Прадпрыемства па ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў пакуль не з'явіцца

Слуцкі райвыканкам абвясціў несапраўдным восеньскі пратакол аб грамадскіх слуханнях наконт будаўніцтва прадпрыемства па ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў у ваеным гарадку «Паўлаўка».
Гэтая інфармацыя вынікае з адказу Мінскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў, куды быў перанакіраваны зварот актывіста слуцкай філіі БХГ Віталя Амяльковіча ў Мінскі аблвыканкам.

Віталь Амяльковіч звяртаўся ў пракуратуру Слуцкага раёна, Слуцкі райвыканкам і Мінскі аблвыканкам з просьбай ажыццявіць праверку легітымнасці грамадскіх слуханняў па праблеме будаўніцтва прадпрыемства па ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў у ваенным гарадку “Паўлаўка”.

У сваіх зваротах грамадскі актывіст у 10 пунктах  пералічыў парушэнні беларускага заканадаўства, якія, на яго погляд, мелі месца ў ходзе выканання працэдуры грамадскага абмеркавання справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння будучага прадпрыемства на экалогію Случчыны.

Супраць адкрыцця такога прадпрыемства ў лясной зоне ў месцы пачатку ракі Случ на тэрыторыі былога ваеннага палігона выступілі  200 жыхароў бліжэйшых населенных пунктаў, якія падпісалі калектыўны зварот у райвыканкам, Слуцкі лясгас, і супрацоўнікі дзіцячага санаторыя “Сонейка”.

Экалагічнае ноу-хау: бомба для экалогіі Случы?

Згодна адказу пракурора Слуцкага раёна, для праверкі і прававой ацэнкі дзеянняў арганізатараў працэдуры грамадскага абмеркавання скарга перанакіравана ў Слуцкі РАУС, для праверкі парушэння заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя — у Слуцкую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў.

Паводле адказу з Мінскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў, Слуцкі райвыканкам абвясціў несапраўдным восеньскі пратакол аб грамадскіх слуханнях.

Прычынай скасавання пратаколу з’явілася неабходнасць правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання ў сувязі з вялікай колькасцю зваротаў незадаволеных грамадзян, а таксама незразумелая спасылка ў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе прадпрыемства на неіснуючае рашэнне Слуцкага райвыканкама ад 16.10.2015 года пад №131/15.

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Слуцкага райвыканкаму Пётр Ціханенка не змог патлумачыць сітуацыю з неіснуючым рашэннем:

— Можа, гэта апіска, можа, што іншае — не магу сказаць. Трэба вывучаць, — выказаўся Пётр Пятровіч і запэўніў, што калі адбудуцца новыя грамадскія слуханні, яны правядуць у адпаведнасці з заканадаўствам, з інфармацыйным розгаласам і па месцы знаходжання зацікаўленых жыхароў.

Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама па архітэктуры і будаўніцтву Мікалай Пенязь зазначыў, што да плануемага прадпрыемства ў Слуцкага райвыканкама таксама ёсць шэраг пытанняў, паколькі раённыя службы МНС атрымалі неадназначную інфармацыю ад службы МНС Наваполацкага “Нафтана”, дзе дадзенае прадпрыемства мелася быць да гэтага.

Сам жа кіраўнік будучага прадпрыемства Алег Віцень лічыць, што прадпрыемства для экалогіі абсалютна бяспечнае, бо гэта — найноўшая  біялагічная тэхналогія.

"Людзі проста не разумеюць сутнасці біялагічнай вытворчасці. Чаго не разумеюць  таго і баяцца, — настойвае на сваім меркаванні Віцень. — Слуцкі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выдаў мне пазітыўнае заключэнне на падставе ўласных даследаванняў, таксама ёсць заключэнне рэспубліканскага цэнтра. Санітарная зона для такога прадпрыемства — толькі 50 метраў. Ад бліжэйшай вёскі да вытворчасці пехатою трэба ісці цэлую гадзіну".

Новыя грамадскія слуханні адкладзены на некалькі месяцаў, пакуль “вытворчасць па біялагічнай ачыстцы нафтазабруджаных грунтаў на ўчастку ваеннага гарадка Паўлаўка” не ўнясе змены ў блок  дакументаў. Вяскоўцы і зацікаўленыя  жыхары горада Слуцка гэтаму рады і рыхтуюць новыя контраргументы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: