«Будоўля «Тамбаза» — законны крадзеж»

Ашуканым пакупнікам аблігацый «Тамбаза» абвясцілі пра падпісанне новых дамоваў. Шматпакутны даўгабуд цяпер узводзіць дзяржаўнае Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ).
"Сцяна"

"Сцяна"

Трымальнікаў жыллёвых аблігацый (ЖА) запрасілі для заключэння з УКБ дамоваў долевага будаўніцтва. Пакуль гэта датычыцца патэнцыйных жыхароў толькі аднаго з недабудаваных дамоў (вышынніка, якога празвалі «Слупком»). Уладальнікі ЖА другога даўгабуда (так званай «Сцяны») — пакуль у чаканні і невядомасці.

Кампанія-забудоўшчык «Тамбаз» знаходзіцца ў стадыі банкруцтва. Яе кіраўнік Леў Хаюцін прысуджаны да 6 гадоў зняволення ў калоніі. У будаўніцтва двух дамоў на вуліцы Багдановіча ў Мінску (ЖК «Аркадзія») уклалі грошы больш 600 сем’яў. І «пагарэлі» на жыллёвых аблігацыях «Тамбаза». Яго дзялкі перааформілі страхоўкі трымальнікаў ЖА шмат якіх выпускаў на паручыцельствы афіляваных фірмаў. Будаўніцтва дамоў спынілася, грымнуў скандал, а людзі засталіся ні з чым. Ні кватэр, ні страховак. Масава няма страховак у пакупнікоў кватэр «Слупка», па якому цяпер прапанавана падпісаць дамовы на даплаты з УКБ. І толькі часткова ёсць у «Сцяны».
Чытайце таксама:

Пазычыць грошы пад працэнты? Альбо прадаваць нырку?



Афіляваныя канторы аказаліся неплацежаздольнымі. Пашанцавала толькі той частцы людзей, у якіх гарантыі пад аблігацыі засталіся аформленымі ў страхавых кампаніях. Яны атрымалі выплаты. Аднак і страхоўкі не пакрываюць выдаткі, якія давядзецца плаціць людзям на дабудову жылля. Нягледзячы на тое, што па аблігацыях яны цалкам аплацілі кошт кватэраў.


Непад’ёмная сума

Перад заключэннем дамоваў прадстаўнікі ўлады сустрэліся з трымальнікамі аблігацый. Было агучана, што будаўнічая гатоўнасць «Слупка» як цэлага аб’екта (а не жылой часткі) — 58 працэнтаў. А максімальны кошт даплаты для дабудовы аб’екту папярэдне вызначаны 703 рублі за квадратны метр. Разлік зроблены зыходзячы з агульнай працэнтнай гатоўнасці аб’екта, які ўключае камерцыйныя плошчы, а не для жылой часткі, у якой знаходзяцца кватэры, купленыя па ЖА. Гэта стварае сітуацыю беспрацэнтнага крэдытавання дабудовы камерцыйных плошчаў, апроч дабудовы жылых квадратных метраў за кошт пацярпелых і падманутых забудоўшчыкам пакупнікоў.


«Непад’ёмная сума», — кажа Міхаіл, якія прыйшоў на сустрэчу з чыноўнікамі ў адміністрацыі Савецкага раёна. Ён уклаў грошы ў аблігацыі на будаўніцтва двухпакаёвай кватэры (81 квадратны метр). «Тамбаз» правярнуў аферу з пераафармленнем страхоўкі. Гарантыі страхавой кампаніі былі замененыя на паручыцельства “АльТэраБуд”. Гэта юрыдычная асоба, дзе “Тамбазу” належала доля. “АльТэраБуд” — гэта пустышка такая. Яна нам страхавыя ніяк бы не выплаціла», — сказаў Міхаіл.

Ён з сям’ёй 14 гадоў жыве ў двухпакаёвай кватэры з цешчай і яе сястрой. Нядаўна нарадзілася трэцяе дзіця. З разліку 700 рублёў за «квадрат» на дабудову кватэры трэба знайсці каля 57 тысяч рублёў (26 тысяч долараў).
«Я выкладчык. У мяне і жонкі — педагагічная адукацыя. Нерэальна зарабіць такія грошы, — канстатаваў Міхаіл. — Нам проста няма дзе іх узяць. У нас сітуацыя такая, што калі страхавых не будзе, то мы будзем вымушаныя па ўсіх сваяках пазычаць суму. Але з улікам, што мы хутка аддадзім. Як толькі дом дабудоўваецца, мы мусім прадаць кватэру і адразу раздаць даўгі».

«Не аддадзім ключы, пакуль не разлічыцеся»

На падпісанне дамовы з заказчыкам, Упраўленнем капітальнага будаўніцтва, адводзіцца два месяцы. «Калі вы не заключаеце на працягу 60 каляндарных дзён дамову, то гэта кватэра ідзе ў свабодны продаж», — адзначыў кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Юрый Трушчанка.

«Гэта значыць, мы губляем усё, — патлумачыла трымальніца аблігацый Кацярына.Мы губляем і кватэру, і тыя грашовыя сродкі, якія мы ўнеслі ў 100-працэнтым аб’ёме. Нам нічога не будуць кампенсаваць. Ні рубля. Нашу кватэру проста рэалізуюць іншым пакупнікам. Па камерцыйным кошце, як мяркуецца, каля 3 тысяч рублёў за квадратны метр».


Пасля заключэння дамовы трэба будзе рабіць штомесячныя аплаты. «Па даведках за фактычна выкананыя аб’ёмы прац, — паведаміў дырэктар УКБ Савецкага раёна Валерый Мінчанкоў.З 12 па 15 чысла кожнага месяца вы абавязаныя прыйсці, забраць гэту даведку і аплаціць да 10-га чысла наступнага месяца». Акрамя разліку за мінулы месяц, у аплату будзе ўключана і 50-працэнтная перадаплата на наступны. За неаплату і пратэрміноўкі прадугледжаны штрафныя санкцыі. «Мы не аддадзім ключы да таго часу, пакуль вы не разлічыцеся», — папярэдзіў дырэктар УКБ. Будаўніцтва дома плануецца завяршыць да восені.

«Потым яны будуць рабіць пераразлік, — кажуць трымальнікі аблігацый. — 703 рублі за квадратны метр — гэта цана недакладная, будзе ўдакладняцца ў канцы на апошняй стадыі будаўніцтва. Раптам яшчэ болей будзе, чым 703 рублі. Ніхто не можа вам сказаць, што вышэй не будзе. Дамова не мае канчатковай цаны. Прапануюць ката ў мяшку».

Такім чынам, невядома, якую суму для аплаты будуць налічаць штомесячна. І які рахунак выставяць у выніку пасля завяршэння будоўлі. Прапанову людзей спачатку дабудаваць дом, а потым выставіць ім рахунак, улады не сталі браць пад увагу. Указ кіраўніка краіны № 430 як юрыдычная норма права, складзеная з мэтай максімальнага захавання інтарэсаў грамадзян, падманутых нядобрасумленным забудоўшчыкам, не выкананы. Бо ён прадугледжваў выплату людзям страховак па факце надыходу страхавога выпадку да заключэння дамоваў на дабудову з УКБ. Большасць не атрымала ні рубля з-за неплацежаздольнасці залогадавальнікаў, паручыцеляў-афілянтаў «Тамбаза».


На сустрэчы ў адміністрацыі Савецкага раёна людзі даводзілі чыноўнікам:

«Мы ідзем без крыніц фінансавання. Рабіць тыя выпалаты, якія вы нам прапаноўваеце, большасць не здольныя».

Жанчына нагадала пра маёмасць «Тамбаза»: «Цяпер прызначаны антыкрызісны ўпраўляючы. Будуць прадаваць кран, які каштуе немалых грошай, здаваць офіс у арэнду. Чаму б вось гэту крыніцу фінансавання ні знайсці для пагашэння нашых страхавых аблігацый?»

Іншая жанчына абураецца: «Мы хадзілі ў суды, мы патрацілі свой час, мы патрацілі сваё здароўе, мы патрацілі грошы — і мы атрымалі дулю адтуль. Вось рамкі прававога поля. Значыць, яны не працуюць, гэтыя рамкі прававога поля. Прыдумляйце вы самі гэту ерась. Але не прымушайце нас плаціць яшчэ раз такую суму, мы ўжо заплацілі за жыллё! Гэта вялікая сума. Такой сумы ў мяне, працуючай, напрыклад, няма. І я выхоўваю адна дзіцё. І я не змагу заплаціць гэтыя грошы. І згубіць гэту кватэру, сваё першае адзінае жыллё, я таксама не хачу».


«Выхаду ў нас няма»

Сям’я Кацярыны жыве разам упяцёх на здымнай кватэры з 2016 года. Кацярына з мужам, яе брат, маці і бабуля. «Мы прадалі адзінае наша жыллё, якое ў нас было, — распавяла жанчына. — Будавалі па жыллёвых аблігацыях, як усе. Усе грошы, якія ў нас былі, яшчэ і пазычылі, мы ўнеслі ў “Тамбаз”. Трохпакаёвая кватэра цалкам выкупленая, поўнасцю квітанцыя на ўсю кватэру — аплата 100 працэнтаў. І зараз нам дзесьці трэба шукаць грошы на дабудову. Яшчэ каля 35 тысяч долараў неабходна будзе даплаціць. Мы будзем спрабаваць узяць крэдыт. Мы ўсё-такі спадзяемся, што ўлады нас пачуюць. Можа, дапамогуць нейкі льготны крэдыт узяць. Канечне, мы будзем падпісваць дамову. Таму што ў нас няма другога выбару. Выхаду ў нас няма. Альбо мы губляем наогул усё».

"Слупок"

"Слупок"

Кацярына спачувае тым, хто ўжо цяпер у крэдыты напачатку будаўніцтва. «У большасці ўжо ёсць крэдыты. І што яны будуць рабіць, я не ведаю. Гэта шалёныя працэнты за столькі гадоў. І плюс яны яшчэ вымушаны ўзяць крэдыт на дабудову».

«Тамбаз» замяніў страхавальнікаў, а трымальнікі аблігацый пра гэта нават не ведалі.

— Ад нас гэта не залежала, нас ніхто не запытваў, — падкрэсліла Кацярына. — Нам проста замянілі добрыя страхавыя банкі і страхавыя кампаніі на свае афіляваныя канторы, у якіх увогуле нічога няма — два стулы і адна ручка. І людзей пра гэта не паставілі ў вядомасць абсалютна. А цяпер чыноўнікі нам: згодна бухгалтарскай справаздачы, страхавое забеспячэнне гэтых фірм на момант выпуску ЖА было дастатковым. Таму Дэпартамент па каштоўных паперах дазволіў іх удзел. А калі страхавыя абавязацельствы аказаліся не выкананымі, яны нам адказваюць — мы нічога не ведаем, мы нічога зрабіць не можам, і ў нас нічога не запытвайце. І выстаўляюць такія даплаты.

— У суды звярталіся наконт выплат?

— Канечне, мы ўсе выйгралі суды. Ну суды так, мы выйгралі. Мы малайцы. Ну і ўсё. А грошай няма.

— Рашэнне якое?

— Рашэнне суда на нашу карысць. Выплаціць трымальнікам жыллёвых аблігацый: такому-та такому — такую-та суму. Але грошай няма. Што ж там выплаціць? Хаюцін і кампанія грошы «вывелі» ў першых дамах. Гэта ж будаўнічая піраміда. Яны з першых дамоў «вывелі» проста грошы — і ўсё. І цяпер мы сутыкнуліся з тым, што ёсць.
 
Пацярпелыя выказалі прэтэнзіі і да Дэпартамента па каштоўных паперах, які на сустрэчы прадстаўляў яго дырэктар Аляксей Красінскі. Прывялі прыклад, як правяраюць звычайных людзей у банках перад тым, як выдаць крэдыт. Высвятляюць усю паднаготную, патрабуюць розныя даведкі і забеспячэнне. «Вы павінны былі праверыць іх ад і да — “Альтэру”, “Інтэрфакт”, “Эгал-Інвест” і ўсю гэту шушару. Гэта ж махлярства. Вы што-небудзь зрабілі, скажыце? Гэта вы ім давалі гэтыя аблігацыі. Калі я падпісваў дамову, я быў упэўнены, што мяне абараняе дзяржава. Альбо вы павінны нам былі сказаць — хлопцы, за гэта мы не нясем адказнасці. І мы б не трапілі ў гэту гісторыю».

— Аналагічным чынам дзейнічаем і мы, — адрэагаваў на прыклад з банкамі Аляксей Красінскі. — Калі да нас прыходзіць імітэнт, калі да нас прыходзіць паручыцель, іншая арганізацыя, мы ў іх бярэм афіцыйную дакументацыю. Ёсць аўдыт, які праходзіць у тым ліку таксама паручыцель. Аўдыт пацвярджае дакладнасць...

— Ну добра, ну калі яны ўсё пацвердзілі, усё так добра, дзе ж тады нашы сродкі, якія мы не можам атрымаць? Хаця ўсе яны ўжо абясцэнены.

— Такая сацыяльная адказнасць нашых бізнесменаў, — заявіў Аляксей Красінскі. Прысутныя абурыліся.

На рэплікі, што ўказ, у якім прапісана пра страхавыя выплаты людзям, не выкананы, а іх прымушаюць заключаць дому з УКБ на даплату, кіраўнік адміністрацыі Юрый Трушчанка заявіў:

— Не прымушаюць, вам прапанавалі. Вы не блытайце розныя рэчы. Вы можаце не заключаць дамову. Вы можаце не плаціць. Гэта ваша асабістае права. Кожны сам для сябе прымае самастойнае рашэнне. Гэтаксама, як вы прымалі рашэнне, калі заключалі дамову з «Тамбазам». Вас ніхто не прымушаў.

Трымальнікі аблігацый зноў пачалі абурацца. Глава адміністрацыі рэзюмаваў: 60 дзён для роздуму. Кожны сам вырашае. Альбо падпісваць дамову, альбо выходзіць з пікетамі на вуліцу — так акрэсліў выбар Юрый Трушчанка. Пацярпелыя трымальнікі акцый ужо правялі пікетаванне Мінгарвыканкама.

«Уклалі грошы ў абяцанні»

Прыйшлі з плакатамі: «Дамы “Тамбаз” — помнік карупцыі ў Беларусі», «Максімальнае захоўванне інтарэсаў грамадзян: не атрымаў страхоўку — надзявай вяроўку!», «Вярніце зніклыя мільёны ў кошт даплат», «Выдатна адпрацаваны сцэнарый па адыманню грошай у грамадзян!», «Патрабуем празрыстага разліку сумы даплат», «Будоўля “Тамбаза” — законны крадзеж», «Рымашэўскага і Трушчанку — у адстаўку!» (Рымашэўскі — намеснік старшыні гарвыканкама. — Рэд.)

«Людзі, якія аплацілі поўнасцю сваю жылплошчу, аказаліся не пакупнікамі кватэраў, а, паводле меркавання дзяржавы, інвестарамі, — адзначыў адзін з удзельнікаў пікета. — Яны проста ўклалі грошы ў абяцанні кагосьці дабудаваць ім дом. І потым аказалася, што грошай не хапае ні на дабудову, ні на выкананне сваіх страхавых абавязацельстваў».


Згодна з заканадаўствам, набыццё жылля для асабістых патрэбаў не з’яўляецца інвестыцыйнай дзейнасцю. Таксама, згодна праспекту эмісіі ЖА, ЖА як каштоўныя паперы з’яўляюцца бездаходнымі. Такім чынам, пры іх куплі няма магчымасці атрымання даходу звыш укладзеных сродкаў у беларускіх рублях. І спроба назваць «інвестарамі» людзей, якія будавалі жыллё па інструменту, прапанаванаму забудоўшчыкам і адобранаму дзяржавай, і якія не атрымалі гарантаванае заканадаўствам 100% аплачанае жыллё, — з’яўляецца неабгрунтаваным здзекам.


Як распавялі пакупнікі аблігацый, «Сцяне» са страхоўкамі пашанцавала болей. У адрозненне ад «Слупка», дзе людзі не атрымалі страховак, а зрабіць даплаты (без выплаты страховак) УКБ патрабуе да пачатку жніўня, у «Сцяне» выплаты атрымалі каля 70% пакупнікоў ЖА. Аднак іх становішча ўскладняецца больш працяглым тэрмінам чакання дабудовы. Мяркуецца, што «Сцяну» здадуць у 2022 годзе.
Чытайце таксама:

«Адкуль нам узяць грошы на двайную аплату?» Дольшчыкі «Тамбаза» выйшлі на пікет да Мінгарвыканкама (фота)


Праблема, якая датычыцца ўсіх пакупнікоў у абодвух дамах — адсутнасць магчымасці прадаць кватэру ў любы момант на свабодным рынку ў выпадку, калі не ўдасца знайсці грошы на дабудову. Падманутыя ўладальнікі аблігацый кажуць, што знаходзяцца цяпер у «цісках пакутлівага выбару». Альбо даплата Упраўленню капбудаўніцтва за дабудову, за ўжо заплачанае «Тамбазу» жыллё. (Для «Слупка» — яшчэ +42% (працэнт негатоўнасці дома). Аплаціць кошт прац, які выставіць УКБ, у сціслы тэрмін да жніўня 2020 года). Альбо страта гэтага жылля — з далейшым перапродажам кватэр Упраўленнем капбудаўніцтва па камерцыйнай цане. Без кампенсацыі людзям, падманутым былым забудоўшчыкам — іх проста пазбавяць купленай у «Тамбаза» кватэры.

— Чаму такое бязмежжа магчыма? — кажа ўладальніца аблігацый Надзея. — Аказваецца, УКБ, якое забрала на сябе дабудову, не нясе ніякай адказнасці па абавязацельствах «Тамбаза». Тады ўзнікае пытанне: на падставе чаго УКБ атрымала права на маёмасць «Тамбаза» (недабудаваныя дамы)? Калі гэта маёмасць узведзеная за кошт грошай пакупнікоў жылля. А УКБ да перадачы яму аб’екта, з працэнтнай гатоўнасцю цэлага аб’екта ў 58%, не ўклала ў яго ні капейкі сваіх грошай? І як магчыма, што рэалізаваць кватэру па камерцыйным кошце УКБ можа, а кампенсаваць затраты пакупніку яе ў «Тамбаза», у якога УКБ кватэру можа забраць — не. Чаму права перапродажу жылля рэалізавана без абавязацельстваў УКБ кампенсаваць укладзеныя пакупнікамі грошы?


Уладальнік аблігацый Андрэй будуе чатырохпакаёўку ў «Сцяне»: «Я прадаў сваю трохпакаёвую кватэру. Купіў на 110 тысяч долараў 105 аблігацый. На 105 квадратных метраў. Аблігацыямі поўнасцю адразу заплацілі. І ўсё. І застаўся ні з чым. У 2013 годзе гэта было. Усемярых жывем у двухпакаёвай кватэры. Двое дзяцей, бацькі, і яшчэ брат жонкі.
Я быў застрахаваны ў дзяржаўнай арганізацыі. Я атрымаў страхоўку, але яна ўсё роўна не поўнасцю аплачвае ўсе мае страты. Мяркую, прыкладна 60 тысяч долараў мне трэба будзе даплаціць. А страхоўка каля 25 тысяч долараў. Яшчэ 35 тысяч усё роўна маіх трэба аддаць. І ў выніку калі я атрымаю кватэру, я шчыра кажучы, не ведаю, што далей рабіць. Я, можа, яе прадам і куплю другаснае жыллё, хутчэй за ўсё».

Іншы ўдзельнік пікета, Віктар Міхайлавіч, распавёў пра будаўніцтва ў «Слупку». «Выкупілі аблігацыі на трохпакаёвую кватэру. Патрацілі 120 тысяч долараў. А калі ўсё скралі, потым гэты “Тамбаз” і “Альтэру” разагналі, і няма з каго спытаць. І зараз мы нуль атрымалі. Сын хадзіў купляць аблігацыі: “Тата, я ўсё купіў, усё нармальна”. Я кажу: “Мы не праляцім, нас не пракінуць?” Ён кажа: “Ды мы застрахаваны дзяржавай, ты што?” Вось так былі застрахаваны. Галоўнаму мафіёзі суд даў 6 гадоў. І ўсё. Ну цяпер, я думаю, што будзе амністыя, і Хаюціна выпусцяць.

Мы не згодны з сумай даплаты. Таму што завышаныя цэны. Наша кватэра была ўжо пабудавана, трэці паверх гатовы. А тут яны кажуць — даплачваць. За што я буду даплачваць? Што ўнізе яны пабудавалі там нейкі бар? (адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр. — Рэд.) Мы заплацілі грошы, каб пабудаваць сабе кватэру. Жылую, правільна? Хоць там цэнтр ІТ няхай будуюць, мяне гэта не павінна хваляваць».


Яшчэ адзін з пікетчыкаў паведаміў, што набыў ЖА на будаўніцтва кватэр у двух дамах: «У “Слупку” аднапакаёвая. І ў “Сцяне” таксама аднапакаёўка. Будавалі для дзяцей. У нас дзве дочкі. Я прадаваў дзве кватэры. У мяне было дзве долі ў кватэрах разам з братам, у спадчыну дасталіся. Калі бацькоўскую кватэру прадалі, тады я ў будоўлю ўлез. Жывем цяпер чатыры чалавекі ў адной кватэры, двухпакаёўцы. Са “Сцяной” наогул пакуль нічога не абяцаюць. Лічбы даплат невядомыя, праект невядомы, усё на ўзгадненні, пытанняў шмат. Калі пабудуюць — толькі прыкладныя тэрміны, кажуць, што праз два гады».

На дабудову аб’ектаў выдаткавалі бюджэтную зваротную пазыку 30 мільёнаў рублёў. «Тамбаз» узводзіў «Слупок» з камерцыйнымі памяшканнямі ў ніжняй частцы дома. Таксама будуецца яшчэ паркінг-стаянка. Трымальнікі акцый даводзяць, што ў камерцыйныя плошчы ўкладаюцца іх грошы:

«Аб’ект, яны палічылі, гэта не проста жылая частка. Аб’ект — гэта і камерцыйныя плошчы, якія нам не будуць належыць. 703 рублі за квадратны метр — гэта кошт для ўсяго аб’екта, для жылой і нежылой часткі. Начальнік УКБ гаворыць, што мы не збіраемся вашы грошы прыцягваць на будаўніцтва камерцыйных плошчаў. Аднак цану сфармавалі менавіта з таго, што працэнт недабудовы агульны будзе класціся на нас. Мы зноў уносім грошы ў будаўніцтва гэтых камерцыйных плошчаў. Яны будуць будаваць камерцыйныя памяшканні за наш кошт, але нам яны належаць не будуць».

«Нашы дамы — гэта як сімвал барацьбы»

На пікеце ўдзельнікі падпісалі звароты да старшыні Мінгарвыканкама і да кіраўніка Камітэта дзяржкантролю. Яны просяць «спыніць антызаконныя дзеянні адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска». Працягнуць будаўніцтва за кошт бюджэтнай пазыкі, якая прадугледжана ўказам. Дамовы з УКБ заключаць пасля зацвярджэння зменаў ва Указ № 430, якія ўжо рыхтуюцца (напрыклад, уносіцца прапанова аб льготным крэдытаванні). Кошты даплат вызначыць пасля завяршэння будаўніцтва (на падставе фактычнага кошту затрат на дабудову жылой часткі, а не аб’екта ў цэлым). А таксама пасля рэалізацыі маёмасці «Тамбаза», які прызнаны банкрутам, здзейсніць людзям выплаты, эквівалентныя страхавым, якія яны не атрымалі. «У парадку трэцяй чаргі» (а не ў шэрагу апошніх, як прадугледжвалася раней) пасля задавальнення патрабаванняў крэдытораў у дзвюх першых чэргах.

— Няма канкрэтных сумаў. Трэба, каб у нас быў прадмет дамовы. Каб мы ведалі, што, колькі і калі будзем плаціць, — патлумачыла патрабаванні Кацярына. — Нам хаця б ведаць, колькі адзін квадратны метр будзе каштаваць. І каб аддзялілі жылую частку ад камерцыйнай, каб мы плацілі толькі за свае кватэры.

— Дзяржаўныя органы як могуць дапамагчы?

— Праіндэксаваць, напрыклад, людзей. Даць льготны крэдыт. Даць растэрміноўкі. Мы патрабуем празрыстасці разліку квадратнага метра. Таму што цяпер канкрэтнай сумы, вызначанай, стабільнай, няма. Мы б хацелі атрымаць усё ж такі дамову, калі ўжо дабудуецца дом. Калі ўжо мы будзем ведаць, колькі дакладна мы павінны заплаціць, і калі ўжо будуць пабудаваны камерцыйныя плошчы і рэалізаваныя. Тады гэта будзе справядліва, каб вызначыць, колькі менавіта каштуе адзін квадратны метр жылой плошчы для нас.

— На што разлічваеце ў далейшым?

— Мы павінны ўсе кансалідавацца, быць салідарнымі адзін з адным. Таму што мы жывем у адной краіне. Усё-такі краіна — гэта народ, ён — рухаючая сіла. І мы павінны ўсе адзін аднаго абараняць. Кожны павінен разабрацца, што адбылося. І каб з ім у далейшым альбо з яго блізкімі, сваякамі такое не адбылося. Мы павінны падтрымліваць адзін аднаго, а не заплюшчваць вочы на тую несправядлівасць, якая адбываецца ў нашым горадзе, у нашай краіне. Усё-такі мы — беларусы, у нас сіні пашпарт, нам ёсць чым ганарыцца. І ўвогуле я спадзяюся, што ўсё такі наш народ прачнецца. Што мы адстаім сваю краіну і адстаім нашы дамы. Нашы дамы гэта як сімвал барацьбы.

Як адзначылі ўладальнікі акцый, варыянты, якія выпрацаваны чыноўнікамі, не ўключаюць гарантый захавання іх кватэраў. «Людзям трэба не дабудова абязлічанага “аб’екта”, людзям патрэбна гарантыя, што аплачаныя намі кватэры застануцца нашымі», — падкрэсліла Надзея. Людзі, адзначыла яна, давяралі дзяржаве, якая ўзаконіла спосаб будаўніцтва па ЖА з гарантыяй, што адна аплачаная жыллёвая аблігацыя гарантуе адзін квадратны метр жылля. І аплата поўнага метражу кватэры — гарантыя атрымання кватэры. Людзі па максімуму ўклалі свае зберажэнні ў будаўніцтва жылля альбо ўлезлі ў крэдыты. І цяпер большасць не мае фінансавай магчымасці знайсці дадаткова велізарныя сумы для фінансавання затрат УКБ у вельмі кароткія тэрміны.
Людзі нагадваюць, што палажэнне Указу № 430 па выплаце грамадзянам намінальнага кошту ЖА паручыцелямі і залогадавальнікамі («Інтэрфакт», «АльТэраБуд», «Эгал-Інвест» і інш.) не выканана.

— Калі дзяржава па факту не змагла забяспечыць выплату страхоўкі пры надыходзе страхавога выпадку, то чым вінаватыя людзі, якія і так з’яўляюцца пацярпелымі ў гэтай сітуацыі? — зазначае Надзея. — Чаму фінансавыя праблемы, створаныя забудоўшчыкам, усімі дружна перакідваюцца на пацярпелых? Дапусцім, УКБ — не дабрачынная арганізацыя, як прагучала з трыбуны на адной з сустрэч з прадстаўнікамі адміністрацыі, УКБ і іншых ведамстваў. Але чаму ігнаруюцца варыянты, якія шматразова прапаноўвалі пацярпелыя на неаднаразовых сустрэчах з чыноўнікамі? Праз гэта ўзнікае ўражанне, што фармальна здаць «аб’ект» важней, чым лёсы і так ужо спакутаваных людзей, калі разглядаемыя чыноўнікі спосабы дабудавацца не ўключаюць гарантыю захавання кватэраў? Чаму інтарэсы грамадзян аказваюцца на апошнім месцы? А самі грамадзяне, якія з’яўляюцца пацярпелымі, аказваюцца зусім фінансава не абароненымі дзяржавай і законам?

Ёсць маёмасць забудоўшчыка «Тамбаз». Чаму чыноўнікі не хочуць прыслухацца да прапановы пацярпелых здзейсніць страхавыя выплаты з гэтай маёмасці? Тым людзям, хто не атрымаў страхавыя, у рамках трэцяй чаргі. А потым дзяліць маёмасць, што засталася, сярод крэдытораў 4-й і 5-й чэргаў (у якіх знаходзяцца банкі і страхавыя кампаніі).

І яшчэ адно пытанне. Шмат людзей аказаліся наогул без жылля па віне забудоўшчыка, які не выканаў свае абавязацельствы. Людзі будаваліся за кошт укладання грошай ад продажу жылля горшай якасці, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы самастойна. Аднак Мінгарвыканкам ігнаруе прапановы прызнаць пацярпелых маючымі патрэбу («нуждающимися»), якія засталіся без жылля ў гэтай сітуацыі. І ініцыяваць адпаведныя праўкі ў Жыллёвы кодэкс. Нашы афіцыйныя звароты з такой прапановай не прывялі да «канструктыўнага вырашэння» гэтай праблемы.

«Мы не здаёмся»

Святлана, маці Кацярыны, нагадала, што старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак абяцаў, што калі будуць вядомы даплаты, ён індывідуальна будзе размаўляць з кожным. І не адмаўляў магчымасць льготных крэдытаў. Таму трымальнікі акцый збіраюцца цяпер дамагчыся такіх абмеркаванняў са сталічным кіраўніком.

— Вось у нас даплата атрымоўваецца больш 35 тысяч долараў, — сказала Святлана. — Гэта нерэальная для нас сума. Наогул нерэальная. Мы стаялі на чарзе больш 20 гадоў. Мы прадалі бацькоўскую кватэру, я ўсё жыццё збірала грошы. Ну што рабіць у нашай сітуацыі? У нас гэта адзіная кватэра. А тое, што мы ўпяцёх здымаем маленькую кватэрку, тое, што ў нас такія нязручнасці, гэта нікога не хвалюе.

— На што спадзеяцеся?

— Я не веру ў справядлівасць у гэтай краіне, я не веру ні ў якія законы, пакуль будзе Лукашэнка ва ўладзе. Я веру ў здаровы розум, толькі Бог нам можа дапамагчы. Я ведаю, што такое жыллёвыя аблігацыі, каштоўныя паперы. Я сама працую галоўным бухгалтарам. Усюды вакол крадуць. Страшэнна крадуць. Крадуць наёмныя дырэктары, таму што жывуць апошні дзень, напэўна, яны думаюць.

І калі б нас было не 80–90 чалавек, як тут на акцыі, а мільён, тады ўсё б змянілася. Тады б народ разумеў, што не мы для ўлады, а ўлада для народа. А пакуль гэта свядомасць у нас вельмі слабенькая. Мы ўсяго баімся, штосьці наракаем. Але я думаю, што мы прачнёмся. У нас прачнецца свядомасць, усё будзе.

— Будуць яшчэ акцыі?

— Канечне. Мы не здаёмся. Мы пойдзем да апошняга. Я наогул ніколі нічога не баюся. Я ж не маню, не забіваю нікога — чаму я павінна баяцца? Я адстойваю сваё права на жыццё. Таму што пад мостам я не ўмею жыць. У мяне ёсць маці, дзеці. Я дзяцей заўсёды выхоўвала ў справядлівасці, што ёсць гонар, годнасць. Таму я нічога не баюся.

Будзем яшчэ заклікаць міжнародную грамадскасць. Каб убачылі, якая тут у нас дэмакратыя, якая ў нас тут праўда. Што інвестыцыі сюды нельга ўкладаць. Таму што нас усіх падманваюць — і іх падмануць. Ну каб бачылі рэальную карціну ўсе.

— Ад чыноўнікаў чаго будзеце дамагацца?

— Я хачу, каб нашы патрабаванні былі выкананыя. Мы хочам, каб было перагледжана: даплаты — пасля будаўніцтва. І каб камерцыйную нерухомасць, якая пабудавана за нашы грошы, яны ўлічылі ў кошт нашых даплат. Каб не з’явілася яшчэ аднаго алігарха за нашы ж грошы. Таму што яны нам даліся потам і крывёю. Каб не атрымалася так, што яны будуць прадаваць паркінгі, гандлёвыя цэнтры. Мы будавалі, а хтосьці будзе мець грошы. Не ведаю, Сівак, Лукашэнка ці Рымашэўскі. А нам таксама трэба дзесьці жыць, а не пад мостам. Я не хачу быць бамжом. Я не хачу, каб мае дзеці былі бамжамі, каб мая маці была бамжом. І таму я буду змагацца да апошняга.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: