Бус сілавікоў збіў на акцыі пешахода. Цяпер хлопцу пагражае да шасці гадоў за «хуліганку»

Падчас адной з акцый пратэсту ў Мінску ў раёне метро "Пушкінская" бус сілавікоў паехаў па сустрэчцы і на праезнай частцы знёс пешахода, які ў гэты момант замахнуўся і нешта кінуў у іншы мікрааўтобус з сілавікамі. Гэта ДТЗ закончылася крымінальнай справай для... пешахода.
ДТЗ адбылося 15 лістапада, каля 12.27 у Мінску на праспекце Пушкіна, каля дома № 49. У гэты час сілавікі разганялі пратэстоўцаў, якія спрабавалі сабрацца на традыцыйны нядзельны марш.

Відавочцы распавялі AUTO.TUT.BY, што спачатку на праезнай частцы была бойка: сілавікі хацелі кагосьці зацягнуць у бус, а чалавек супраціўляўся.

— А тут хлопец выбег на праезную частку, на той бок, што бліжэй да загса. Ён нешта кінуў у бок мікрааўтобуса, у які цягнулі людзей. У гэты момант па сустрэчцы з боку «Пушкінскай» ехаў яшчэ адзін сіні бус, пешаход яго нават не заўважыў. Машына правым бокам збіла яго. Мне нават здалося, што кіроўца зрабіў гэта наўмысна, — кажа адзін з відавочцаў.

На месцы, дзе збілі і затрымалі хлопца, засталіся яго красоўкі, аскепкі фары, гільзы ад куль

На месцы, дзе збілі і затрымалі хлопца, засталіся яго красоўкі, аскепкі фары, гільзы ад куль

На наступны дзень ГУУС Мінска паведаміла, што 34-гадовы мужчына, знаходзячыся на праезнай частцы, не выконваў ПДР, тым самым падвяргаў сябе і навакольных небяспецы. У выніку яго дзеянняў адбылося ДТЗ з пешаходам і мікрааўтобусам.

Хлопца адвезлі ў БХМД. Па факце ДТЗ пачалі праверку, высвятляюць прычыны і абставіны здарэння.

Затрыманым пешаходам аказаўся мінчанін Сцяпан, ён айцішнік. Аб тым, што адбылося, блізкія хлопца даведаліся вечарам таго ж дня ад дзяжурнага адваката, які аказваў яму юрыдычную дапамогу.

— Сцяпана прывезлі ў Фрунзенскае РУУС на тым жа бусіку. Бліжэй да 17.00 прыйшла дзяжурны адвакат, яна ўбачыла стан Сцяпана і запатрабавала тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу, — распавяла AUTO.TUT.BY Ксенія, дзяўчына затрыманага пешахода.

Хлопца адвезлі ў БХМД пад канвоем. Яго шпіталізавалі, але палату ахоўвалі, нікога з блізкіх унутр не пускалі, гаварыць па тэлефоне таксама не дазвалялі, толькі ўзялі перадачу.


Медыкі ўстанавілі, што ў Сцяпана траўмы некалькіх абласцей цела, ЧМТ. Спірту ў крыві не знайшлі. Пацыенту наклалі швы, шыю имабілізавалі каўняром.

— На трэці дзень Сцяпана з лякарні перавезлі на Акрэсціна. Яшчэ праз некалькі дзён этапавалі ў Жодзіна, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Лісты да яго даходзяць вельмі дрэнна, ды і тое не ўсе.

Па словах Ксеніі, у дачыненні да Сцяпана распачалі крымінальную справу па арт. 339 КК Беларусі — за хуліганства. Яму пагражае пакаранне да шасці гадоў пазбаўлення волі. Аднак падрабязнасці праверкі па факце ДТЗ і за «хуліганку» ёй невядомыя — адвакат знаходзіцца пад падпіскай пра неразгалошванне. Адзінае, што сказала абаронца пасля некалькіх візітаў у турму: хлопец знаходзіцца ў зносных умовах, меддапамога яму аказваецца па магчымасці, паволі ідзе на папраўку, але яшчэ носіць фіксавальны каўнер, маральны стан Сцяпана здавальняючы.

— Быццам бы Сцяпан пашкодзіў машыну сілавікоў, калі кідаў нейкія каменьчыкі або друз. Нават налічылі шкоду, але суму я не ведаю. Хоць мы некалькі разоў праглядалі відэа гэтага здарэння — так і не ўбачылі, што нейкія прадметы прыляцелі ў бусік, кідаў усяго раз. Нікога з блізкіх і знаёмых там не было, ён наогул ішоў па сваіх справах у тым раёне.

Па каментар па гэтай справе журналісты звярнуліся ў Следчы камітэт, як толькі ён будзе атрыманы, яго апублікуюць.

Блізкія Сцяпана шукаюць сведкаў здарэння, магчыма, у кагосьці яно зафіксавана на відэа. Звязацца з імі можна па электроннай пошце: leonec.t80@gmail.com.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: