«Будуць яшчэ падобныя аўдыёзапісы ўсплываць», — юрыст Алег Волчак

Усе кажуць, што разлом у самой сістэме следства і пракуратуры адбыўся. Павольна, але адбыўся. Ніхто не хоча несці нават ускосную адказнасць, не кажучы ўжо пра наўпроставую. Будуць яшчэ ўсплываць матэрыялы. Усе цяпер збіраюць кампрамат, каб пасля абяліць сябе, сказаць: «Я не быў датычны», перадае «Свабода» словы праваабаронцы Алега Волчака.
Алег Волчак

Алег Волчак

Інтэрнэт-выданне EUobserver 4 студзеня паведаміла, што Лукашэнка мог планаваць палітычныя забойствы ў Нямеччыне ў 2012 годзе. Ахвярамі павінны былі стаць Алег Алкаеў, Уладзімер Барадач, Вячаслаў Дудкін і Павал Шарамет.

У распараджэнні журналістаў EUobserver аказаўся 24-хвілінны ўрывак аўдыёзапісу ад красавіка 2012 года. Галасы на ім належаць, імаверна, Вадзіму Зайцаву (на той момант — старшыні КДБ Беларусі) і прадстаўнікам падраздзялення спецназу «Альфа». Аўдыёзапіс інтэрнэт-выданню перадаў былы супрацоўнік антытэрарыстычнага спецпадраздзялення «Алмаз» Ігар Макар.

Пракаментаваць з’яўленне аўдыёзапісу, а таксама расследаванне палітычных забойстваў і выкраданняў людзей у Беларусі «Голас Амерыкі» папрасіў юрыста, праваабаронцу, былога следчага Алега Волчака, які прадстаўляе інтарэсы сям’і экс-кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Захаранкі, зніклага ў траўні 1999 года.

— Як вы можаце пракаментаваць з’яўленне гэтага аўдыёзапісу?

— Для мяне гэта не навіна. Я яшчэ ў 2012 годзе гаварыў з Алегам Алкаевым, ён мне гаварыў па тэлефоне, што да яго прыстаўленая ахова і ёсць нейкія пагрозы. Мы тады падумалі — можа, гэта проста каб напалохаць яго ці яшчэ нешта. Але тады паліцыя сапраўды яго ахоўвала. А потым пра гэта ўсе забыліся. Я лічу, што інфармацыя, якая з’явілася ў EUobserver, вельмі сурʼёзная, і яе трэба следчым шляхам правяраць.

— Што гэта дадае да расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета?

— Я разумею, як цяжка цяпер будзе ўкраінскай паліцыі, я гэта бачу як былы следчы. Мяняецца кірунак расследавання. Справа фактычна рыхтуецца да суда, а атрымліваецца, што трэба нанова дапытваць людзей. Ці будуць супрацоўнічаць беларускія ўлады з украінскай пракуратурай па допыце ўсіх гэтых асобаў? Гэта пытанне. Мне здаецца, што не дадуць. Хоць цяпер, у час тэхналогіяў, ёсць іншыя спосабы збору інфармацыі. І мне здаецца, што будуць яшчэ падобныя аўдыёзапісы ўсплываць. Відавочна, што яны не проста так з’явіліся цяпер. Магчыма, сілавікі паміж сабой змагаюцца, каб не было калектыўнай адказнасці. Акрамя таго, вы зразумейце, што людзі да гэтага часу не супакоіліся, іх не атрымалася загнаць па дамах, яны выходзяць на вуліцы.

— Гэта значыць, гэтыя стужкі могуць быць нейкім сігналам?

— Так, гэта сігнал, і такія сігналы паступаюць ужо на працягу двух-трох месяцаў. Бачыце, і па забойстве Бандарэнкі ўсплылі прозвішчы датычных. Што ж тычыцца гэтага аўдыёзапісу, ён відавочна не пастановачны, гэта абсалютна натуральная гутарка. Але ўявіце ўзровень праслухоўвання, калі праслухоўваюць кабінет старшыні КДБ!

— Вы неаднойчы гаварылі, што без расследавання палітычных забойстваў і знікненняў рэфармаванне Беларусі немагчымае, і, напэўна, гэта як ніколі актуальна менавіта цяпер, падчас пратэстаў. Ці ёсць надзея на тое, што нераскрытае будзе раскрыта?

— Ужо і да мяне выступалі следчыя, якія збеглі за мяжу, і следчыя, якія звольніліся. Усе кажуць, што разлом у самой сістэме следства і пракуратуры адбыўся. Павольна, але адбыўся. Ніхто не хоча несці нават ускосную адказнасць, не кажучы ўжо пра наўпроставую. Будуць яшчэ ўсплываць матэрыялы. Як мне казаў стары опер яшчэ ў 90-я, любое забойства раскрываецца, трэба толькі час. Усе цяпер збіраюць кампрамат, каб пасля абяліць сябе, сказаць: «Я не быў датычны». Расследаванні будуць, тым больш, гэта ўжо прыняло міжнародны характар. Мы бачым, як актыўна штаб Ціханоўскай у гэтым плане працуе. Трыбунал ёсць, які вядзе маніторынг гэтых справаў. І не забудзьцеся пра чатыры гучныя забойствы апошніх дваццаці гадоў: Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадскі. Вялікае кола давядзецца расследаваць.

У 2001 годзе былыя следчыя Алег Случак і Зміцер Петрушкевіч, калі выехалі ў ЗША, расклалі ўсё па палічках — і следству толькі заставалася ўсталяваць усё гэта следчым шляхам: дапытаць міністраў, супрацоўнікаў спецслужбаў. Пасля гэтыя справы фактычна не вяліся. Следства было прыпыненае. Але ў 2019 годзе былы баец беларускага САХРу Юрый Гараўскі заявіў, што ён датычны да забойства Захаранкі, Ганчара, Красоўскага. Справу аднавілі, тры месяцы ішло расследаванне, але потым мы атрымалі адпіску — справу прыпынілі «ў сувязі з невысвятленнем асобаў, датычных да выкраданняў». Хоць незалежныя журналісты знайшлі гэтых людзей, пра якіх казаў Гараўскі. Усе яны працуюць у Беларусі, займаюць пэўныя пасады. Усе яны адмовіліся ад каментараў. І што самае цікавае — пракуратура, па нашых дадзеных, не звярталася ні ў Нямеччыну, ні ў Аўстрыю, каб Гараўскага дапыталі наконт яго заяваў.

— У гэтым годзе споўнілася 20 гадоў з моманту знікнення апэратара Дзмітрыя Завадскага.

— Так, і па гэтай справе таксама ўсё глуха. Усе справы прыпыненыя ў сувязі з тым, што асобы, якія маюць дачыненне да знікненняў, не ўстаноўленыя.

— Пасля выхаду стужкі «Нямецкай хвалі» аб палітычных забойствах у Беларусі, да вас прыходзілі з ператрусам. З чым ён быў звязаны?

— У 500 метрах ад майго дому быў знойдзены труп, і пасля гэтага да мяне адразу прыйшлі з ператрусам. Хоць больш ні ў каго ў раёне ператрус не праводзілі. Я думаю, мяне хацелі напалохаць, каб я не вёў грамадскае следства. Праз два дні знайшлі рэальнага забойцу, і ўсё спынілася, але прабачэнняў мне ніхто не прынёс.

— Калі вяртацца да таго, што адбываецца цяпер — як расследуюцца забойствы, якія адбыліся ўжо падчас пратэстаў? Забойства Тарайкоўскага, Бандарэнкі.

— Калі адбываецца забойства, справа павінна неадкладна ўзбуджацца, у крайнім выпадку тэрмін можа падаўжацца да трох месяцаў, калі ёсць сумневы. Але, як мы бачым, прайшло ўжо больш за тры месяцы, ніводнай справы не распачалі. І наогул незразумела — што яны расследуюць і як. Перад сваякамі ніхто не здае справаздачу, ім нічога не гавораць.

Беларускае грамадства моцна памянялася за гэтыя паўгода. Некаторыя сталі выходзіць на пратэсты толькі цяпер. Але развароту ў адваротны бок ужо не будзе: занадта шмат адбылося гвалту і беззаконня, мірыцца з гэтым ужо ніхто не захоча. Барацьба будзе працягнутая. Час старой эліты праходзіць. Усё можа скончыцца вясной ці восенню, але вярнуцца назад ужо дакладна не атрымаецца.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: