Бунт снегавікоў, штурм Капітолію і «перагорнем старонку» — мінулы тыдзень у малюнках

Мастак Дэ Лёс узгадвае падзеі мінулага тыдня і дзеліцца ўласным поглядам на іх.


 

Новы год не пакідае традыцыі мінулага і працягвае здзіўляць беларусаў, піша «Белсат».

Бяспраўе снегавікоў

Жыхар Гомельскага раёну зляпіў у сваім двары снегавіка і напісаў на ім «Жыве Беларусь». Снегавік растаў. Але праз два дні прыйшоў участковы са здымкам яшчэ жывога снегавіка і склаў пратакол за пікет. Чым скончыцца гісторыя невядома, але міліцэйска-камунальны гвалт над снегавікамі ў краіне не спыняецца.

Беларусы, яднайцеся!

2021 год абвесцiлi годам народнага адзінства. Гэта зрабіў Аляксандр Лукашэнка ў навагоднім звароце. «Мы абавязкова створым Беларусь будучыні, і яна будзе лепш за цяперашнюю. Для гэтага трэба проста адправіць 2020-ы ў гісторыю», — сказаў ён. І зноў прапанаваў перагарнуць старонку. Карацей, «паняць і прасціць». Сама ж улада да еднасці з народам не зрабілі ані кроку.

Штурм Капітолію

6 студзеня Кангрэс ЗША меўся зацвердзіць вынікі галасавання электараў — перамогу Джоў Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах. Доналд Трамп «сінімі пальцамі» і ўзброенымі прыхільнікамі паспрабаваў захаваць уладу. Аднак выявілася, што ў ЗША працуе закон, а не гвалт ці злачынныя загады.

Кляпаем валюту

Калі біткойн растаптаў долар ЗША і дасягнуў гістарычнага максімуму, Аляксандр Лукашэнка станоўча адгукнуўся пра крыптавалюту. «Вось казалі, ведаеце, хочам пабудаваць фермы і майнінг развіваць — біткойн, але трэба каб танная была электраэнергія. Але пры 6 тысячах — цана за бітойн — кепска было. Але зараз жа 33 тысячы, праўда, за апошнія суткі там на 10 % упала, але ўсё роўна больш за 30 тысяч. Так пры любой электраэнергіі можна будаваць гэтыя фермы, як яны іх называюць, і кляпаць гэтую валюту. Так што гэтае пытанне ўжо вырашанае і электрычнасці — быць», — сказаў ён.

 

Яшчэ адно падвышэнне коштаў

Для «пустых» кватэраў, дзе ніхто не прапісаны, істотна падвысілі камуналку. Напрыклад, эканамічна абгрунтаваны тарыф на ацяпленне і гарачую ваду з 1 студзеня павысілі адразу на 16,3 %. Гэта драбяза ў вялікім спісе таго, што падаражэла з Новага году. І, зразумела, гэта не апошняе падаражэнне.

Беларусы, яднайцеся супраць снегу!

Мінгарвыканкам папрасіў бізнесменаў дапамагчы з уборкай снегу ў горадзе. «Мы заклікаем суб’екты гаспадарання не заставацца ў баку і актыўна ўключацца ва ўборку снегу на сваіх і замацаваных тэрыторыях. Толькі разам мы можам зрабіць горад чыстым і бяспечным», — сказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкаму Аляксандр Дараховіч.

Зварот выклікаў вялікія хваляванні ў інтэрнэце: а што, амапаўцы ў краіне ўжо скончыліся?



Цягнем Канстытуцыю за артыкулы

Аляксандр Лукашэнка гаворыць пра канстытуцыйную рэформу з 2016 года. І 10 студзеня ён назваў новыя тэрміны. Праект новай Канстытуцыі Беларусі, паводле яго, можа быць гатовы да канца 2021 года. Потым лёс праекту будуць вырашаць беларусы на рэферэндуме. Потым яшчэ трохі паабмяркоўваем. А там і яшчэ адзін прэзідэнцкі тэрмін скончыцца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: