Будслаўскі касцёл трэба тэрмінова накрываць часовым дахам

Праз тыдзень пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай спецыялісты прыступілі да ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі.


«Калі Будслаўскі касцёл застанецца пад дажджом, як было ў выпадку з Нясвіжскім замкам, усё будзе дрэнна. Яго трэба тэрмінова накрываць. Цяпер ідзе размова пра часовы дах», — падкрэсліў на інтэрнэт-старонцы санктуарыя дырэктар прадпрыемства «Будрэканструкцыя» Генадзь Малашук у размове з Арцёмам Ткачуком, валанцёрам медыйнай групы пры архідыяцэзіяльнай камісіі ў справе аднаўлення святыні.

Паводле адмыслоўца, у Беларусі будзе праблематычна знайсці неабходныя матэрыялы для канструкцый даху касцёла. Можна замаўляць архангельскі ці сібірскі лес, але надзвычай дарагое транспартаванне, перадае «Радыё Свабода».

«Мы агледзелі ўсе канструкцыі яшчэ на мінулым тыдні. Трэба было вызначыцца адносна пагрозы абрушэння. Скляпенні ў парадку, аднак на купал падымацца нельга. Да канца траўня дамо папярэдняе заключэнне па ацэнцы агнявога ўздзеяння і рэкамендацыі. Потым праектантам спатрэбяцца 3–4 месяцы на падрыхтоўку дакументацыі. Як бачыце, усё будзе гатова пад восень, а там — дажджы, маразы», — сказаў Генадзь Малашук.

Паводле эксперта, ужо ёсць прапанова, як зрабіць часовы дах з мінімальнымі выдаткамі і найхутчэй па часе, бо сёлетняя вясна дастаткова халодная і дажджлівая, не выключана, што адзначыцца непрыемнымі сюрпрызамі і лета.

Таксама вызначаецца навуковы кіраўнік усіх работ. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Андрэй Карпук.

«Увогуле, у Будслаўскага храма ёсць свае праблемы, як у любога старога чалавека. Мноства “хвароб”, якія ўжо даўно і ніяк не лечацца. Напрыклад, за тры тыдні да пажару ксёндз Дзмітрый Дубовік звяртаўся да нас наконт даследавання правага нефа. Расколіны там зафіксаваныя яшчэ 30 гадоў таму», — паведаміў Генадзь Малашчук.

Паводле тэлеграм-канала «Адновім Будслаў разам!», на пашкоджаны пажарам храм неабыякавыя грамадзяне ўжо сабралі больш за 400 тысяч рублёў. Зрэшты, сродкаў патрабуецца нашмат больш. Пра матэрыяльную дапамогу з боку дзяржавы на гэты момант невядома — апроч заявы старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына пра тое, што «дзяржава не застанецца ўбаку».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: