«Цёмныя гульні». Агучаны прысуды па справе аб дамоўных матчах. Сярод фігурантаў — вядомыя спартоўцы

Падведзена рыса пад чарговай крымінальнай справай у беларускім футболе.

Аляксей Казлоў: ад удзельніка Алімпіяды да двух гадоў калоніі

Колькі іх ужо было ў апошнія гады… Першая хваля дамоўных матчаў, ад якой здрыгануўся спартыўны байнэт. Гісторыя з хабарніцтвам кіраўніка судзейскага дэпартаменту БФФ Андрэя Жукава — яна каштавала яму пяці гадоў свабоды ды канфіскацыі маёмасці. Пацешны кейс шараговага клерка федэрацыі Юрыя Талкачова, які пагарэў на распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў і быў арыштаваны наўпрост на працоўным месцы…

Ніколі такога не было, і вось зноў. У панядзелак суд Маскоўскага раёна Мінска прыбіў другую хвалю дамоўных матчаў. Разбіральніцтва цягнулася чатыры месяцы, па справе праходзілі ў якасці абвінавачаных 20 чалавек, і кожны з іх атрымаў свой прысуд.

Усяго следчыя ўзялі ў абарот 16 паядынкаў. Яны адбыліся ў 2017–2018 гадах у розных футбольных дывізіёнах чэмпіянату Беларусі. Цікава, што адзін з матчаў махляры арганізавалі таксама ў валейболе, але гэта, бадай, нязначная падрабязнасць.

Значна іншае — у крымінальную вытворчасць аператыўнікі ўзялі не нейкіх там бесталковых «ноунэймаў». У справе фігуравалі шматлікія вядомыя гульцы. Віталь Ланько і Аляксей Сучкоў некалі выступалі за нацыянальную зборную краіны. Сяргей Цвяцінскі, Міхаіл Гарбачоў, Арцём Цяплоў, Віктар Баравіцкі ў розны час адзначыліся ў маладзёжнай. Асобны выпадак — Аляксей Казлоў. Той нават удзельнічаў у Алімпіядзе, куды сенсацыйна трапілі беларускія футбалісты ў 2012-м.

Усе яны ў панядзелак сабраліся ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Мінулыя месяцы яны хадзілі туды як на працу, бо крымінальная справа складала мноства тамоў і патрабавала доўгага судовага разгляду. Абвінавачаным інкрымінавалі злачынствы, здзейсненыя паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 253 («подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спаборніцтваў»), 14 («замах на такі подкуп»), а таксама 209 («Махлярства»).

І вось фінал — вырак, зачытаны судом цягам паўгадзіны. Самае строгае пакаранне атрымаў згаданы вышэй Казлоў — два гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Беспрэцэдэнтны выпадак: упершыню за дамоўныя матчы ў Беларусі злачынца расплаціцца рэальным пазбаўленнем свабоды.

Лёс удзельніка Алімпіяды пагоршыў менавіта «махлярскі» артыкул. У адным з эпізодаў Казлоў узяў грошы за забеспячэнне патрэбнага выніку матча, але не перадаў іх уцягнутым у аферу гульцам. Пакаранне ж за махлярства суровае, і тыя самыя два гады — гэта ніжэйшая планка.

Баравіцкі і Ланько таксама будуць вымушаны пакінуць звыклы арэал пражывання. Першы прысуджаны да чатырох, другі — да трох гадоў абмежавання свабоды з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (папросту — на «хімію»).

Іншыя фігуранты атрымалі больш мяккія прысуды — ад абмежавання свабоды без «хіміі» (ад 1,5 да 4 гадоў) да папраўчых работ і буйных штрафаў.

Асобна трэба сказаць аб матывацыі ўдзельнікаў цёмных гульняў. Большасць прызнаецца ў рэдкіх каментарах, што станавіцца на коўзкую сцежку іх вымушае трывіяльнае безграшоўе. Ні ў якім разе не апраўдваючы прайдзісветаў, варта, аднак, адзначыць, што душой яны часта не крывяць. Міф пра казачныя заробкі спартоўцаў не бясконцы — і, як правіла, заканчваецца там, дзе цьмянее глянец мэйнстрыму. Тыя ж футбольныя клубы ніжэйшага саслоўя, тыя ж бюджэтныя валейбольныя ды баскетбольныя каманды, не ў стане плаціць добрыя зарплаты. Да таго ж кантрактныя абавязкі нярэдка не выконваюцца, грошай нестае, спонсары адварочваюцца, з’яўляюцца запазычанасці… У выніку гульцы застаюцца ні з чым, атрымліваючы якія-небудзь 500 рублёў на месяц. Што, натуральна, стварае ўрадлівую глебу для разнастайных махінацый.

Не мінае гэты лёс нават прадстаўнікоў самага прывілеяванага віду спорту — хакея. Акурат у гэтыя дні ў Мінску працягваецца яшчэ адзін судовы працэс — у цэнтры ўвагі чацвёра былых хакеістаў маладзечанскага «Дынама», якія восенню згулялі ў паддаўкі з «Магілёвам». Там таксама гучаць вядомыя імёны, ёсць нават экс-нападаючы хакейнай каманды кіраўніка краіны. Яны сведчаць, што да злачынства іх падштурхнула цяжкае фінансавае становішча. Нібыта некалькі месяцаў жыць прыходзілася на 150 рублёў на месяц.

Для даведкі

Дамоўны матч — гэта матч з загадзя вызначаным вынікам. Такая з’ява была ў спорце заўсёды, але раней для рэалізацыі падманнага сцэнару сапернікі дамаўляліся паміж сабою. Калі ж у індустрыі спорту з’явіліся букмекеры, двухбаковыя «мемарандумы» страцілі сэнс. Цяпер дастаткова адной з каманд прайграць гульню згодна з прыдуманай схемай — барыш прыносіць стаўка, зробленая на таталізатары пад гэты канкрэтны вынік.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: