Былога АМАПаўца затрымалі за ўдзел у «беспарадках»

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у СІЗА-1 па «пратэставым артыкуле» Крымінальнага кодэкса ўтрымліваецца 40-гадовы экс-супрацоўнік АМАПа Максім Клімовіч. Ён прыняў рашэнне звольніцца са службы яшчэ ў 2010 годзе — пасля падзей на выбарах. Афіцыйна сысці са службы яму ўдалося толькі ў 2012 годзе.

У пачатку лета гэтага года ён з'ехаў жыць у Польшчу, але вымушаны быў вярнуцца. Праз некалькі дзён пасля вяртання, 17 жніўня, яго затрымалі дома ў аграгарадку Хацежына. Ператрус праводзіўся па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), але па якім артыкуле яму выставілі абвінавачванне пакуль невядома.

Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа запісалі «пакаяльнае» відэа з былым супрацоўнікам АМАПа, дзе ён прызнаецца, што 9-11 жніўня мінулага года «знаходзіўся ў счэпцы з мэтай супрацьдзеяння супрацоўнікам правапарадку». Пры гэтым, прапагандысцкія тэлеграм-каналы прыпаднеслі інфармацыю пра яго затрыманне, як пра пераслед тых, хто звольніўся з дзяржслужбы ў знак пратэсту ў 2020 годзе: «Спаліў службовае пасведчанне і пайшоў на масавыя беспарадкі».

У Максіма дома жонка і трое дзяцей. Цяпер ён утрымліваецца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: