўчына прынесла амаль ідэальную заяўку з Беларускай федэрацыі валейболу, дзе апошнім часам працавала прэс-сакратаркай. Заяву адхілілі («не па спецыяльнасці»). Ліза паедзе працаваць у гродзенскай газеце «Перспектыва».

Былі і шчаслівыя выпадкі. Напрыклад, нішто не перашкодзіла аднаму са студэнтаў размеркавацца на працу ў прыватны банк. Пра тое, з чым звязана такая аднаразовая дэмакратызацыя камісіі, ходзяць самыя смелыя чуткі. Але пакінем іх па-за кадрам.


І яшчэ адзін цуд. Але не для ўсіх. Адразу тры студэнткі прынеслі заявы з Цэнтра карпаратыўных камунікацый БДУ. Аднак дзяўчыне, якая пайшла на размеркаванне першай з трох (адпаведна, і сярэдні бал яе вышэйшы, і шанцаў на добры вынік больш) было адмоўлена. Дзве іншыя дзяўчыны моцна расхваляваліся, але ім пашчасціла больш — тую ж самую заяву ў абедзвюх прынялі. А вось першую дзяўчыну накіравалі на працу ў горад Узда.

Ці ёсць магчымасць пазбегнуць такога хвалюючага працэсу? Безумоўна. Адзін са спосабаў — мэтавае накіраванне. Для гэтага патрэбна яшчэ перад паступленнем заключыць дамову са СМІ, згодна з якой студэнт пасля навучання атрымлівае гарантаванае месца працы, але не на два, а на пяць гадоў. Такой магчымасцю скарысталася Аліна. Яна будзе працаваць ў Буда-Кашалёўскай газеце «Авангард». «У мяне пашпарт грамадзянкі РФ. Але сказалі, што нават калі мяне дэпартуюць, то ўсё роўна зробяць від на жыхарства, каб я тут адпрацоўвала. Жыць там буду ў інтэрнаце (іншых варыянтаў няма, у Буда-Кашалёва нічога не здаюць), пра заробак пакуль не ведаю».

Дзейны спосаб пазбегнуць размеркавання — забраць дакументы з факультэта. На першы погляд такое рашэнне падаецца занадта радыкальным. Але паслухаем гісторыю Ангеліны:

— Я займаюся спартыўнай журналістыкай. Супрацоўнічала з НДТРК паўтара года — не за грошы, але дзеля досведу і перспектывы размеркавання. Калі ў 2020 годзе дзяржаўнае тэлебачанне сябе канчаткова дыскрэдытавала, я зразумела, што не змагу працаваць у такіх абставінах, але скажу шчыра, сумненні былі (з дзяцінства марыла працаваць у спартыўнай рэдакцыі, а тут трэба ўсё пакінуць). Канчатковае рашэнне пра сыход з БТ прыняла пасля арышту Алены Леўчанка, хаця тады ўжо ведала дату, калі магла б афіцыйна пачаць працаваць на тэлеканале. На некаторы час засталася без варыянтаў на размеркаванне. Потым месяц працавала ў прэс-службе спартыўнай камады, але і там не абышлося без сутыкнення з палітыкай і іншымі непрыемнымі момантамі. Прыйшлося звольніцца. Тады ўжо стала зусім зразумела, што заявы на размеркаванне ў мяне не будзе. А калі я ўявіла, як у пэўны дзень прыходжу да камісіі і выбіраю з таго, што яны прапаноўваюць, стала так непрыемна! Таму за некалькі дзён да размеркавання забрала дакументы з факультэта. Гэта было цяжкае рашэнне. Я вельмі люблю журфак. Калі б у мінулым годзе мне сказалі, што ўсё так павернецца — напэўна, не паверыла б. Але я хачу даказаць сабе, што можна пайсці па шляху найбольшага супраціву і жыць у згодзе са сваім сумленнем.

Разам з Ангелінай рашэнне забраць дакументы прынялі яшчэ дзве студэнткі. На працягу трох гадоў дзяўчыны могуць аднавіцца ва ўніверсітэце і скончыць навучанне, калі пажадаюць.

Гледзячы на план прыёма студэнтаў дзённай формы на журфак у 2021 годзе, можна заўважыць, што колькасць платных месцаў вельмі скарацілі. У 2017 годзе, калі паступалі тыя, каго цяпер размяркоўвалі, было залічана каля 70 студэнтаў-платнікаў. У 2021 годзе плануюць прыняць толькі 20. Яшчэ 88 студэнтаў атрымаюць адукацыю за кошт бюджэту. Застаецца спадзявацца, што дзяржаўныя СМІ ў 2025 годзе будуць зусім іншымі і размяркоўвацца туды студэнты будуць з задавальненнем.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: